• Эўропа чакае дэмакратычную Беларусь (фота)
  • 30.06.2011

У чацьвер у Варшаве адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім ды эўракамісарам па пытаньнях палітыкі добрасуседзтва Штэфанам Фюле. Заходнія палітыкі заявілі, што Эўропа чакае дэмакратычную Беларусь.

На сустрэчу ў Варшаву прыбыла 7 прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, якія на днях падпісалі дэклярацыю аб стварэньні сумеснай палітычнай плятформы: Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Стральцоў-Карвацкі, Андрэй Дзьмітрыеў, Віталі Рымашэўскі, Леў Марголін, Сяргей Калякін ды Ўладзімер Някляеў.

Беларускія ўдзельнікі прыехалі ў Варшаву, каб прадставіць сваю новую аб’яднаную плятформу й даведацца пра далейшыя крокі Брусэля ў дачыненьні Беларусі напярэдадні польскага старшынства ў ЭЗ.

Польскі бок хацеў паказаць, што ЭЗ і Польшча салідарызуюцца з высілкамі дэмакратычных сілаў у Беларусі й будуць патрабаваць ад афіцыйнага Менска вызваленьня палітычных зьняволеных.

Подчас прэсавай канфэрэнцыі польскі міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі заявіў, што Эўропа на баку беларускай грамадзянскай супольнасьці й будзе яе падтрымліваць.

Радаслаў Сікорскі: Эўропа гатовая падтрымаць Беларусь, якая пачне дэмакратызацыю. Аднак уступнай умовай дыялёгу зьяўляецца вызваленьне й рэабілітацыя палітычных вязьняў ды вязьняў сумленьня, а потым размовы пра поўную дэмакратызацыю Беларусі.

Эўрапейскі камісар па справах палітыкі пашырэньня й добрасуседзтва заявіў, што Эўропа гатовая дапамагчы Беларусі пры ўмове, што ўлады гэтай краіны будуць прытрымлівацца стандартаў правоў чалавека.

Штэфан Фюле: Беларусь знаходзіцца ў стане эканамічнага й фінансавага крызысу, але перад усім краіну агарнуў каштоўнасны крызыс. Але ёсьць выхад з гэтай сытуацыі – гэта пашанаваньне правоў чалавека, фундамэнтальных каштонасьцяў і міжнародных абавязкаў. Эўропа чакае дэмакратычную Беларусь.

Былы кандыдат у прэзыдэнты ды лідар руху „Гавары праўду” Ўладзімер Някляеў падзякаваў Польшчы й Эўропе за падтрымку апазыцыі ды заклікаў афіцыйны Менск пайсьці на перамовы.

Уладзімер Някляў: Мала вызваліць з турмы палітзьняволеных, трэба вызваліць з турмы Беларусь. Мы сёньня гаварылі пра тое, што беларускай уладзе ды Лукашэнку яшчэ ня позна пайсьці на дыялёг з Эўропай, каб застацца ў гісторыі не дыктатарам, а хаця б прыстойным чалавекам.

Паводле словаў Льва Марголіна, намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сёньняшнія перамовы Эўропы з Лукашэнкам немагчымыя без удзелу апазыцыі. Захад гэта разумее.

Леў Марголін: Размова ішла пра будучыя стасункі Эўразьвязу зь Беларусьсю. Пра тое, што Эўразьвяз бачыць свае восеньскія памылкі таксама ў тым, што былі спробы рабіць беларускую палітыку, абмінаючы беларускую апазыцыю. Зараз яны бачаць, што неабходна ўсе ініцыятывы ўзгадняць і з прадстаўнікамі апазыцыі. Гэта вельмі важна. Мы задаволеныя, бо мы бачым, што зараз ёсьць паразуменьне, разуменьне таго, што нельга размаўляць наўпрост з Лукашэнкам. Трэба, каб ён выканаў вельмі канкрэтныя й жорсткія ўмовы. Гэта датычыцца вызваленьня палітвязьняў ды ўвядзеньня некаторых дэмакратычных працэдураў. Толькі пасьля гэтага можна будзе зь ім размаўляць і толькі пакрокава.

Адзінства апазыцыі – гэта важны элемэнт у далейшым дыялёгу з Эўропай. Таму супольная плятформа, якую нядаўна падпісалі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі, была пазытыўна ўспрынята ў Варшаве. У сваю чаргу эўрапейскі камісар ды польскі міністар замежных справаў заявілі, што Эўропа чакае на Беларусь, на дэмакратычную Беларусь.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Фота прадастаўлены МЗС РП