• Ці зьявяцца ў Беларусі новыя палітпрызыўнікі?
  • Audio3.14 MB
  • 04.07.2011

Міністэрства абароны Беларусі будзе пільна сачыць за ўдзельнікамі акцыяў маўклівага пратэсту й неадкладна забіраць у войска ўсіх, каго ваенкаматы абмінулі сваёй увагай – пра гэта заявіла нядаўна афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. Ці магчымае ў Беларусі зьяўленьне новых палітпрызыўнікоў? Сваімі меркаваньнямі на гэты конт дзеляцца палітолягі й былыя “палітычныя рэкруты”.

Кіраўніцтва воінскіх частак вельмі ня хоча прымаць да сябе людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Ваенкаматы зусім не гараць жаданьнем прызываць удзельнікаў пратэстаў – кажа былы салдат-апазыцыянэр Зьміцер Хведарук.

З. ХведарукДля камандаваньня часткі такія жаўнеры – гэта вельмі вялікая праблема. Афіцэры вельмі баяцца публікацыяў у інтэрнэце наконт сапраўднага стану нашага войска, баяцца пільнага нагляду з боку вайсковай контрвыведкі ды пракуратуры. Я пераканаўся, што ў той частцы, дзе я служыў, усе насамрэч чакалі, калі мяне дэмабілізуюць.

Аднак калі будзе загад зьверху – то новы палітычны прызыў пачнецца, лічыць грамадзкі актывіст.

З. ХведарукГэтае рашэньне прымае не Міністэрства абароны. Калі будзе каманда зьверху – то палітычны прызыў можа сапраўды пачацца. Цяпер у войска бяруць нават людзей з судзімасьцямі. Чаму б тады ня ўзяць “на перавыхаваньне” яшчэ й людзей, якія ўдзельнічалі ў палітычных акцыях?

Верагоднасьць таго, што ўдзельнікаў акцыяў пратэсту пачнуць забіраць у войска насамрэч высокая – лічыць былы палітычны прызыўнік Зьміцер Жалезьнічэнка. Пытаньне толькі ў тым, наколькі масавай будзе гэтая зьява.

З. Жалезьнічэнка: Магчыма, што забяруць дзьве-тры асобы й будуць празь БелТА, БТ, АНТ рабіць з гэтага нейкую інфармацыйную “бомбу”. Зусім па-іншаму будзе выглядаць сытуацыя, калі пачнецца шырокі, масавы набор. Але набор, безумоўна, будзе.

Зь меркаваньнем былых палітычных жаўнераў згодны палітоляг Раман Якаўлеўскі. Калі толькі будзе загад Лукашэнкі – ваенкаматы пачнуць забіраць палітычна актыўную моладзь – хочуць яны гэтага альбо не. Так, як гэта было ў 2008 годзе.

Р. Якаўлеўскі: Калі я не памыляюся, упершыню ідэя палітычнага прызыву прагучала на Ўсебеларускім народным сходзе. Тады Лукашэнка наўпрост зьвярнуўся да тагачаснага міністра абароны Леаніда Мальцава й загадаў яму забраць у армію маладых апазыцыянэраў, каб “выбіць зь іх дурасьць”. Гэта быў менавіта загад, пасьля якога палітычна актыўныя хлопцы апынуліся ў войску.

Раман Якаўлеўскі ня выключае, што новыя палітычныя прызыўнікі могуць зьявіцца ўжо гэтай восеньню. Такога сумнага разьвіцця падзеяў ня выключае й палітоляг Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Пакуль такога загаду я ня чуў і ня бачыў афіцыйнай заявы на гэты конт. Аднак у нашай цудоўнай дзяржаве вуснае распараджэньне мае часта больш моцы чым нейкі дэкрэт ці ўказ.

Палітычны прызыў 2008-2010 гадоў, калі ўлады прымусова забралі ў армію каля дзесятка актывістаў, даказаў сваю неэфэктыўнасьць. Амаль усе маладыя людзі пасьля войска вярнуліся да грамадзкай і палітычнай дзейнасьці, а двое з былых “палітчных жаўнераў” былі арыштаваныя за ўдзел у нядаўніх акцыях маўклівага пратэсту.

Аляксандар Папко