• NATO не зьбіралася бараніць ПНР ад СССР
  • 19.07.2011

NATO не плянавала аніякіх вайсковых дзеяньняў у сувязі з магчымай савецкай агрэсіяй на Польскую Народную Рэспубліку – гэтак вынікае з архіўных дакумэнтаў альянсу. Учора рассакрэчаныя дакумэнты былі апублікаваныя на сайце Міністэрства замежных справаў Польшчы. 75 аркушаў датычаць ваеннага становішча ў сацыялістычнай Польшчы. 

Апублікаваныя запісы з дыпляматычных і вайсковых нарад сьведчаць аб тым, што NATO разглядала розныя сцэнары ў выніку савецкай экспансіі на Польшчу, а ў тым ліку й хаос у Эўропе. Аднак сам альянс не хацеў умешвацца ў “разборкі” паміж Масквой і Варшавай. Генэралы NATO матывавалі гэта адсутнасьцю юрыдычнай падставы, бо 5 артыкул Вашынгтонскай дамовы, у якім вядзецца наворка пра агульную абарону, ніколі не прымяняўся.

Міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі спачатку даволі моцна выказаўся наконт паводзінаў NATO, якое не жадала дапамагчы польскім змагарам за свабоду. Але ў другой палове дня міністар камэнтаваў гэтую справу больш разважліва.

Р. Сікорскі: Давайце памятаць пра тое, што як тады, так і сёньня NATO зьяўляецца абароннай арганізацыяй. У яго не было мандату, каб умешвацца ў справы краін Варшаўскай дамовы. На жаль, мы былі ў пастцы не па той бок барыкады.

Польшча зьяўляецца першай краінай сярод новых чальцоў NATO, якая разам са штаб-кватэрай пачала рассакрэчваць дакумэнты з пэрыяду “халоднай вайны”. Міністар Сікорскі кажа, што для тых, хто цікавіцца найноўшай гісторыяй, яны могуць быць вельмі цікавай крыніцай інфармацыяй.

Р. Сікорскі: Я лічу, што гэта трэба ведаць, што калі палякі змагаліся за свабоду, аб нашых лёсах думалі і ў штаб-кватэры NATO. Сёньня мы вольныя й зьяўляемся чальцом альянсу. Тыя часы – гэта ўжо гісторыя, да якой няма шляху назад.

На савецкую экспанісю ў Польшчы NATO было гатовае адказаць выключна палітычнымі й эканамічнымі санкцыям, а таксама пратэстамі дыпляматычным шляхам. Напрыклад, NATO-ўскія чыноўнікі бралі па ўвагу скліканьне Рады бясьпекі ААН. 

Аналітыкі Паўночнаатлянтычнага альянсу чакалі масавых уцёкаў палякаў за мяжу й пастанавілі, што іх самалёты будуць саправаджаць польскія паветраныя судны ажно да аэрапортаў краін, якія не ўваходзілі ў той час у склад Варшаўскай дамовы. Аднак у выпадку, калі б савецкія войскі пачалі зьбіваць польскія самалёты, то NATO не павінна было на гэта рэагаваць.

Гісторык зь Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы Ян Аляшэк кажа, што тагачасная пазыцыя NATO была вельмі заканамернай. Паўночнаатлянтычны альянс не жадаў мець непрыемнасьці з СССР.

Я. Оляшэк: У 80-ыя гады заходнія краіны не былі зацікаўленыя ў пашырэньні вайсковага канфлікту. Яны былі настаўлены дастаткова спакойна й мірна. Але, шчыра кажучы, мы пра гэта ведалі й раней. Захад у тыя часы падрымліваў “Салідарнасьць”, але ня быў гатовы да рашучых крокаў.

Памочнік генэральнага сакратара NATO Біл Ітан згодны, што ў апублікаваных дакумэнтах ёсьць добрыя й дрэнныя навіны для палякаў. Ён дадае, што так адбываецца заўсёды пры шчырай размове.

Б. Ітан: Некаторыя пэўна не хацелі б, каб былі апублікаваныя ўсе матэрыялы. Але такой была нашая дамова. Калі мы дамаўляемся дзяліцца самай глыбокай інфармацыяй, то заўсёды будуць і добрыя, і дрэнныя навіны. Гэтыя дакумэнты паказваюць падзеі ў Польшчы, змаганьне адважных людзей за свабоду. Я думаю, што гэта будзе прыкладам многім на сьвеце, хто сёньня змагаецца за свабоду.

Нямала з апублікаваных дакумэнтаў датычыць эканамічнай сытуацыі ў ПНР, палітычнага супрацьстаяньня й нават пілігрымкі на радзіму папы рымскага Яна Паўла ІІ.

Рассэкрэчаньне дакумэнтаў NATO - чарговы этап публікацыі інфармацыі наконт ваеннага становішча. 5 гадоў таму былі рассакрэчаныя архівы Варшаўскай дамовы.  А за тры гады перад гэтым ЦРУ апублікавала амаль 1500 старонак з рапартаў палкоўніка Рышарда Кукліньскага. Напрыканцы году павінны быць апублікаваныя чарговыя 180 дакумэнтаў. Дарэчы, з апублікаванымі дакумэнтамі можна пазнаёміцца на сайце http://www.msz.gov.pl

дг