• Дэпартацыя – рэакцыя ўладаў на працу праваабаронцаў
  • 28.06.2011

Міжнародная назіральная місія камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі падсумавала вынікі сваёй працы. У здабытку праваабаронцаў – сотні зафіксаваных фактаў парушэньняў міжнародных абавязальніцтваў прадстаўнікамі ўладаў Беларусі, высылка прадстаўнікоў місіі з дзяржавы, рэакцыя на працу міжнароднай супольнасьці.

Міжнародная назіральная Місія была створаная 27 сьнежня 2010 года прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый краін прасторы АБСЭ й міжнародных грамадзянскіх сетак і арганізацый. Дзейнічае па даручэньні Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый краін прасторы АБСЭ й міжнародных грамадзянскіх сетак і арганізацый. За гэты час у Менску пабывалі 55 праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў з 15-ці дзяржаў-удзельніц АБСЭ. У асноўным з Украіны, Расіі, Грузіі, Армэніі.

Прадстаўнікі міжнароднай назіральнай місіі выявілі больш за пяцьсот фактаў парушэньняў міжнародных абавязальніцтваў у сфэры правоў чалавека, у тым ліку эпізодаў ціску й перасьледу праваабаронцаў, адвакатаў, журналістаў.

Адкрытасьць – галоўны прынцып працы праваабаронцаў, гаворыць прадстаўнік Міжнароднай назіральнай Місіі ў Беларусі Дзьмітрый Макараў. Матэрыялы аналітычных аглядаў накіроўваліся спэцыялізаваным міжнародным інстытута – спецдакладчыкам ААН, адмысловаму прадстаўніку па пытаньнях свабоды выказваньня меркаваньняў АБСЭ, у Парлямэнцкую асамблею Савета Эўропы, Эўрапарлямэнт, а таксама беларускім уладам. 

Дзьмітрый Макараў: Міжнародныя інстанцыі рэагавалі на гэта, уключэньнем матэрыялаў работы місіі ў свае ацэнкі сытуацыі, у свае прапановы. Улады Беларусі ніяк публічна не рэагавалі. Хіба што толькі дэпартацыяй прадстаўнікоў міжнароднай назіральнай місіі з краіны.

У сваёй працы Міжнародная назіральная місія сутыкнулася з сур’ёзнымі перашкодамі з боку органаў улады Беларусі. Мелі месца затрыманьні прадстаўнікоў місіі у судах, на кватэрах, дзе жылі праваабаронца, на прэс-канфэрэнцыях, а таксама былі высылкі з краіны праваабаронцаў і ўключэньне іх у сьпісы асобаў, чыё знаходжаньне на тэрыторыі дзяржавы непажаданае.

Дзьмітрый Макараў: Фокусам, асноўным упорам у працы Міжнароднай місіі былі прафэсійныя групы, якія зьведваюць найбольш ціск ва ўмовах Беларусі – журналісты, праваабаронцы, адвакаты. Гэта тыя людзі, якія мусяць мець магчымасьць у любых умовах  выконваць сваю прафэсійную дзейнасьць.

У ліку высланых з краіны праваабаронцаў і кіраўнік місіі Андрэй Юраў. Андрэй Юраў змог прысутнічаць на прэсавай канфэрэнцыі, дзякуючы сучасным тэхналёгіям – сувязь з ім падтрымлівалася праз скайп. Ён падкрэсьліў, што цяпер да сытуацыі ў Беларусі праяўляюць увагу ва ўсіх міжнародных структурах. Юраў зазначыў, што ў Беларусь інвэстары, як таго хочуць улады, прыйдуць толькі ў выпадку, калі тут будзе гарантаваная свабода прэсы, вяршэнства права і закону, будзе дадзеная свабода для дзейнасьці грамадзкіх арганізацый, што створыць умовы для грамадзянскага кантролю за дзеяньнямі ўладаў. Праваабаронца настроены аптымістычна і мяркуе, што ўжо гэтай восеньню сытуацыя зьменіцца і ён зможа наведаць Беларусь з візытам.

Пасьля закрыцьця офіса АБСЭ у Менску напрыканцы мінулага года міжнародная назіральная місія фактычна стала адзінай міжнароднай праваабарончай структурай, што працавала ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і адсочвала разьвіцьцё сытуацыі ў галіне выкананьня правоў чалавека.

Алег Гулак, кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта: Для нас гэта вялікая падтрымка: маральная, узмацненьне наша бясьпекі. Што вельмі важна – узмацненьне праваабарончай супольнасьці ў Беларусі. Бо вельмі многа праблем, падзей, рэпрэсій, пагроз, каб мы маглі гэта самастойна “пераварыць”. На жаль у нашай краіне многа праблем, але і ў сьвеце наша краіна не адзіная, дзе ёсьць крытычныя сытуацыі з правамі чалавека. І для нас, беларускіх праваабаронцаў, важна адчуваць сябе ў кантэксьце глябальных працэсаў.

Дзьмітрый Макараў, ацэньваючы дзеяньні ўладаў, калі разганялася мірная вулічная акцыя “маўклівага пратэсту”, заявіў, што ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі свабоды мірных сходаў міліцыя павінна ахоўваць усе мірныя сходы аднолькавым чынам (нават калі ёсьць падставы лічыць іх не санкцыяванымі), замест таго, каб разганяць іх або выкарыстоўваць супраць іх сілу.

Дзьмітрый Макараў: Мы расцэньваем дзеяньні міліцыя як непрапарцыйныя, неабгрунтаваныя. Людзей нельга затрымліваць за ўдзел у мірных, негвалтоўных акцыях, як бы крытычна да ўлады яны не былі настроеныя. Тым больш калі не выкрыкваюцца нейкія лёзунгі, але калі б гэтыя лёзунгі і мелі месца, пазыцыя міжнародных праваабаронцаў, заснаваная на стандартах, гаворыць – мірныя акцыі не мусяць разганяцца.

Асаблівую занепакоенасьць выклікаюць факты наўмыснага затрыманьня падчас гэтай вулічнай акцыі журналістаў.

Рэзюмуючы сваю працу, Дзьмітрый Макараў падкрэсьліў, што беларускія ўлады ігнаруюць не толькі рэкамэндацыі ўсіх міжнародных структур па нармалізацыі сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, але і абавязальніцтвы, якія мае дзяржава.

Бліжэйшым часам Міжнародная назіральная місія ўзмоцніць сваю працу ў міжнародным кірунку, а таксама будзе зроблены акцэнт на выкананьне права грамадзянаў на мірныя сходы.

Марыя Кароль