• Рэжым Лукашэнкі не перажыве восені
  • Audio5.75 MB
  • 06.07.2011

Рэжым Лукашэнкі можа не перажыць гэтай восені. Такую думку ўсё часьцей выказваюць замежныя палітолягі. На чым грунтуецца такое меркаваньне?

Аляксандар Лукашэнка можа страціць уладу ўжо ўвосень – заявіў нядаўна украінскі палітоляг Уладзімір Гарбач з кіеўскага Інстытуту эўраатлянтычнага супрацоўніцтва. Улады ў Менску сутыкнуліся з пагрозамі, якія яны ніколі не бычылі – тлумачыць украінскі аналітык.

У. Гарбач: За часы кіраваньня Лукашэнкі ў Беларусі зьмянілася пакаленьне, і ўжо таму можна казаць, што пратэсты выходзяць на новы этап. Акрамя таго, цяперашнія падзеі зьвязаныя з глыбокім эканамічным крызысам, маюць сацыяльна-эканамічныя прычыны. Гаворка ідзе не пра барацьбу за ўладу паміж рэжымам і яго палітычнымі апанэнтамі, а пра нарастаньне супярэчнасьцяў паміж інтарэсамі грамадзтва й рэжыму. Акцыі зьяўляюцца вынікам самаарганізацыі. У іх удзельнічаюць людзі, якія раней не цікавіліся палітыкай. Апазыцыя ня толькі не арганізуе, яна не кантралюе гэтыя пратэсты. Акрамя таго, пратэсты праходзяць ня толькі ў Менску, а па ўсёй краіне – у вялікіх і малых гарадах. Гэта штосьці новае й сьведчыць пра прыродны, а не штучны характар гэтага працэсу.

Сёньняшнія пратэсты ў Беларусі маюць абсалютна новую якасьць - перакананы супрацоўнік польскага Цэнтру ўсходніх дасьледваньняў Каміль Клысіньскі.

К. Клысіньскі: Акцыі арганізуюцца празь інтэрнэт, па-за структурамі апазыцыі, якія добра ведае й кантралюе КДБ. пратэсты не адбываюцца пад сьцягамі й транспарантамі. Яны праходзяць у фармаце флэш-мобу. Удзельнічае ў іх ня толькі моладзь, а людзі рознага ўзросту. Навіной зьяўляецца й тое, што пратэсты не канцэнтруюцца ў Менску, а пашыраюцца на ўсю Беларусь. Рост пратэстаў залежыць ад таго, як улады на іх рэагуюць. Пакуль што яны рэагуюць найгоршым чынам. Пратэстоўцаў хапаюць людзі без мундзіраў і знакаў адрозьненьня, падобныя да дваравых бандытаў. І гэта выклікае грамадзкі пратэст.

Беларускія ўлады ня маюць магчымасьцяў палепшыць эканамічнае становішча краіны. Таму рэжым можа абрушыцца ўжо ўвосень – лічыць краінскі палітоляг Уладзімір Гарбач.

У. Гарбач: У бліжэйшай будучыні ня бачна ніякіх “падарункаў лёсу”, якія б дазволілі Аляксандру Лукашэнку палепшыць эканамічнае становішча. Краіна з нармальнай зьнешняй палітыкай магла б папрасіць валюту ў суседзяў і, правёўшы ўнутраныя рэформы, празь якісьці час выйсьці з крызысу. У лукашэнкаўскай Беларусі гэта немагчыма. Нават Расея адмаўляецца падтрымліваць беларускія ўлады. Беручы пад увагу ўсе гэтыя фактары, можна прагназаваць, што пералом можа наступіць ўвосень, калі людзі вярнуцца з дачаў у гарады й кошт жыцьця для іх павысіцца. У пратэстах могуць узяць удзел шырокія масы беларускага грамадзтва.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі не перажыве восені, калі не атрымае зьнешняй падтрымкі й ня згодзіцца на прыватызацыю – лічыць польскі палітоляг Каміль Клысіньскі.

К. Клысіньскі: Аляксандар Лукашэнка не ўтрымаецца, калі не атрымае вялікага крэдыту ад МВФ ці іншай установы, што малаверагодна. Таксама ён можа прадаць якое-небудзь буйное стратэгічнае прадпрыемства. Але гаэта таксама малаверагодна. Нарэшце, ён не ўтрымаецца, калі ня зьменіць абсалютна бессэнсоўную эканамічную палітыку, якая грунтуецца на абмежаваньнях і забаронах і прыгадвае палітыку ваеннага камунізму. Калі ўсе тыя працэсы, якія мы назіраем, будуць разьвівацца далей, выбух масавага грамадзкага пратэсту можа наступіць восеньню гэтага году.

На думку польскага аналітыка Каміля Клысіньскага, небясьпека для Аляксандра Лукашэнкі сыходзіць ня толькі ад грамадзянаў, якія выходзяць на вуліцы, але й ад яго ўласных чыноўнікаў. Яны сочаць за разьвіцьцём падзей і могуць адмовіць прэзыдэнту ў ляяльнасьці, калі той пачне губляць кантроль над сытуацыяй.

Што чакае Беларусь, калі Лукашэнка адыдзе ад улады? Маштабныя рэформы й рух у кірунку Эўропы – лічыць украінскі палітоляг Уладзімер Гарбач.

У. Гарбач: Беларусь будзе з аднаго боку паўтараць досьвед Украіны, балянсуючы паміж Захадам і Расеяй. Зь іншага боку яна стане вельмі адкрытай – для мадэрнізацыі, навуковага абмену, кантактаў паміж людзьмі. Адбудуцца грунтоўныя эканамічныя рэформы. Беларусь атрымала моцную прышчэпку супраць аўтарытарызму, таму яна стане разьвіваць парлямэнцкую дэмакратыю. Увогуле ў Беларусі добрыя шанцы зрабіць рывок у бок эўрапеізацыі. Пры мудрым кіраўніцтве Беларусь будзе няцяжка інтэграваць у Эўрапейскі Зьвяз. Канешне, калі на гэта будзе згода беларускага народу.

Польскі аналітык Каміль Клысіньскі менш аптымістычны. Пасьля адыходу Аляксандра Лукашэнкі ўладу возьме ягоная намэнклятура – перакананы палітоляг.

К. Клысіньскі: Сыстэма будзе нагадваць палітычны лад, які калісьці існаваў ва Ўкраіне. Адбудзецца алігархізацыя Беларусі. Былыя апартчыкі будуць вымушаняыя рабіць саступкі Захаду й Расеі, а перадусім рэфармаваць эканоміку. Палітычная сыстэма краіны будзе далёкай ад празрыстасьці. Думаю, адбудзецца маштабны пераход уласнасьці ў рукі намэнклятурных клянаў, якія будуць кіраваць краінай. Няважна, хто персанальна будзе прэзыдэнтам Беларусі пасьля Лукашэнкі. Важна, якая група будзе за гэтым кіраўніком стаяць і кантраляваць яго. Вялікія магчымасьці для ўплыву атрымае Расея.

Сытуацыя ў Беларусі зьмяняецца вельмі хутка, таму замежным аналітыкам рабіць прагнозы даволі складана. Але часам карціна падзеяў ясьней выглядае на пэўнай адлегласьці.

Аляксандар Папко