• Эўрапейскі суд па правах чалавека разгледзіць скаргу рэжымнага журналіста
  • 09.07.2011

Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЭСПЧ) прыняў да разгляду пазоў беларускага журналіста — галоўнага рэдактара праўладнага часопіса „Беларуская думка” Вадзіма Гігіна. 

Пазоў быў пададзены ў сувязі з увядзеньнем Радай ЭЗ у студзені гэтага году санкцый супраць вялікай групы беларускіх чыноўнікаў ды службовых асоб, якіх Эўропа лічыць датычнымі да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Сярод іх была й група журналістаў-прапагандыстаў, што асабліва вылучыліся ў сваёй творчасьці.

Рэдактар „Беларускай думкі” адзначае, што падставай для пазову стала тое, што «быў складзены нейкі чорны сьпіс, што зьнеслаўляе гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю тых, хто ў яго ўключаны».

Журналіст мяркуе, што рашэньне Рады ЭЗ аб абмежаваньні ўезду пярэчыць Эўрапейскай хартыі свабоды прэсы.

У сваю чаргу першы намесьнік міністра інфармацыі Лілія Ананіч адзначае, што такія санкцыі парушаюць арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, «дзе сказана даволі дакладна, што кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх палітычных перакананьняў, права на свабоднае выказваньне думкі», - зазначыла Ананіч.
Пры гэтым у самой Беларусі толькі за апошні год у  турме пабывалі ці застаюцца журналісты Натальля Радзіна, Зьміцер Бандарэнка, Алесь Атрошчанкаў, Анджэй Пачобут. За адзін вечар 6 ліпеня праз затрыманьні прайшлі 23 рэпарцёры.

Гігін у сваіх артыкулах на старонках „Беларускай думкі” апраўдваў гэтыя захады й нават заклікаў да больш жорсткіх мераў супраць апазыцыі.

БелТА/nn.by/яс