• Колькасьць беларусаў у Летуве ўвесь час зьмяншаецца
  • Audio5.23 MB
  • 18.07.2011

Колькасьць беларусаў у Летуве ўвесь час зьмяншаецца. Паводле апошніх дадзеных, беларусы скаладаюць 1% ад усяго летувіскага насельніцтва.

Беларусы зьяўляюцца чацьвертай  па ліку нацыянальнай групай у Летуве пасьля летувісаў, палякаў і расейцаў, вынікае з дадзеных летувіскага Дэпартамэнту статыстыкі.

На сёньняшні дзень у Летуве пражывае 33 600 беларусаў, у мінулым годзе - 35600 чалавек. Куды цягам году падзеліся дзьве тысячы прадстаўнікоў беларускай нацменшасьці? Ці гэта наступствы асыміляцыі? А можа існуюць іншыя прычыны?


Кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Вільні Хведар Нюнька зазначае некалькі прычынаў.

Хведар Нюнька: Прычына тут дваякая. З аднаго боку, ёсьць праблема асыміляцыі. Зь іншага боку гэта праблемы зь інтэграцыяй у летувіскае грамадзтва. Няведаньне мовы абмяжоўвае атрыманьне якой-колечы адказнай працы. Чалавек бяз мовы - гэта чалавек бяз працы. Частка людзей зьехала ў Беларусь, частка - у Польшчу й іншыя краіны. Нашая мэтраполія, на жаль, менш за ўсё была зацікаўлена ў ажыцьцяўленьні больш актыўнай дзейнасьці беларусаў. Таму гэтых 40 ці 30 тысяч увогуле не відаць - актыўных беларусаў, сьвядомых, нават пралукашэнкаўскіх няшмат. На жаль, партыі мы не стварылі, ва ўладныя структуры мы не ўвайшлі. Мы маем адзінага генэральнага консула ў Калінінградзе, гэта Вацлаў Станкевіч. Адна ясоба займае пасаду інжынера. Больш мы не дамагліся.

Намесьніца старшыні Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская кажа, што такая сытуацыя прасочваецца і ў іншых краінах, дзе жывуць беларусы.

Ніна Шыдлоўская: Агульная тэндэнцыя ў кожнай краіне, дзе пражываюць беларусы, яна не станоўчая. Мы з жахам чакаем вынікаў перапісу ў Расеі, паколькі паводле папярэдніх зьвестак, колькасьць беларусаў зьменшыцца. У кожнай краіне, дзе ёсьць беларусы, асабліва ў краінах постсавецкіх, ёсьць такая праблема, што без падтрымкі дзяржавы атаесамліваць сябе беларусам нашыя суайчыньнікі, якія атрымліваюць грамадзянства іншай краіны, не жадаюць. Тым больш, не адчуваючы ніякай падтрымкі, ніякіх падставаў ганарыцца сваёй краінай, запісвацца іншай нацыянальнасьці у іх няма. Цалкам магчыма, што гэта адна з прычынаў сытуацыі ў Летуве.

Суразмоўцы зазначаюць, што большая частка летувіскіх беларусаў скарысталіся магчымасьцю й „перапісаліся” ў палякі, паколькі гэта стварае пэўныя жыцьцёвыя прывілеі.
 
Хведар Нюнька: Беларусы са Смаргоні й Астраўца, пераехаўшы сюды, патрапілі пад польскі ўплыў, які вельмі добра фінансуе й клапоціцца пра мясцовых палякаў. Таму значная колькасьць беларусаў перапісалася ў палякі й гэтая тэндэнцыя працягваецца й сёньня. У 1989 годзе мы былі трэцяй па ліку нацменшасьцю, сёньня нас толькі 1% ад усяго насельніцтва. Канешне, гэта дрэнна. Калі б у Беларусі быў беларускі ўрад, беларская дзяржава, усе, хто запісаўся палякамі, былі б беларусамі. А „дзякуючы” гэтаму рэжыму вось што мы сёньня маем.

Ніна Шыдлоўская: Відавочна, што без падтрымк, большасьць нашых суайчыньнікаў за мяжой пачынаюць упісваць тую нацыянальнасьць, краіна якой выказвае найбольшы інтарэс. Сёньня асабліва моцныя за мяжой польскія суполкі, якія апякуюцца тымі, хто прыхільна ставіцца да польскай культуры ці да Польшчы як краіны. Ці ў Расеі - адпаведна пачынаюць пісацца рускімі. Відавочна, што без пасьлядоўнай і грунтоўнай палітыкі з боку дзяржавных ворганаў у дачыненьні беларусаў, якія пражываюць за мяжой, мы будзем штогод губляць нашых беларусаў пры ўсім тым, што фізычна яны будуць заставацца ў тых краінах, дзе й пражываюць.

Падчас апошняга савецкага перапісу ў 1989 годзе на тэрыторыі Летувы беларусамі лічылі сябе 63 тысячы чалавек. У палове 90-х гадоў у Летуве было больш за  50 тысяч беларусаў.  За 22 гады зь Летувы „зьнікла” па розных прычынах амаль 30 тысяч прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасьці.

Караліна Русіновіч