• Польскае старшынстваа ў ЭЗ: беларускія чаканьні.
  • Audio5.64 MB
  • 03.07.2011

Нядаўна мы распавядалі вам пра інагурацыю Польшчы ў якасьці старшыні ЭЗ. Сёньня мы пацікавіліся ў беларускіх палітыкаў ды экспэртаў, ці ў Менску ёсьць нейкія чаканьні, зьвязаныя з тым, што суседняя краіна ўзначаліць Эўразьвяз?

1-га ліпеня апоўначы Варшава афіцыйны ўзяла на сябе абавязкі краіны-старшыні ў Эўрапейскай радзе, галоўным кіруючым воргане Эўрапейскага Зьвязу. Гэтае старшынства азначае, што цягам бліжэйшых шасьці месяцаў Варшава будзе арганізоўваць працу Эўрапейскай рады, вызначаць парадак дня ды выпрацоўваць агульную пазыцыю краінаў ЭЗ па розных пытаньнях унутранай ды зьнешняй палітыкі.

Напярэдадні свайго старшынства Варшава вуснамі свайго міністра замежных справаў выслала чарговы сыгнал беларускаму грамадзтву ды беларускім уладам. З высокіх трыбунаў прагучалі словы пра тое, што Эўропа чакае дэмакратычную Беларусь. Што канкрэтна Польшча можа зрабіць для Беларусі цягам паўгады?
На думку палітоляга Аляксандра Лагвінца, гэта азначае ўключэньне беларускага пытаньня ў эўрапейскі парадак дня ды падтрымка беларускіх грамадзянскіх ініцыятываў.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч мяркуе, што старшынства Польшчы спрычыніцца да таго, што Эўразьвяз пачне займаць больш актыўную пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі.

Паводле палітоляга Валера Карбалевіча, у Беларусі ад польскага старшынства чакаюць, што больш увагі будзе ўдзяляцца беларускаму пытаньню ў ЭЗ.

Інтарэс да польскага старшынства выказваюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці ды дэмакратычныя палітыкі ў Беларусі. У сваю чаргу ўлады працягваюць палітыку рэпрэсіяў. Разам з тым, на прыкладзе працэса Анджэя Пачобута, мы бачым, што афіцыйны Менск спрабуе весьці паціху перамовы. Гэткае меркаваньне выказаў палітоляг Андрэй Фёдараў. Іншы палітоляг Валер Карбалевіч таксама перакананы, што Лукашэнка спрабуе весьці закулісны торг. Нічога з гэтага ня выйдзе, кажа Алесь Міхалевіч.

Польшча - ня першая цэнтральнаэўрапейкая краіна, якая старшынствуе ў ЭЗ. Дагэтуль гэтыя абавязкі выконвалі чэхі ды вугорцы. Гледзячы на вопыт Прагі ды Будапешту, ці можна сказаць, што спадзяваньні беларусаў што да росту ўвагі з боку ЭЗ абгрунтаваныя? У гэта перакананы палітоляг Аляксандар Лагвінец.

У параўнаньні з сытуацыяй 3-4 гадовай даўніны сытуацыя зьмянілася на лепшае - Эўразьвяз дакладан цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі. І гэтае зацікаўленьне яшчэ больш узрасьце цягам бліжэйшых 6 месяцаў. Прынамсі гэта абяцаюць палякі, якія будуць кіраваць працамі Эўрапейскага Зьвязу ў гэты пэрыяд.

Падрытаваў Юры Ліхтаровіч

Поўная вэрсія матэрыялу – у далучаным гукавым файле