• Рэдакцыйная дыскусія (аўдыё)
  • Audio4.42 MB
  • 29.06.2011

Вітаю вас, шаноўныя сябры!

Літаральна заўтра апоўначы завяршаецца чарговы дыскусійны конкурс. Яшчэ ёсьць шанец прыслаць адказы на яго па электроннай пошце dopis@tut.by.
Для тых, хто яшчэ ня ведае ўмовы дыскусіі, у апошні раз паведамляю тэматычны абсяг конкурсу. Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку і трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Дарэчы, вашы ўспаміны і разважаньні могуць быць выказаны не ў адной, а ў некалькіх працах. Галоўнае – закранаць тэмы з розных галін жыцьця. Працы прагучаць у межах рубрыкі “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш цікавыя лісты будуць неўзабаве ўзнагароджаныя каштоўнымі прызамі.
Адзін са шматлікіх прэтэндэнтаў на ўзнагароду – допіс Бярнарда Пакульніцкага, нашага даўняга прыхільніка з гарадзкога пасёлка Гарадзея, што разьмешчана ў Нясьвіжскім раёне Менскай вобласьці. Наш слухач склаў даволі вялікую конкурсную працу. Яна немалая, цікавая, патрабуе шмат увагі, таму будзе прачытаная па кавалках у трох перадачах.
Першая частка разважаньняў дасьведчанага слухача прагучыць у сёньняшнім выпуску.

Паслухайма:
“Вось і прайшоў першы дзясятак гадоў ХХІ стагодзьдзя. Здаецца, адрэзак часу невялікі, але мы ўжо жывём у трэцім тысячагодзьдзі. Мне, як грамадзяніну Беларусі гэтае дзесяцігодзьдзе не прынесла радасьці і задавальненьня ад жыцьця ў незалежнай краіне. Тут яшчэ трэба нагадаць, што 2011-ы – год 20-цігадовага юбілею сувэрэнітэту Беларусі. За гэты адрэзак часу так і не адбылася мірная дэмакратычная трансфармацыя да лепшага жыцьця ў Беларусі. У гэтым дзесяцігодзьдзі зьявілася толькі нейкая зайдрасьць да суседзяў, якія таксама прайшлі шлях памерам у 20 гадоў і жыцьцё ў іх выйшла на сучасны ўзровень, адбыліся дэмакратычныя перамены. Трэба прызнаць, што за апошні дзясятак гадоў у Беларусі так і не павысіўся ўзровень нацыянальнай кансалідацыі і сьвядомасьці народа, няма сур’ёзных пачаткаў дзейнага і салідарнага грамадзтва. Адчуваецца нейкая прыкмета дэградацыі, якая выглядае сёньня як агульначалавечая прыстасаванасьць і самазахаваньне. Беларусы зноў падладкоўваюцца пад сытуацыю.

У гэтым дзесяцігодзьдзі імкліва пагаршалася жыцьцё звычайнага, стала відавочным, што не вырашаюцца праблемы нацыянальных меншасьцяў. Улады пачалі вырашаць усе праблемы з дручка і сілы, запалохваючы людзей. Пры шчырай дапамозе уладаў паглыбілася ізаляцыя краіны ад астатняга сьвету. Адсутнічае свабода слова, пачалі зьнікаць з ужытку элемэнтарныя правы грамадзян. Павялічылася эканамічная і палітычная залежнасьць ад Расеі, бо да такога становішча прывёў краіну пануючы на Беларусі прапасейскі дыктатарскі рэжым. Стварэньне Саюзнай дзяржавы, мытнага хаўрусу і яшчэ нейкіх сумнеўных арганізацый без удзелу народа, павольна набліжаюць краіну да страты незалежнасьці”.
Працяг меркаваньняў Бярнарда Пакульніцкага вы пачуеце праз тыдзень.
Я сардэчна ўдзячны аўтару за гэты ліст, а таксама іншым нашым слухачам, якія напісалі ў Беларускую рэдакцыю.

Шчыра запрашаю прысылаць новыя допісы.
Гэта можна зрабіць праз абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. З намі можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы адрас: dopis@tut.by.
Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.
Між іншым, на ёй выкладваюцца тэкставыя вэрсіі “Рэдакцыйнай дыскусіі”. Так што, калі вы не пасьпелі паслухаць згаданую перадачу, можаце прачытаць яе на радыйным сайце.

Шчыра запрашаю!
І кажу: бывайце! Да наступнай дыскусійнай серады!

Юрась Сьцяпанаў