• Ці гатовы Лукашэнка да продажу “беларускага фамільнага срэбра”?
  • Audio4.52 MB
  • 05.07.2011

У беларускіх, расейскіх, польскіх і нават амэрыканскіх СМІ рэгулярна зьяўляюцца паведамленьні аб прыватызацыі буйных беларускіх кампаній. У чарзе прадпрыемстваў, выстаўленых на продаж, газэты згадваюць тэлеапэратара МТС, заводы МАЗ і БелАЗ, кампаніі  “Белтрансгаз” і нават “Беларуськалій”. Ці гатовае кіраўніцтва Беларусі растацца з “фамільным срэбрам”? На гэтае пытаньне адказваюць беларускія эканамісты.

Атрымліваючы крэдыт ад ЭўрАзЭС, Беларускі ўрад згадзіўся прыватызаваць дзяржаўную маёмасьць на суму ў 2,5 мільярды даляраў. У параўнаньні зь мінулым годам прыватызацыя скранулася зь мёртвай кропкі – кажа эканаміст Тацьцяна Манёнак. Аднак у прыватныя рукі аддаюць малыя й далёка ня самыя важныя для гаспадаркі прадпрыемствы – кажа экспэрт.

Т. Манёнак: Продажы ідуць. Хоць ня вельмі актыўна, але актыўней, чым у мінулым годзе. Прыватызуюць мэблевыя фабрыкі, дрэваапрацоўчыя й транспартныя прадпрыемствы. Ёсьць беларускі прыватныя прадпрымальнікі, якія зацікаўленыя ў іх набыцьці.

Рашэньне аб прыватызацыі буйных прадпрыемстваў прымае выключна Аляксандар Лукашэнка. І жаданьня іх прадаваць у яго абсалютна няма – перакананы эканаміст Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Жаданьня такога няма. Справа продажу кантрольнага пакету МТС цягнецца ўжо больш за 2 гады. 30 мільярдаў, якія ўлады хочуць за продаж “Беларуськалію”, таксама “высмактаныя з пальца”. Папярэднія праграмы прыватызацыі праваліліся. Правальваецца таксама  праграма гэтага году. Стартэгія, згодна зь якой прадаюцца толькі стратныя прадпрыемствы, ніколі не прывядзе да якаснай паўнавартаснай прыватызацыі. Тым больш, што сучасны закон аб прыватызацыі па-сутнасьці легалізуе “прыхватызацыю” прадпрыемстваў намэнклятурай. 

Ужо ня першы год ідуць спрэчкі наконт продажу ў расейскія рукі кантрольнага пакету акцыяў кампаніі мабільнай сувязі МТС. Суму, якую хоча выручыць беларускі ўрад (1 мільярд даляраў), расейцы называюць завышанай. Нягледзячы на гэта, мабільны апэратар можа хутка быць прададзены, чаго абсалютна ня скажаш пра МАЗ, БелАЗ і тым больш пра “Беларуськалій”– лічыць Тацяцяна Манёнак.

Т. Манёнак: Продаж МТС мажлівы й можа адбыцца даволі хутка. Што тычыцца “Беларуськалію”, то я асабіста ня веру, што ён будзе прададзены. Зусім нядаўна была заява першага віцэпрэм’ера Уладзімера Сямашкі пра тое, што “Беларуськалій” будзе рыхтавацца да выхаду на рынак IPO (выстаўленьне на акцыяў кампаніі публічны продаж). Але падрыхтоўкі сур’ёзнай не праводзілася. Гэты працэс можа заняць некалькі гадоў.

Беларускі ўрад і расейскія бізнэсоўцы ніяк ня могуць дамовіцца аб форме аб’яднаньня МАЗа й КамАЗа. БелАЗ жа наўрад ці хутка выпусьціць на рынак свае акцыі. А ўзамен за продаж “Белтрансгазу” беларускае кіраўніцтва патрабуе ад Расеі паніжэньня цаны на блакітнае паліва – тлумачыць Тацьцяна Манёнак. 

Т. Манёнак: Беларусі вельмі важна выгандляваць прымальныя кошты на газ, бо зь 2012 году павінны запрацаваць новы этап мытнага зьвязу – адзіная эканамічная прастора. Беларускім прадпрыемствам будзе вельмі складана канкураваць з расейскімі, калі кошты газу адрозьніваюцца ў два разы. Беларусь настойвае на пакетным падпісаньні зьдзелкі аб продажу “Белтрансгазу”, што не падабаецца расейскаму боку.

Прыватызаваць буйныя прадпрыемствы беларускае кіраўніцтва ня хоча, але рэгулярна пра прыватызацыю гаворыць. Робіць яно гэта дзеля таго, каб атрымаць крэдыты – лічыць Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Калі Беларусь атрымала крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду, адной з рэкамэндацыяў быў пачатак прыватызацыі. Беларускім уладам трэба было казаць пра прыватызацыю, стварыць нейкую праграму. Яны вырашылі гаварыць пра прыватызацыю, а не рабіць канкрэтныя дзеяньні. Сёньня ЭўрАзЭС таксама патрабуе прыватызаваць прадпрыемствы на суму 2,5 мільярды даляраў. Каб яны не спалохаліся й далі новы крэдыт, трэба ўвесь час пра прыватызацыю гаварыць. Сытуацыя ня зьменіцца. Калі б кіраўніцтва краіны сапраўды вырашылася на прыватызацыю, то ў першую чаргу быў бы зьменены адпаведны закон, а таксама замененыя людзі, якія кіравалі гэтым пустым працэсам на працягу апошніх некалькіх гадоў.

Як беларускае кіраўніцтва насьцярожана ставілася да прыватызацыі раней, так яно ставіцца да яе й цяпер – кажа эканаміст Тацьцяна Манёнак. Распродажу “фамільнага стрэбра” ня будзе.  Тым больш, што продаж залежыць ад волі толькі аднаго чалавека – Аляксандра Лукашэнкі – сьццьвярджаюць экспэрты.


Аляксандар Папко