• ПАМІЖ РАДКОЎ ПАХЛОПАЙ
  • 02.07.2011

Рускамоўны тэлеканал Эўраньюс у пятніцу з ранку рэгулярна паўтараў інфармацыю пра пачатак старшынства Польшчы ў Эўразьвязе. Агучваліся мэты дзейнасьці й сярод іх актывізацыя праграмы Усходняе партнэрства. Польскія палітыкі плануюць правесьці саміт прадстаўнікоў усіх чальцоў праграмы, уключаючы й Беларусь.

Цікава, хто паедзе на гэты саміт ад Беларусі: ці тыя, хто сёньня кіруе дзяржавай, ці палітычныя вязьні, якія зараз сядзяць у турме. Такі народны сродак масавай інфармацыі як сарафаннае радыё паведаміў, што Лукашэнка, загнаны ў кут, а дакладней у эканамічную яму, да 3 ліпеня памілуе некаторых палітвязьняў, каб “выцыганіць” з МВФ ці эўрапейцаў крэдыты.

А покуль, па старой традыцыі, у сераду, паслугачы дыктатара накінуліся на людзей, якія выйшлі на чарговую рэвалюцыю маўклівых паплечнікаў. Усе незалежныя сайты пішуць пра супрацьстаяньне злачынцаў у цывільнай вопратцы з мірнымі жыхарамі. Зноў, як і тыдзень таму, жорстка зьбівалі журналістаў. Сотні арыштаваных. Як зазначае сайт Нашай Нівы, асабліва масавымі атрымаліся акцыі ў Горадні й Берасьці. Там выйшла да 1000 чалавек. Але вельмі важна й тое, што пабольшала пратэстуючых у маленькіх гарадках.

Напярэдадні рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі міліцэйскі чынуша Яўсееў паведаміў журналістам, што апладысмэнты ў сьвяточныя дні дазволены па адрасе ветэранаў і вайскоўцаў.

На гэта тут жа дасьціпны народ адрэагаваў анэкдотам і яго прывяла на сайце Наша Ніва:

-- Пахлопай – хрыпеў Яўсееў, падавіўшыся сьвяточным пяльменем.

-- Э, не! Сёньня толькі ветэранам і вайскоўцам. – адказала цешча.

Агенты спэцслужбаў у цывільным ад душі пахлопалі па тварах і целах рэвалюцыянераў. “Камсамольская праўда ў Беларусі” за пятніцу апісвае затрыманьні мірных грамадзянаў у тым ліку і журналістаў і акцэнтуе ўвагу на тое, што людзей хапалі нейкія нелюдзі са злымі тварамі. Яны былі апранутыя ў цывільнае. Побач не было ніводнага міліцыянта ў форме. Хапуншчыкі не прадстаўляліся, кідалі людзей у мікрааўтобусы без нумароў і адрозьніць іх ад бандытаў было абсалютна немагчыма.

Акрамя прымітыўнага зьбіцьця ўладатрымальнікі зладзілі альтэрнатыўную контррэвалюцыю. На ўсіх плошчах, дзе рэвалюцыянеры меркавалі выйсьці да маўкліва ладзіць апладысмэнты, чыноўнікі зладзілі гучныя канцэрты й на іх ніхто з сагнаных не апладзіраваў сьпевакам і стрыпцізёршам з БРСМэму. “Народная воля” за пятніцу піша, што калі праўладная сьпявачка на Кастрычніцкай плошчы спрабавала завесьці публіку й кінула заклік “пахлопаем” то сагнаная па разнарадцы моладзь гучна зарагатала, але апладзіраваць ніхто ня стаў.

30 чэрвеня 1-ы расейскі тэлеканал паказаў сюжэт пра рэпрэсіі спэцслужбаў супраць дэманстрантаў і даў інтэрвію з апэратарам інфармагенцтва БЕЛАПАН Сямашкам, якога жорстка зьбілі, калі той здымаў акцыю. Яго білі па нырках, па твары, аб чым сьведчыла кроў на твары.

Яшчэ адна вельмі цікавая падзея адбылася на гэтым тыдні. 28 чэрвеня ў Палацы Рэспублікі ўладар выпускнікоў навучальных устаноў зладзіў баль. Тэлеканал АНТ паказаў фрагмэнты з балю – выступ дыктатара перад выпускнікамі, дзе ён заклікаў маладых быць незалежнымі, ляцець на крылах мары. А вось выступ актора ў вобразе Максіма Багдановіча не паказалі. Толькі некалькі сэкунд яго аблічча. А вось па 1-м нацыянальным тэлеканале актор у абліччы Багдановіча заклікаў да клятвы быць сумленнымі й прынцыповымі, сьціплымі, настойлівымі, дабрымі й вернымі, мужнымі й рашучымі. Але самыя важныя заклікі да клятвы ад Багдановіча прэзыдэнцкія тэлеканалы не паказалі.

Вось як апісвае фрагмэнт гэтага балю выпускнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўнівэрсытэта Антон Мартыненка ў інтэрнэт часопісе “naviny.by”:

Да нас зьвярнуўся актор у вобразе Максіма Багдановіча й спытаў, ці клянёмся мы стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Нас ніхто не папярэджваў як адказваць і паклялося толькі пару дзясяткаў выпускнікоў з 270 запрошаных. Яшчэ Багдановіч спытаў, ці клянёмся мы паважаць і любіць свайго прэзыдэнта? Што адказалі выпускнікі хлопец не напісаў.

http://www.naviny.by/rubrics/celebrities/2011/06/29/ic_articles_121_174206/

Калі вы зойдзеце на сайт Нашай Нівы, то зьверху ўбачыце сказы, якія зьмяняюць адно аднаго: “Он знает, что делать. Задай вопрос Некляеву каждый четверг с 15 до 16” Усе словы – па-руску. Сучасны Багдановіч па прозьвішчу Някляеў вышэй паэта. Ён стаў палітыкам.

Тэлеканал Эўраньюс некалькі дзён паказваў рэпартажы зь Беларусі. Эўрапейцы распавядалі пра намер пастаўшчыкоў электраэнергіі з Расіі ў Беларусь адключыць электрычнасьць за няўплату, потым быў аповед пра рэпрэсіі супраць удзельнікаў рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі. А тэлеканал НТВ з Масквы, якім валодае Газпром, паказаў чарговую сэрыю пра крах лукашэнкаўскага сацыялізму.

28 чэрвеня пабачыў сьвет фільм на тэлеканале НТВ «Беларускі цуд», ён выйшаў у рамках перадачы «ЧП. Расьследаваньне». Тамсама раней выходзіў славуты «Хросны бацька». У інтэрнэце ўжо зьявілася стужка.

У «Беларускім цудзе» аўтары абяцалі разьвянчаць міт пра моцную беларускую эканоміку. У выніку аўтары прапанавалі Лукашэнку прадаць буйныя прадпрыемствы, увесьці расейскі рубель, а таксама «сысьці пад крыло да Расеі». Толькі ў такім выпадку магчымы выхад з крызісу, упэўненыя яны.

Уладзімер Падгол, Менск