• Рэдакцыйная пошта
  • 03.07.2011

Сардэчныя прывітаньні ўсім прыхільнікам Польскага радыё для замежжа!

Шчыра дзякую слухачам, якія адгукнуліся на нашыя праграмы ў апошнія тыдні. Уся карэспандэнцыя, што прыйшла: водгукі на перадачы, конкурсныя працы, справаздачы аб прыёме, адказы на анкеты, – вельмі цікавыя. Паступова я буду агучваць гэтыя матэрыялы.

Алесь Шустоўскі з Барысава напісаў у лісьце: “На маім радыёпрымачы чутнасьць выдатная”. Трэба дадаць, што наш даўні слухач ловіць польскія праграмы на апараце “Selena B-215”. Гэта, як адзначае спадар Шустоўскі, экспартны варыянт савецкага прыёмніка “Океан”.

Наш прыхільнік таксама паведаміў, што яшчэ месяц таму атрымаў ад мяне розныя “праклямацыі”. Відаць, слухач меў на ўвазе шэраг друкаваных матэрыялаў, якія я адпраўляў яму ды іншым нашым сябрам.

Барысаўчанін просіць, каб я прыслаў каляндарыкі на бягучы год. І пры нагодзе сам жа спадар Шустоўскі заўважыў, што наша рэдакцыя не выпускае такую прадукцыю. Так, сапраўды ў нас анічога падобнага ніколі не было. Бюджэт радыё дастаткова абмежаваны. Няма магчымасьці выпускаць і рассылаць каляндарыкі.

Тое ж самае тычыцца конкурсаў. Зараз гэтыя радыёгульні не фінансуюцца са сродкаў польскага замежнага вяшчаньня. Таму прыходзіцца шукаць грошы на такога роду мерапрыемствы.

Пакуль маем магчымасьць парадаваць нашых пераможцаў па выніках дыскусійнага абмеркаваньня. Пра самі рэзультаты будзе вядома ня так хутка. Трэба грунтоўна прааналізаваць працы, высьветліць якія зь іх набылі найбольшую колькасьць балаў. Абвяшчэньня вынікаў прыйдзецца пачакаць мінімум пару-тройку тыдняў.

А вось рэзультаты самага кароткага конкурсу – адбору на двухтыднёвую паездку ў Кашубскі край – ужо вядомыя.

Уласна кажучы, пераможцаў няма. Але ўсё ж вынік маем. Наш прыхільнік з Баранавіч Міхаіл Кобрын атрымаў магчымасьць на ільготных умовах удзельнічаць у працы летніка моладзевага культурнага абмену. У першай палове жніўня слухач паедзе ў Кашубскі край. Споўніцца мара нашага сябра пра візыт у гэтыя мясьціны. 

Зараз традыцыйна я разгледжу рапарты аб прыёме. Гэтым разам аналіз чутнасьці будзе тычыцца заходніх рэгіёнаў Беларусі. Там нас пастаянна слухаюць  берасьцеяц Алег Панько, кобрынец Сяргей Магонаў, лідчанін Аляксандар Ендза й жыхар Пружанскага раёна Мікалай Волчык.

Апошні актыўна прымаў нашы перадачы цягам першых трох тыдняў чэрвеня. На ўсіх кароткахвалевых частотах чутнасьць добрая ці выдатная. Праўда, толькі адзін раз прыём быў ідэальны, на ўсё “пяцёркі” паводле SINPO. Гэта здарылася 13 чэрвеня з 16.30 да 17.00 UTC на частаце 11760 кілягерц.

18 чэрвеня лідчанін Аляксандар Ендза слухаў нас двойчы: з 13.30 да 14.30 UTC ды з 16.30 да 17.00 UTC. Першая перадача ішла на частаце 11955 кілягерц, другая – на 11760 кГц. У абодвух выпадках – гэта дыяпазон 25 мэтраў.

Першая перадача прымалася даволі добра. Сыгнал быў моцным. Назіраліся невялікія заміраньні й шум. Падобныя ўмовы заўважаліся й падчас вечаровай праграмы.

Кобрынец Сяргей Магонаў прыслаў трынаццаць справаздач. Ён піша: “Дасылаю некалькі рапартаў аб прыёме, зь якіх бачна, што чуваць вас па-ранейшаму добра”. У асноўным наш даўні сябра слухае Варшаву цягам гадзіны на частаце 11955 кілягерц. У палове выпадкаў чутнасьць тут выглядае наступным чынам: 54444. Зрэдчас інтэрфэрэнцыя зьмяншаецца. Але здараецца і так, што якасьць прыёму паніжаецца.

Паўгадзінная перадача на частаце 11760 кГц ідзе таксама няблага. 11 чэрвеня яна прымалася на 54454. 22 чэрвеня якасьць складала: 55444.

Берасьцеяц Алег Панько напісаў некалькі справаздач пра чутнасьць на частаце 1386 кілягерц. Радыёаматар падышоў да справы дастаткова комплексна: у ён маніторыў блёкі праграм варшаўскага й тэгеранскага замежнага вяшчаньня, каб прадэманстраваць праходжаньне сыгналу ў розныя вечаровыя гадзіны. Спачатку спадар Панько слухаў польскамоўныя выпускі нашага радыё, потым – беларускамоўныя, затым – расейскамоўныя перадачы “Голасу Іслямскай Рэспублікі Іран”. Агулам па выніках маніторынгу, наш сярэднехвалевы эфір выглядае кепска. Часам бывае слабы сыгнал, ідзе шмат шумоў, назіраюцца заміраньні.

Дарэчы, шаноўныя радыёаматары! Калі вы слухаеце Польскую рэдакцыю варшаўскага замежнага вяшчаньня, то можаце высылаць рапарты й лісты ў гэтую службу праз абанэнцкую скрынку ў Віцебску. Я хутка перашлю вашу карэспандэнцыю. 

Зараз на чарзе “Пара слоў для DX-ісістаў”.

Я працягваю распавядаць пра вайну мясцовага насельнітва з трансьляцыйным цэнтрам Ватыканскага радыё. Нагадваю, што ён знаходзіцца ў Санта-Марыя-ды-Галерыі, у паўночна-заходніх ваколіцах Рыма.

Пасьля вынаходніцтва радыёсувязі шмат дзесяцігодзьдзяў Італія ня мела нормаў па бясьпечным выкарыстаньні перадатчыкаў. Ватыкан нашмат раней стаў прытрымлівацца даволі строгіх стандартаў у гэтай галіне. Яны ў цэлым супадаюць з нормамі Эўрапейскага зьвяза. Спазьніўшыся, Італія ўвяла надзвычай жорсткія правілы. Яе нормы больш нізкія, чым ватыканскія ці эўразьвязаўскія. Апостальскі пасад пайшоў насустрач патрабаваньням італьянскай улады. Каб пазьбегнуць праблем, Ватыкан зьменшыў колькасьць трансьляцый на кароткіх і сярэдніх хвалях, на нейкі час перанёс частку перадач у радыёцэнтар па-за межамі Апэнінскага паўвострава. Аднак грамадзкае напружаньне вакол Санта-Марыя-ды-Галерыі ня зьменшылася. Пра разьвіцьцё сытуацыі вы пачуеце праз тыдзень у “Пары слоў для DX-ісістаў”.

Сардэчна запрашаю нашых прыхільнікаў выказвацца па тэме вяшчаньня праз тэлекамунікацыйныя спадарожнікі. Калі ласка, адкажыце на пытаньні: Як вы ставіцеся да гэтага сродку сувязі? Ці ёсьць у вас доступ да сатэлітарнай антэны? Ці слухалі вы калі-небудзь наша вяшчаньне па спадарожніку? Ці плянуеце вы ў будучым прымаць радыё праз “талерку”?

Прысылайце ня толькі допісы пра спадарожнікавае радыёвяшчаньне, але й лісты на самыя розныя тэмы. Канечне ж, не забывайце адгукацца на перадачы Беларускай рэдакцыі. Вашыя меркаваньні аб нашай працы значаць для нас вельмі шмат. Складайце рапарты аб чутнасьці праграм з Варшавы. Гэтыя справаздачы істотна дапамогуць тэхнічным службам Польскага радыё для замежжа. Калі ласка, дасылайце заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”. Музычны падарунак спадабаецца вашым сваякам і знаёмым.

Паважаныя сябры! Калі ласка, прысылайце карэспандэнцыю на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Кантактаваць з намі можна, адпраўляючы лісты непасрэдна ў наш офіс: Беларуская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.

Вы можаце перапісвацца з намі па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас: dopis@tut.by.

Незабывайма, што Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнэце. Я асабіста рэгулярна наведваю рэдакцыйны сайт у сеціве. Кожны дзень знаходжу тут самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі й факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас вэб-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.

Юры Сьцяпанаў, Віцебск