Беларусь, Расея й Казахстан падпішуць праз год дэклярацыю аб стварэньні Эўразійскага саюзу. Ён павінен пачаць працу ў 2013 годзе і, паводле задумы, стане завяршэньнем інтэграцыі трох краінаў. У Расеі спадзяюцца, што Эўразійскі саюз стане супрацьвагай Эўразьвязу, а ў Беларусі яго ўжо назвалі нэаімпэрскім праектам.

Праект Эўразійскага саюзу – ідэя ня новая. Ужо 11 гадоў таму пра гэта публічна казаў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Сэнс праекту просты – аб’яднаць нанава былыя савецкія рэспублікі. Аднак зрабіць гэта і тады, і цяпер няпроста. Кожная з краін постсавецкай прасторы абрала свой уласны шлях разьвіцьця.

Што будзе уяўляць сабою новае ўтварэньне? Адказвае менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.

А. Фёдараў: Гэта той жа СССР, але зь невялікімі адрозьненьнямі. Будзе адзін урад, адзін парлямэнт, валюта ды іншае. Спачатку плянавалася, што там будзе пяць краін: Беларусь, Расея, Казахстан, Таджыкістан і Кіргізія. Але зараз засталіся тры.  Праўда, хацелі далучыць і Ўкраіну, і Армэнію. Ішла гаворка нават пра Абхазію й Паўднёвую Асэтыю.

Паводле палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, параўноўваць Эўразьвяз і Эўразійскі саюз некарэктна, бо апошняя структура будзе цалкам базавацца на расейскай структуры.

Р. Якаўлеўскі: У ЭЗ такога няма. Там, канечне, ёсьць уплывовыя Нямеччына, Фанцыя ці Італія, але яны не дамінуюць і ня маюць манаполіі ў ЭЗ. А так, як гэта робіцца ў Эўразійскім саюзе, у мяне аптымізму не выклікае. Гэта прастора пад “пуцінскім дахам”. Гэта рэанімацыя СССР на эканамічнай базе. Зьвярніце ўвагу, што агульнай валютай у гэтым саюзе будзе расейскі рубель. Беларусь у выніку страціць адзін з атрыбутаў уласнага сувэрэнітэту. 

Скептычна на заявы пра магчымую супрацьвагу Эўразійскага саюзу да ЭЗ ставіцца й прыхільны да расейска-беларускай інтэграцыі палітоляг Юры Шаўцоў. Ён заўважае, што касьцяком саюзу будуць сыравінныя краіны Расея й Казахстан, нафта й газ якіх экспартуюцца якраз у ЭЗ. Паводле Шаўцова, рэактывацыя ідэі пра Эўразійскі саюз больш нагадвае старт перадвыбарчай кампаніі Ўладзімера Пуціна. Праз год у Расеі павінны адбыцца выбары прэзыдэнта.

Ю. Шаўцоў: Мядзьведзеў выступае пад лібэральнымі лёзунгамі, якія нагадваюць перабудову й Гарбачова, а Пуцін – зь ідэямі постсавецкай інтэграцыі  выглядае ўжо шмат гадоў кансэрватарам. Хутчэй за ўсё, тут маецца на ўвазе перадвыбарчы аспэкт.

Для Беларусі ўступленьне ў Эўразійскі саюз нічога прынцыпова ня зьменіць, бо гэта, найперш, палітычная дэклярацыя.

Нагадаю, што з 1 студзеня 2012 году павінна запрацаваць Адзіная эканамічная прастора паміж трыма краінамі. Эўразійскі саюз, паводле Ўладзімера Пуціна, мае стаць вянцом усіх папярэдніх інтэграцыйных праектаў.

дг