• Польшча падтрымлівае дэмакратычныя перамены ў Паўночнай Афрыцы
  • Audio4.1 MB
  • 13.07.2011

 Не так даўно Туніс наведаў экс-прэзыдэнт Лех Валэнса. Цяпер жа ў сталіцы Эгіпту Каіры знаходзіцца старшыня Сэнату Богдан Барусэвіч, якога суправаджаюць дзеячы дэмакратычнай апазыцыі часоў ПНР Збігнеў Буяк і Генрык Вуец.

Такім чынам Польшча дзеліцца сваім досьведам на шляху да дэмакратыі, зазначае Богдан Барусэвіч.

Б. Барусэвіч: Эгіпeт павінен прыняць ключавыя, сыстэмныя рашэньні. Працягваецца дыскусія, якой павінна быць гэтая новая, дэмакратычная эгіпецкая дзяржава. Я спадзяюся, што мой візыт у нейкай ступені акажацца дапаможным у гэтай дыскусіі. Акрамя таго, я хачу тут сустрэцца непасрэдна зь людзьмі й ацаніць сытуацыю. Польшча старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе й нам патрэбныя інфармацыя аб сытуацыі ў краіне, каб падзяліцца ёю зь іншымі краінамі ЭЗ. Гэта важна.

Назіраньне за сытуацыяй у Паўночнай Афрыцы будзе вялікім выклікам падчас польскага старшынства, гаворыць дарадчык МЗС Польшчы па пытаньнях Эўразьвязу Мікалай Даўгялевіч.

М. Даўгялевіч: Мы ўсебакова падтрымліваем дэмакратызацыю й трансфармацыю ў такіх краінах, як Туніс і Эгіпет. На пачатку сьнежня ў Варшаве заплянавана сустрэча міністраў ЭЗ па Паўночнай Афрыцы. Гэта ўжо будзе пасьля выбараў у Эгіпце й Тунісе. Праўда, гэта іншыя краіны, чым Польшча ці наогул Цэнтральная Эўропа. Але мы можам падказаць, як падрыхтаваць першыя свабодныя выбары, як ствараць незалежныя прафсаюзы, пашыраць свабоду друку ды як уводзіць мясцовае самакіраваньне.

Богдан Барусэвіч зьвяртае ўвагу таксама на тое, што актуальная сытуацыя ў Эгіпце й сытуацыя Польшчы ў 80-90-тыя гады, калі ў краіне праходзілі працэсы трансфармацыі, адрозьніваюцца.

Б. Барусэвіч: У той час перамены ў Польшчы былі больш складаныя, чым цяпер у Эгіпце. У Эгіпце рынкавая эканоміка, у нас гэтага не было. У такой сытуацыі палітычныя перамены заўсёды прасьцей пводзіць. Я раю вырашаць справы спакойна й пасьлядоўна. Пры гэтым усё трэба рабіць вельмі хутка й адначасова такім чынам і ў такой чарговасьці, каб ніяк не пашкодзіць пераменам.

Вы кажаце, што заўсёды вядома, дзе пэўны працэс пачынаецца, аднак не вядома, дзе, калі й якім чынам ён закончыцца. Ці гэта азначае, што гэта яшчэ не канец арабскай рэвалюцыі?

Б. Барусэвіч: Паводле мяне, гэта дынамічная сытуацыя. Не вядома, дзе гэтыя зьмены закончaцца. А ўсё пачалося ў Тунісе. Урады іншых краін таксама гавораць аб рэформах. І гэта зьвязана як з ціскам, так і боязьзю. У Марока кароль заявіў, што ён адмаўляецца ад абсалютнай манархіі, падобныя чуткі даходзяць з Алжыра. Нядаўна ў Польшчы быў міністар замежных справаў Алжыра й ён мне распавёў, якія дэмакратычныя перамены плянуе ўводзіць прэзыдэнт. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што Алжыр - дэмакратычная дзяржава: па-іншаму чым Эўропа, аднак яна дэмакратычная. Гэта пацьвярджае, што іншыя дзяржавы таксама стануць на шлях эвалюцыі, бо эвалюцыя лепшая чым рэвалюцыя.

У Каіры старшыня Сэнату Богдан Барусэвіч сустрэўся зь міністрам замежных справаў Эгіпту. Ён таксама запрасіў на сустрэчу маладых эгіпецкіх рэвалюцыянэраў. У плянах таксама сустрэча з палякамі, якія жывуць у Эгіпце. Гэта найперш полькі, жонкі эгіпцян, ды палякі, якія займаюцца бізнэсам у Эгіпце – пераважна ў галіне турыстычных паслуг.

яс