• Вугоршчыны перадае Польшчы старшынства ў Эўразьвязе
  • 30.06.2011

Пачатак старшынства вугорцам удаўся ня вельмі. Паўгоду таму на вугорскі ўрад абрынулася крытыка за “Закон аб СМІ”, які, на думку Эўрапейскай камісіі, пагражала свабодзе слова. Пазьней Брусэль быў зьдзіўлены эўраскептычнымі выказваньнямі некаторых вугорскіх палітыкаў. Аднак фінал старшыняваньня пазытыўны.

Посьпехам зьяўляецца, хаця б, завяршэньне перамоваў аб далучэньні да ЭЗ Харватыі, кажа ў інтэрвію Польскаму радыё экспэрт брусэльскага Цэнтру эўрапейскай палітыкі Карына Стратуля.

К. Стратуля: З пункту гледжаньня палітыкі пашырэньня – гэта, бясспрэчна, вялікі посьпех. Калі казаць пра працу вугорскай адміністрацыі ў Брусэлі, то яна таксама была някепскай.

У першым паўгодзьдзі краіны ЭЗ змаглі дамовіцца пра працэдуру ацэнкі нацыянальных бюджэтаў. Гэта дазволіць пазьбягаць крызысаў у будучыні. Агулам было прынята больш за 100 пагадненьняў. Міністар замежных справаў Вугоршчыны Янаш Мартоні кажа, што яго краіна вельмі цяжка працавала, каб дасягнуць як мага лепшых вынікаў.

Я. Мартоні: Менавіта такім і быў наш падыход – мы імкнуліся браць пад увагу ўсе магчымыя сумневы й пытаньні ўсіх краін, мы стараліся аб’ядноўваць, будаваць кампрамісы, весьці спакойныя перамовы, каб шукаць вырашэньне. Яны можа й не заўсёды былі ідэальныя, але дазвалялі ісьці далей ў прыняцьці важных рашэньняў.

“Польшча задаволеная, што частку праблемаў вугорцам удалося вырашыць яшчэ ў гэтым паўгодзьдзі” – сказаў нашай радыёстанцыі міністар па эўрапейскіх справах Мікалай Даўгялевіч.

М. Даўгялевіч: Ім удалося вырашыць некалькі складаных заканадаўчых справаў, напрыклад, у галіне транспарту, сельскай гаспадаркі, у ахове навакольнага асяродзьдзя. Мы баяліся, што гэтыя пытаньні давядзецца вырашаць нам, але яны пасьпелі ўсё давесьці да канца. Гэта вельмі добра.

Нягледзячы на вялікія намаганьні, вугорцам не ўдалося пашырыць Шэнгенскую зону на Румынію й Балгарыю. Грамадзяне гэтых дзьвюх краінаў ЭЗ усё яшчэ ня могуць свабодна перамяшчацца ўнутры Эўразьвязу без пашпартных кантроляў.

Цягам вугорскага старшыняваньня ў эўрасупольнасьці краіны ЭЗ ня здолелі дамовіцца з Эўрапейскім парлямэнтам наконт шасьці рэформаў, якія б павялічылі фінансавую дысцыпліну ў Эўропе. Гэтае пытаньне давядзецца вырашаць палякам.

Вугоршчына закончыла 90% таго, што плянавала зрабіць цягам шасьці месяцаў. 10% іх працы будзе завяршаць Польшча. 

Паводле Мікалая Даўгялевіча, асноўнымі для “польскага паўгодзьдзя” ў ЭЗ стануць пытаньні эканомікі, Усходняе партнэрства, далейшае пашырэньне ЭЗ, эўрапейскі бюджэт, энэргетычныя пытаньні ды супольная палітыка бясьпекі й абароны.

Сярод краінаў, якія далучыліся да Эўразьвязу ў 2004 годзе, Польшча гэта чацьвёртая дзяржава, пасьля Славэніі, Чэхіі й Вугоршчыны, якая ўзначаліць працы Эўрапейскай Рады.

У Польшчы спадзяюцца, што гэта ўзмоцніць пазыцыю краіны на эўрапейскай арэне й замацуе яе імідж як сучаснай і дынамічнай краіны – “новага рухавіка Эўрапейскага Зьвязу”.

дг