• У Варшаве пачаў працу Беларускі прэс-клюб
  • 30.06.2011

У Варшаве пачаў працу Беларускі прэс-клюб. Гэта стала магчымым дзякуючы дапамозе польскіх калегаў, якія прадставілі беларускім журналістам памяшканьне для працы. Прэс-клюб павінен стаць месцам, дзе беларускія журналісты змогуць сустракацца з польскімі й замежнымі калегамі, каб спрыяць свабодзе слова й дэмакратызацыі Беларусі.

Задача Беларускага прэс-клюбу – дапамагаць беларускім журналістам, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы. Але ня толькі: паслугамі прэс-клюбу могуць карыстацца й журналісты, якія праездам альбо службова будуць у Варшаве.

Пакуль ідэя клюбу простая: раз у месяц, у апошні чацьвер месяца,  польскія журналісты змогуць сустрэцца зь беларускімі калегамі, каб даведвацца пра новыя падзеі ў Беларусі зь першых вуснаў. Паводле віцэ-дырэктара Польскага прэс-клюбу Яраслава Ўладарчыка, вельмі часта польскія журналісты пішуць свае матэрыялы пра Беларусь на падставе двух-трох інфармагенцтваў.

Я. Уладарчык: Яны ня маюць паняцьця, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. А тут будзе магчымасьць сустрэцца зь беларусамі, якія на ўласным досьведзе спазналі рэжым Лукашэнкі. Гэта дапаможа ня толькі беларускім, але й польскім і замежным журналістам лепш разумець Беларусь і спрыяць дэмакратызацыі. 

Старшыня Беларускага прэс-клюбу Юлія Слуцкая галоўнай мэтай новай арганізацыі называе падтрымку свабоды слова.

Ю. Слуцкая: Нават у Расеі, дзе паводле міжнародных арганізацый свабоды слова няма, такога прэс-клюбу не існуе. Заснаваньне Беларускага прэс-клюбу ў Варшаве – гэта вельмі сымбалічна: гэта геаграфічна й гістарычна на мяжы. Тут сёньня працуе шмат беларускіх журналістаў, якія вымушаныя для беларусаў працаваць з Польшчы. Мы хочам як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь і афіцыйна там зарэгістраваць прэс-клюб ды стаць чальцом міжнароднай сеткі прэс-клюбаў. Вельмі хочацца, каб Беларусь адпавядала гэтым стандартам.  

Сярод заснавальнікаў клюбу - выключна беларусы: вядомыя журналісты, рэдактары й выдаўцы незалежных беларусіх СМІ: Аляксандар Старыкевіч, Алесь Ліпай, Пётар Марцаў, Віктар Марціновіч і іншыя. Адзін з заснавальнікаў клюбу Зьміцер Новікаў падкрэсьлівае, што клюб стане месцам нефармальных сустрэч журналістаў.

З. Новікаў: Тут працуе вельмі вялікая група незалежных журналістаў. Па-за прафэсійнай працай трэба падтрымліваць паміж сабой кантакт. Клюб – гэта нефармальная ўстанова, дзе мы можам час ад часу сустракацца й вырашаць нейкія пытаньні. Я лічу гэта важным.

Дырэктар Польскага прэс-клюбу Марцін Лявіцкі кажа, што яго араганізацыя будзе ўсемагчымымі спосабамі дапамагаць беларускім калегам. Ён параўновае гэта з дапамогай палякам заходнеэўрапейскіх журналістаў у часы камунізму.

М. Лявіцкі: Адной з галоўных задачай прэс-клюбу зьяўляецца барацьба за свабоду слова й свабоду СМІ. Найлепшы сродак барацьбы – гэта нармальныя ўмовы працы для незалежных журналістаў. Паколькі ў самой Беларусі журналісты такіх умоваў ня маюць, то мы даем ім месца, дзе яны могуць працаваць. Па-другое, гэтым мы аддаем наш доўг, які Польшча атрымала ў 80-ых, калі ў Польшчы не было свабоды слова. У тыя часы, калі журналіст не працаваў для камуністаў, то ён увогуле ня мог займацца журналісцкай дзейнасьцю. Тады нашыя журналісты працавалі дзякуючы падтрымцы краін Заходняй Эўропы. А сёньня мы такім чынам можам падзякаваць за тую падтрымку, прымаючы ў нас беларусаў.

Беларускі прэс-клюб будзе цалкам незалежнай арганізацыяй. Гэта ані сэкцыя, ані філія Польскага прэс-клюбу. Цікава, што гэта першы ў сьвеце прэс-клюб, які вымушаны дзейнічаць у выгнаньні. Да гэтага гісторыя прэс-клюбаў ведала толькі адзін падобны прэцэндэнт.

Я. Уладарчык: Амэрыканскі замежны прэс-клюб быў створаны ў 40-ых гадах 20 ст. для замежных журналістаў, якія ўцяклі з Эўропы, баючыся ўлады Гітлера. Зь Нью-Ёрку яны інфармавалі амэрыканскую грамадзкую думку, а таксама эўрапейцаў, пра падзеі ў Эўропе. У часы гітлераўскай акупацыі свабоднымі былі толькі падпольныя СМІ, і гэта нагадвае сёньняшнюю Беларусь.

Першая сустрэча адбудзецца 28 ліпеня. Зь Менску ў Варшаву прыедуць заснавальнікі Беларускага прэс-клюбу. У сустрэчы зь імі прымуць удзел і заснавальнікі падпольнага прэс-цэнтру “Салідарнасьці”, які дзейнічаў у Польшчы у часы ПНР.

дг