• Ежы Бузэк: дэмакратыя стварае лепшыя ўмовы жыцьця людзей
  • 02.07.2011

Польшча пачала старшынства ў ЭЗ. Да канца 2011 году яна будзе адказваць за працы эўрапейскай супольнасьцьі. Польшча зьяўляецца адной з апошніх новадалучаных краінаў, якая атрымала ня толькі прывілей, але й адказнасьць за 27 эўрапейскіх краінаў.

Якім будзе гэтае старшынства? Якія абавязкі ўскладзеныя на Польшчу й чаго чакаюць ад Польшчы іншыя эўрапецы, ня толькі палітыкі й чыноўнікі, але й іншыя людзі? Сваімі меркаваньнямі й спадзяваньнямі падзяліўся старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк.

Ежы Бузэк: Чаканьні ад Польшчы цягам бліжэйшага паўгоду будуць вялікія, паколькі ў нас добрая характарыстыка ў ЭЗ. Нам, напрыклад, удалося без асаблівых праблем выйсьці з крызысу. Гаворыцца, што Польшча можа ўнесьці шмат новага ў працу Эўразьвязу, а гэта сёньня вельмі патрэбна ЭЗ. Насамрэч польскае старшынства пачалося ў даволі складаны пэрыяд для ЭЗ. І тым больш польскі энтузіязм і добрая вера ў будучае сёньня вельмі патрэбны Эўропе. 

Апошнія дзьве дэкады Польшча вучылася ў Эўропы... Ці эўрапейцы маглі б нечага навучыцца ў палякаў?

Ежы Бузэк: Вынікі эўрапейскага дасьледаваньня грамадзкай думкі паказваюць, што палякі сёньня зьяўляюцца найбольш аптымістычнай эўрапейскай нацыяй. Напэўна у нашай гісторыі гэтага яшчэ не было. Ну, можа ў часы караля Яна ІІІ Сабескага, але гэта было 300 гадоў таму. Вельмі важна, каб мы, каб Польшча падчас гэтага старшынства магла адпаведным чынам рэагаваць на ўсе „сюрпрызы”, якія могуць здарыцца ў гэты пэрыяд. Часам здараюцца непрадугледжаныя сытуацыі, а нават і пагрозы, на якія трэба ўмець апэратыўна адказаць. Трэба быць падрыхтаваным да ўсяго. Да нас прыедуць дзясяткі тысячаў гасьцей з за мяжы: прыедуць важныя палітыкі, але прыедуць і звычайныя турысты, якія захочуць паглядзець, як выглядае Польшча. Добрая падрыхтоўка вельмі важная, як і эўрапейскія прапановы. У нас ёсьць канкрэтныя прапановы, якім чынам вывесьці Эўропу з крызысу дзякуючы супольнаму рынку ці бюджэту.

Што канкрэтна Польшча можа запрапанаваць Эўропе? Над якімі пытаньнямі неабходна сканцэнтраваць працу?

Ежы Бузэк: У нас ёсьць прапановы па энэргетычнай бясьпецы. Магчыма, што дамоўленасьці, якія ўдасца дасягнуць цягам паўгоду, будуць карыснымі з пункту гледжаньня забесьпячэньня газам Эўропы й Польшчы. Акрамя таго, ахова зьнешніх межаў, ахова спажыўцоў ці абаронная бясьпека вельмі важныя для кожнага грамадзяніна. І яшчэ пытаньне пашырэньня ЭЗ і супраца зь іншымі рэгіёнамі. Ёсьць Харватыя, ёсьць Украіна, ёсьць краіны Паўночнай Афрыкі.

Паасобныя краіны ЭЗ патрабуюць вяртаньня кантролю на ўнутраных межах ЭЗ. Ці гэта не прывядзе да паўторнай самаізаляцыі?

Ежы Бузэк: Мы ня можам зачыняць дзьверы для іншых, бо гэта аказала б нэгатыўны ўплыў на ўвесь Эўразьвяз. На эўрапейскім кантынэнце ў нас сумны гістарычны досьвед, калі  ў першай палове XX стагодзьдзя мы ізаляваліся - гэта прывяло да трагедыі. Таму такіх сытуацыяў неабходна пазьбягаць.

Тым ня менш, адпаведныя эўрапейскія структуры працуюць над прапановамі зьмен у Шэнгенскай дамове.

Ежы Бузэк: Неабходна вырашыць пытаньне далейшай дзейнасьці Шэнгенскай зоны. З аднаго боку вельмі хочацца захаваць межы адчыненымі, а зь іншага боку неабходна вырашыць пытаньне, якім чынам кантраляваць масавы наплыў імігрантаў і іх перамяшчэньне паміж краінамі ЭЗ, а гэта дзясяткі тысяч людзей, якія хочуць трапіць у Эўропу. Трэба знайсьці адказ, як узмоцніць зьнешнія межы ЭЗ і адначасова зрабіць так, каб нашыя ўнутраныя межы засталіся адчыненымі для эўрапейцаў. Мы прызвычаіліся й хочам перамяшчацца па Эўропе без пашпартоў, і для гэтага неабходна падрыхтаваць адпаведныя юрыдычныя акты.

Несуменна, адным зь вядучых прыярытэтаў польскага старшынства будзе супраца з краінамі з-за ўсходняй мяжы. Якім чынам ЭЗ пад польскім старшынствам бачыць далейшую супрацу, напрыклад, зь Беларусьсю?

Ежы Бузэк: Нашае суседзтва цяпер будзе грунтавацца на новых прынцыпах. Вось адзін з гэтых прынцыпаў: як мага больш пераменаў у краіне, накіруйце сваю сытэму ў напрамку дэмакратычных пераменаў. Увядзіце рынкавую эканоміку, свабодны гандаль, сапраўдную судовую сыстэму, свабодныя СМІ, поўную свабоду сходаў, і тады Эўразьвяз можа вам запрапанаваць вельмі шмат. А гэта й лібэралізацыя візавай палітыкі, і эканамічная дапамога. Але ўсё паводле формулы "нешта за нешта". Гэта добры спосаб, каб схіліць краіну да прыняцьця сыстэмы, карыснай у першую чаргу для грамадзянаў. Дэмакратыя ў доўгатэрміновай пэрспэктыве прыносіць дабрабыт, стварае лепшыя ўмовы жыцьця людзям.

У Польшчы шмат выклікаў. Краінам, якія кіравалі працамі ЭЗ перад ёй, не ўдалося рэалізаваць усіх плянаў. Ці здолее Польшча выканаць усе спадзяваньні эўрапейцаў?

Ежы Бузэк: У Польшчы шмат складаных заданьняў і яшчэ больш чаканьняў. Усіх чаканьняў напэўна ня ўдасца рэалізаваць, але я ўпэўнены, што мнгія можна будзе выканаць.

Карaліна Русіновіч