• ВУП Беларусі расьце хутчэй, чым прагназаваў урад
  • Audio2.72 MB
  • 14.07.2011

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі працягвае прадстаўляць бадзерую статыстыку. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за першае паўгодзьдзе вырас на 11% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году – заявілі прадстаўнікі Белстату агенцтву БелаПАН. Эканоміка Беларусі расьце хутчэйшымі тэмпамі, чым прагназаваў урад. У чым сакрэт добрых эканамічных паказчыкаў у крызысны час?

Па-першае, цяперашні ўзровень ВУП параўноўваецца з тым, які быў у пачатку, а не напрыканцы мінулага году. Таму падзеньня нацыянальнага дабрабыту, якое адбылася вясной, статыстыка магла проста “не заўважыць”. Па другое, рост ВУП тэарэтычна можа назірацца нават у краіне, дзе рэзка падаюць даходы насельніцтва – тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Раней Беларусь імпартавала больш, чым экспартавала. Гэтая розьніца у мінулым годзе склала 16% ад ВУП. Пазьней гэтае надмернае спажываньне маглі ліквідаваць, а вытворчасьць магла застацца той самай. Некаторы рост ВУП можа назірацца нават пры падзеньні жыцьцёвага ўзроўню.

Акрамя таго, валавы ўнутраны прадукт у Беларусі заўсёды лічыўся такім чынам, што паказчыкі ягонага росту завышаліся ў два разы – кажа Леанід Злотнікаў.

У ліпені працаўнікоў бюджэтнай сфэры ў Беларусі чакае індэксацыя заробкаў. Зарплата павялічыцца на 37,5%. Пра гэта заяўляе афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.  Момант для павышэньня заробкаў выбраны крайне няўдала – абураюцца эканамісты. У сытуацыі, калі  даходы большасьці прадпрыемстваў у рэальным выражэньні не растуць, гэта выкліча толькі рост цэнаў. Таксама вырасьце курс валюты на чорным рынку – папярэджвае Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Толькі прадпрыемствы-экспарцёры, якія дзякуючы дэвальвацыі сталі прадаваць больш, могуць павялічыць ўзровень заробкаў сваім працаўнікам. Павышэньне заробкаў усім астатнім будзе толькі стымуляваць інфляцыю. Беларускіх тавараў ня будзе хапаць на гэтыя беларускія рублі. Валюты таксама больш ня стане, таму будзе расьці валютны курс. Калі зараз на чорным рынку даляр каштуе 6 тысячаў рублёў, то пасьля павышэньня заробкаў на 37% ён будзе каштаваць 6 500.

Выпуск нічым не падмацаваных грошай яшчэ больш падарве давер да беларускага рубля – лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Індэксаваць заробкі ў сёньняшняй сытуацыі – гэта значыць правакаваць чарговы віток інфляцыі. Урад даб’ецца толькі таго, што тыя самыя бюджэтнікі, пэнсіянэры й студэнты будуць яшчэ менш любіць нацыянальную валюту й будуць рабіць усё,каб набыць даляры ці эўра.

Над беларускай гаспадаркай навісла пагроза скарачэньня аб’ёму прадукцыі і, магчыма, росту беспрацоўя – папярэджваюць эканамісты. Нэгатыўных тэндэнцыяў ня ўдасца схаваць за бадзёрымі лічбамі ці павелічэньнем грашовай масы.


Аляксандар Папко