• А. Суздальцаў: Мясьніковіч ілжэ!
  • Audio4.12 MB
  • 13.07.2011

Менск вядзе перамовы па продажы ў рукі расейскіх кампаніяў 7 беларускіх прадпрыемстваў – заявіў учора ў Маскве беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч. Насамрэч перамоваў пра продаж не вядзецца – адказваюць расейскія кампаніі ды аналітыкі. Чаму кіраўнік беларускага ўраду падае непраўдзівую інфармацыю?

Беларусь вядзе перамовы аб продажы  ў расейскія рукі сямі буйных дзяржаўных прадпрыемтваў і газатранспартнай сыстэмы – заявіў Міхаіл Мясьніковіч у аўторак на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве. Па словах прэм’ера, беларускі бок вядзе перамовы аб набыцьці “Гродна Азота” расейскім нафтахімічным канцэрнам “СИБУР” і кампаніяй “Роснефть”, куплі наваполацкага “Нафтана”  “ЛУКОЙЛам”, “Белтрансгаза” — “Газпромам”, Мазырскага НПЗ — кампаніяй “Роснефть”, дзярждолі беларускага МТС — фінансавай кампаніяй “Система”, МАЗа — “Русскими машинами” ды “Ростехнологиями”, а таксама набыцьці карпарацыяй “Ростехнологии” беларускай кампаніі “Інтэграл”.

Адразу пасьля сэнсацыйнай заявы беларускага прэм’ера зьявіліся ня менш сэнсацыйныя заявы расейскіх карпарацыяў. Кампаніі “СИБУР” і “Роснефть” упэўнена заявілі, што не вядуць перамоваў па набыцьці беларускіх нафтахімічных актываў. Кіраўнік жа прэс-службы кампаніі “ЛУКОЙЛ” Дзьмітры Далгоў катэгарычна адмовіўся камэнтаваць заяву Міхаіла Мясьніковіча.

Д. Далгоў: Мы не камэнтуем паведамленьня беларускага прэм’ер-міністра. Ён мае неад’емнае сувэрэннае права рабіць заявы. Мы такім жа чынам маем права камэнтаваць ці не камэнтаваць тыя ці іншыя заявы. 

Ніякіх сур’ёзных перамоваў па продажы названых беларускім прэм’ерам кампаніяў не вядзецца – заявіў у інтэрвію Польскаму Радыё расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў.

А. СуздальцаўМясьніковіч хлусіць. У яго словах толькі 20% праўды. Беларусь зрабіла толькі пэўныя запыты, а ён падае іх як паўнавартасныя перамовы. Канешне, большая частка з гэтых кампаніяў нікога сёньня не цікавіць.

Дзеля чаго тады тады беларускі прэм’ер казаў пра продаж? – Дзеля таго, каб атрымаць чарговы транш крэдыту ад ЭўрАзЭС. Умовай атрыманьня грошай зьяўляецца прыватызацыя дзяржаўнай уласнасьці на суму ў 7,5 мільярдаў даляраў – тлумачыць Андрэй Суздальцаў.

А. Суздальцаў: Зь якой мэтай ілгаў Мясьніковіч? Каб прадэманстраваць, што Беларусь выконвае ўмовы прадстаўленьня крэдыту. Другі транш крэдыту прызначаны на кастрычнік. І беларускі ўрад рыхтуе глебу пад тое, каб гэтыя грошы прыйшлі. А насамрэч ніякіх рэформаў, ніякай прыватызацыі ў Беларусі няма.

Менск раздае шчодрыя абяцаньні, каб атрымаць ад Расеі грошы. Калі ж іх атрымае, будзе адкладваць да апошняга выкананьне сваіх абяцаньняў – тлумачыць тактыку беларускага ўраду палтычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: Менск выкарыстоўвае ў гэтай сытуацыі сваю “фірмовую” тактыку – нешта абяцае, а пазьней выкручваецца да апошняга, каб не выконваць узятыя на сябе непрыемныя абавязкі. Галоўнае – атрымаць грошы ад Масквы. А далей можна максымальна зацягваць выкананьне абяцаньняў. Зразумела, разьвітвацца з “фамільным срэбрам” беларускаму кіраўніцтву ня хочацца. Гэта прывядзе да страты ня толькі палітычных пазыцыяў, але й улады.

Такая тактыка посьпехаў Менску не прынясе. У расейскіх правячых колах беларускім хітрыкам ўжо ня вераць – заяўляе палітоляг Андрэй Суздальцаў. 

А. Суздальцаў: У расейскіх правячых колах кажуць, што беларусы лічуць сябе самымі хітрымі. Яны лічуць нас ідыётамі, якія будуць карміць іх грашыма, а яны ў адказ будуць толькі хіхікаць за нашай сьпіной. Мясьніковіч робіць такія заявы, а пазьней прыяжджае ў Менск і пацірае рукі – маўляў, зноў мы іх абдурылі. Навошта працаваць? Навошта праводзіць рэформы ў краіне, мадэрнізаваць вытворчасьць, калі можна займацца такім папрашайніцтвам?

Атрымаць ад Масквы грошы й пазьбегнуць прыватызацыі Менску наўрад ці ўдасца – лічыць аналітык Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: Па-першае, Масква ўжо навучаная горкім досьведам. Па-другое, беларускае кіраўніцтва спаліла сабе масты на Захад і мае вельмі абмежаваныя магчымасьці манэўраваць. Нават калі Менску ўдасца “раскруціць” МВФ на крэдыт, то ўзамен фонд таксама будзе патрабаваць прыватызацыі. 

Лукашэнка ў рэшце рэшт будзе вымушаны прадаць беларускае “фамільнае срэбра” – лічыць Аляксандар Класкоўскі. Частку яго ён будзе намагацца прадаць заходнім кампаніям, каб не здаваць усё Маскве – мяркуе аналітык.


Аляксандар Папко