• Грамадзянін мае права на самааброну
  • 04.07.2011

Рух «За Свабоду» зьвярнуўся ў МУС Беларусі ў сувязі са шматлікімі фактамі нападу невядомых грамадзян на мінакоў у розных гарадах краіны. Маюцца на ўвазе затрыманьні ўдзельнікаў “маўклівых акцыяў”, якія штосераду зьбіраюцца на цэнтральных плошчах розных гарадоў краіны. Невядомыя людзі ў цывільным без аніводнага слова хапаюць мірных грамадзян і кідаюць у аўтобусы без нумарных знакаў.

 “Людзі ў цывільным, ужываючы грубую фізычную сілу, хапаюць мірных грамадзян і, у некаторых выпадках зьбіваючы іх, зацягваюць у аўтамабілі, аўтобусы (часьцяком без нумароў) або транспартныя машыны спэцназу. Пасьля гэтага іх дастаўляюць у аддзяленьні міліцыі, дзе паведамляюць пра тое, што яны зьяўляюцца затрыманымі ў рамках адміністрацыйнага працэсу" – так на сайце Руху “За Свабоду” апісваюцца паводзіны невядомых людзей падчас маўклівых пратэстаў.

Намесьнік старшыні Руху Юры Губарэвіч зьвярнуўся з запытам у міліцыю з просьбай патлумачыць, якія законныя сродкі самаабароны могуць быць ужытыя мірнымі грамадзянамі ў дачыненьні да невядомых асобаў, што нападаюць на іх?

Ю. Губарэвіч: Калі б людзей затрымлівалі міліцыянты, то яны б мелі форму альбо знакі, ці хаця б прадстаўляліся. А ў дадзеным выпадку гэта выглядала, як бандыцкі напад. Хапалі абы-каго, саджалі ў машыны бяз знакаў. Хацелася б проста ведаць, якімі правамі валодаюць грамадзяне ў такой сытуацыі.

Пакуль МУС рыхтуецца адказаць на запыт Руху “За Свабоду”, мы пацікавіліся ў юрыстаў, на што маюць права грамадзяне ў апісанай вышэй сытуацыі.

Тое, што адбывалася ўчора ў Менску юрыст Андрэй Сушко называе грубым парушэньнем законаў на дзяржаўным узроўні. Крымінальны кодэкс прадугледжвае за гэта вельмі суровыя пакараньні. І менавіта ад парушэньня гэтых законаў пачынаецца шлях да Міжнароднага трыбуналу ў Гаазе.

А. Сушко: Артыкул 182 “Выкраданьне чалавека” – гэта вельмі сур’ёзны артыкул. Калі злачынства зьдзейсьненае групай, то пакараньне – ад 10 да 15 гадоў. Але ёсьць яшчэ й артыкул “Злачынства супраць бясьпекі чалавецта”. Маецца на ўвазе выкраданьне чалавека з-за ягоных поглядаў, якое суправаджаецца катаваньнямі й атакамі жорсткасьці. За гэта даюць ад 7 да 25 гадоў, пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротнае пакараньне.

У выпадку нападу невядомых асобаў Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае права на самаабарону. Гэта 34-ы артыкул КК.

А. Сушко: Паводле яго, кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадзкага ўмяшальніцтва. Кожны чалавек мае права адказаць на атаку невядомага чалавека, але ягоны адказ павінен быць адэкватны нападу. Калі, напрыклад, на Вас хтосьці ідзе з нажом, то Вы ня можаце ў яго страляць. Калі на Вас нападаюць і хочуць скрасьці, то Вы можаце выкарыстоўваць усе адэкватныя сродкі: захваты, заломы рук і ўдары.  

 Аднак юрыст ня раіць прымяняць фізычную сілу адносна супрацоўнікаў ворганаў унутраных справаў, бо гэта можа скончыцца яшчэ горшым прымяненьнем сілы ў аўтазаку альбо аддзеле міліцыі.

 Дабівацца выкананьня сваіх правоў праз суд можна толькі ў дэмакратычнай краіне, нагадвае юрыст. У Беларусі, дзе законы амаль не працуюць, адстойваньне сваёй рацыі ў судзе можа кепска скончыцца для грамадзяніна.

дг