• Рэдакцыйная дыскусія
  • 13.07.2011

Вітаю ўсіх нашых прыхільнікаў!

У гэтым выпуску “Рэдакцыйнай дыскусіі” я прачытаю апошні фрагмэнт разважаньняў Бярнарда Пакульніцкага. Урыўкі з допісу нашага прыхільніка з гарадзкога пасёлка Гарадзея, што ў Нясьвіжскім раёне Менскай вобласьці, гучалі цягам дзьвюх мінулых перадач.

Спадар Пакульніцкі адзначае ў завяршальнай частцы наступнае:

“У гэтым дзесяцігодзьдзі адбылася жудасная трагедыя пад Смаленскам. Зноў Катынь, зноў гэты пракляты лес, зноў пад Смаленскам гіне эліта Рэчы Паспалітай. Жахлівы выпадак, авіяцыйная катастрофа ці што іншае стала прычынай сьмерці знакамітых палякаў. Загінулі людзі, якія хацелі, каб Польшча была больш справядлівай і моцнай дзяржавай, краінай, якакя ганарыцца сваёй гісторыяй. Загінуў цьвет польскай нацыі. Такая трагедыя польскага народа ўстрасанула ўсіх людзей, захапіла дыханьне сумленных людзей незалежна ад іх нацыянальнасьці. Які сэнс у гэтай жудаснай трагедыі? Да гэтай пары мы ня ведаем праўды аб трагедыі пад Смаленскам. Супярэчлівыя заявы расейскай камісіі толькі ўзмацнілі недавер і падазрэньні.

Напрыканцы 2010 года, 19 сьнежня, у Менску адбылася найбольшая акцыя пратэсту супраць пануючай улады за апошнія 10 гадоў. Вынік вельмі сумны. Больш шасьці соцень затрыманых і арыштаваных, сярод якіх шмат маладых людзей. Жорсткае зьбіцьцё журналістаў, пажылых людзей і жанчын, затрыманьне і арышт кандыдатаў у прэзыдэнты ў той час, калі не скончыліся выбары. Пакалечаных людзей выцягвалі зь лякарняў, білі дручкамі па галаве, зьдзекваліся і г. д. Кожнага грамадзяніна ўлады могуць кінуць за краты толькі за тое, што ён ня так думае. Падзеі паказалі ў чарговы раз ня толькі зьвярыны твар улады, яны яшчэ прадэманстравалі, што няма ў Беларусі адзінай нацыі і салідарнага грамадзтва. Не адбыліся шырокія выступы ў абарону суграмадзян, права і справядлівасьці. Прамаўчалі Царква і Касьцёл. Народу было азмрочана сьвята Божага Нараджэньня і надыход Новага года. Вельмі засмуціла тое, што грамадзяне ня маюць магчымасьці зьмяніць уладу, бо ў краіне адсутнічаюць сапраўдныя выбары, а кандыдаты на пасаду прэзыдэнта пастаянна трапляюць у турму.

Магчыма, новае дзесяцігодзьдзе дасьць надзею на перамены, калі цяжкае эканамічнае становішча і гаспадарчы маразм беларускіх уладаў выклічуць стыхійнае абурэньне працоўных, выхад людзей на плошчы або – хаця б – рэвалюцыю цераз сацыяльную сетку”.

Я ад усёй душы дзякую Бярнарду Пакульніцкаму за шчырыя выказваньні. Выглядае на тое, што прачытаны ліст – ня проста пералік найважнейшых падзей, але й агучваньне праблем, якія надзвычай хвалююць нашага слухача. Такая неабыякавасьць ня можа ня цешыць.

Шаноўныя сябры!

Вельмі чакаю ад вас новых лістоў.

Прыслаць іх можна праз абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Сваю карэспандэнцыю вы можаце таксама накіраваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. З намі можна вельмі апэратыўна зьвязвацца па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы адрас: dopis@tut.by.

На гэтым дазвольце разьвітацца з вамі, шаноўныя сябры, да наступнай дыскусійнай серады! Удалага тыдня!

Ю. С.