• РЭДАКЦЫЙНАЯ ДЫСКУСІЯ
  • Audio3.12 MB
  • 06.07.2011

Добрага дня, паважанае спадарства!

На  мінулым тыдні я прачытаў меркаваньні Бярнарда Пакульніцкага з гарадзкога пасёлка Гарадзея, што ў Нясьвіжскім раёне Менскай вобласьці. У перадачы прагучаў агульны аналіз жыцьця ў Беларусі. Наш прыхільнік намаляваў адмоўны вобраз тых парадкаў, якія пануюць у краіне.

Бярнард Пакульніцкі працягвае:

“Беларускае грамадзтва вяла і маўкліва рэагуе на плянамерную здачу сувэрэнітэту. Адчуваецца, што ў насельніцтва вельмі цяжка з гістарычнай памяцьцю. Стан беларускай адукацыі і культуры стаў такі, што не дамінуюць ідэі незалежнасьці і свабоды. Народная сьвядомасьць дастаткова моцна русыфікавана і саветызавана. У беларусаў засталося вельмі моцнае каляніяльнае мысьленьне, яны прадаўжаюць жыць чужым розумам. Парой здаецца, што незважаючы на Інтэрнэт, мабільныя тэлефоны, сучасныя СМІ ды іншыя дасягненьні сусьветнай навукі і тэхнікі, Беларусь па сваёй сутнасьці яшчэ там – у стогадовай мінуўшчыне.

У гэтым дзесяцігодзьдзі вельмі яскрава было бачна, як беларускія ўлады наносілі ўдар за ўдарам па польскай нацыянальнай меншасьці. Не дазволілі працаваць самай вялікай грамадзкай арганізацыі – Саюзу палякаў на Беларусі, пазбавіўшы яе рэгістрацыі. Па розных прычынах зачыняюць гурткі і факультатывы ў школах, дзе дзеці вывучаюць польскую мову, не дазваляюць праводзіць спартыўныя спаборніцтвы для дзяцей польскага паходжаньня, чыняць розныя дробныя перашкоды пры выезьдзе дзяцей за мяжу. Каб людзям не было дзе зьбірацца і праводзіць свае мерапрыемствы, вывучаць і падтрымліваць народныя традыцыі і культуру, беларускія ўлады адабралі ў польскай нацыянальнай меншасьці Польскія дамы. Працягваюць перасьледаваць і запалохваць актывістаў Саюза палякаў, забаронены друк часопісаў і газэтаў гэтай арганізацыі, дыскрымінуюць уладальнікаў “Карты паляка”. Нават цяжка ўявіць, што яшчэ беларускія ўлады прыдумаюць заўтра, каб плянамерна зьнішчаць польскую нацыянальную меншасьць ў Беларусі. Прадаўжаецца пастаянная хлусня дзяржаўных СМІ, якая разьядае душу, як іржа – жалеза”.


Я вельмі ўдзячны спадару Пакульніцкаму за ліст!


Дарагія слухачы!

Запрашаю вас выказвацца па праблематыцы тэлекамунікацыйных спадарожнікаў. Калі ласка, адкажыце на пытаньні: Як вы ставіцеся да гэтага сродку сувязі? Ці ёсьць у вас доступ да сатэлітарнай антэны? Ці слухалі вы калі-небудзь наша вяшчаньне па спадарожніку? Ці плянуеце вы ў будучым прымаць радыё праз “талерку”?
У адказ на гэтыя пытаньні прышло некалькі чарговых лістоў. Я шчыра дзякую за гэтыя допісы!

І вельмі разьлічваю на новую карэспандэнцыю ад вас, дарагія сябры.
Прысылаць лісты можна праз паштовую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Сваю карэспандэнцыю вы можаце таксама накіраваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. З намі можна вельмі апэратыўна зьвязвацца па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас: dopis@tut.by.

Сёньняшні выпуск “Рэдакцыйнай дыскусіі” завяршаецца. Да новай сустрэчы!

Ю. С.