• Мытны Зьвяз – новы СССР?
  • 01.07.2011

1-га ліпеня адменены мытны кантроль на ўнутраных межах дзяржаваў - краінаў Мытнага зьвязу. Масква зрабіла першы крок да эканамічнага ўзьяднаньня былой постсавецкай прасторы. У Расеі некаторыя палітыкі зноў загаварылі пра далучэньне Беларусі да Расеі. Мы паспрабавалі разабрацца, ці гэта сапраўдны сцэнар, ці мэдыйны крок.

Пасьля распаду Савецкага Саюза доўгі час ніводная краіна не была зацікаўлена ў інтэграцыі. Існуючы СНД экспэрты раз-пораз называлі “клюбам па разводзе” былых постсавецкіх рэспублік. У 2000-х гадах сытуацыя зьмянілася. Расея выйшла з новай інтэграцыйнай прапановай: Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Сёньня зроблены першы крок да гэтай супольнасьці – запрацаваў Мытны зьвяз паміж Беларусьсю, Расеяй ды Казахстанам.

Што цікава, пачатак працы гэтага ўтварэньня супаў зь цікавымі дэбатамі ў расейскай прэсе наконт адносінаў зь Беларусьсю ды афіцыйным кіраўніцтвам. Апошнім часам з боку расейскіх экспэртаў ды палітыкаў чуваць меркаваньне, што вырашэньнем эканамічных праблемаў афіцыйнага Менску стала б далучэньне да рублёвай зоны ці ўваход у склад Расеі на правах суб’екта фэдэрацыі.Як бачацца ў Маскве беларуска-расейскія адносіны ды іх далейшыя пэрспэктывы? Гэтае пытаньне мы задалі Андрэю Суздальцаву, палітолягу з Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве.

Андрэй Суздальцаў: Гэта вельмі вялікая тэма, але ёсьць некаторыя дамінуючыя погляды. Ніхто ня ставіць пад сумнеў беларускі сувэрэнітэт. Няма гэтага ані на палітычным узроўні, ані ў настроях грамадзтва. Ніякага ўваходжаньня Беларусі ў склад РФ не прадбачыцца. Гэта можна казаць на публіку, але цяжка ўявіць паглынаньне адной дзяржавы другой. Столькі ўзьнікне праблемаў, што немагчыма сабе ўявіць. У сваю чаргу амаль ня дзейнічае Саюзная дзяржава. Яна стала непатрэбнай ані Расеі, ані Беларусі. Апошняя хацела б у некаторай ступені захаваць нейкую перамоўную пляцоўку ў рамках Саюзнай дзяржавы, як нагоду, каб атрымаць рэсурсы ды энэрганосьбіты па ніжэйшых коштах у разьліку на саюзны статус. Для Расеі гэтая тэма зачынена.

Далучэньня да Расеі ня хочуць і ў Беларусі. На думку Юрыя Шаўцова, гэты крок ня вырашыў бы ніводнай беларускай праблемы.

Юры Шаўцоў: Таму што Расея – гэта сыравінная дзяржава. Там дамінуюць інтарэсы сыравінных карпарацый. Там, нягледзячы на змаганьні прэзыдэнта за мадэрнізацыю краіны ды спробы разьвіваць перапрацоўчыя галіны, вага сыравіннага сэктару павялічылася за апошнія гады. У аснове ж экономікі Беларусі буйныя перапрацоўчыя прадпрыемствы. У выпадку прыяднаньня да Расеі, Беларусь будзе пераўтворана ў нешта накшталт Смаленскай ці Бранскай абласьцей. Гэта значыць заняпад буйных прадпрыемстваў, шквал беспрацоўя ды іншых сацыяльных праблемаў. Вельмі моцны сацыяльна-палітычны конфлікт гарантаваны.

На думку аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, у гэтую складаную сытуацыю беларускія ўлады самі сябе загналі. На сёньняшні дзень у іх няма ніякай стратэгіі адносінаў ні з Захадам, ані з Усходам, яны дзейнічаюць паводле прынцыпу, дзе б перахапіць і пратрымацца. Але гэты рэсурс хутка можа скончыцца, мяркуе экспэрт.

Аляксандар Класкоўскі: Гэта ад безвыходнасьці, ад таго, што спалілі масты ў стасунках з Захадам, давялося ісьці на паклон да Масквы й прасіць грошы. Але гэтае прыніжэньне скончылася тым, што далі нейкія капейчыны, а ўмовы паставілі вельмі нязручныя ды фактычна невыканальныя для беларускага кіраўніцтва. Гэта прарвалася спачатку ў незадаволеных рэпліках афіцыйнага лідара, а потым быў прапагандысцкі залп. Беларускае тэлебачаньне ўдарыла па Крамлі: „Алігархі хочуць скупіць Беларусь? А чаго ж вы лезьлі ў гэтую пастку? Гэта сьведчыць пра адсутнасьць стратэгіі ды сытуатыўнасьць палітыкі, калі імкнуцца недзе перахапіць капейчыну ды адбіцца ад прэтэнзіяў на актывы. Зараз выбар будзе паміж кепскім і вельмі кепскім. Або па кавалках здавацца Маскве, або выпускаць палітвязьняў ды зноў размарожваць дачыненьні з Захадам.

Беларускія ўлады ўжо казалі пра тое, што яны гатовыя да аднаўленьня дыялёгу з Эўропай. Заходнія палітыкі на днях паўтарылі, што яны чакаюць Беларусь, але толькі дэмакратычную. Афіцыйны Менск надалей вагаецца: куды ісьці – на Захад, ці на Ўсход?

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч