• 17-гадоў Лукашэнкі: крызыс унутры краіны ды складаныя адносіны з суседзямі
  • 20.07.2011

17 гадоў таму адбылася першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі як прэзыдэнта Беларусі. Іншых прэзыдэнтаў у Беларусі больш не было – у выніку таго рэжыму ўлады, які пабудаваў першы прэзыдэнт. Чым запомніліся 17 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі?

Аляксандар Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам 10-га ліпеня 1994 году. Як зазначаюць экспэрты, гэта былі першыя ды апошнія свабодныя й дэмакратычныя выбары ў Беларусі. Перамог Лукашэнка на выбарах на хвалі папулізму ды настальгіі па савецкім мінулым. Распавядае незалежны палітоляг Віктар Чарноў.

Віктар Чарноў: На зьмену дэмакратычнай эйфарыі, якая ахапіла народныя масы напрыканцы 1980 і пачатку 1990 гадоў, прыйшла дэпрэсія ды настальгія па стабільным савецкім мінулым. Гэта было выклікана няўмелай палітыкай ураду Кебіча, калі ў 1993-94 гады пачалося рэзкае падзеньне ўзроўню жыцьця. Беларусь накрыла папулісцкая хваля – імкненьне да хуткага й простага вырашэньня складаных праблемаў. Пытаньне было толькі ў тым, хто яе асядлае. Найлепш гэта зрабіў Лукашэнка.

Пасьля сваёй перамогі, усе 17 гадоў свайго кіраваньня Лукашэнка захоўвае ды адбудоўвае розныя элемэнты савецкай сыстэмы ў краіне. Менавіта таму сёньня ў Беларусі, як у СССР ёсьць КДБ ды палітычныя вязьні, ідэалёгія, калгасы й дырэктыўная эканоміка. Дарэчы, менавіта так успрымаюць беларускага кіраўніка заходнія суседзі: „чорны пэрсанаж” Эўропы, які ніяк ня можа адарвацца ад савецкага мінулага. Распавядае прафэсар Лодзінскага ўнівэрсытэту Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі.

Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі: У рузуменьні ўлады, Лукашэнка не зьяўляецца нечым надзвычайным, але з пункту гледжаньня формы – так, прынамсі ў Эўропе. Гэта вынікае з таго, што Беларусь доўгі час карысталася падтрымакай Расеі ды захавала стабільную эканоміку. Цяпер гэта завяршаецца. Таксама з боку грамадзтва не было бачна жаданьня адысьці ад савецкасьці й стаць гаспадаром у сваім доме. Дыктатарскія формы ўлады заўсёды абмяжоўваюць магчымасьці разьвіцьця краіны ды амбіцыі грамадзянаў. У Польшчы Лукашэнка ўспрымаецца нэгатыўна. Ён выконвае ролю „чорнага пэрсанажа” на міжнароднай арэне. У СМІ ды кніжках Лукашэнка часта прадстаўляецца як дыктатар, які можа выклікаць у будучыні вайну ды іншыя няшчасьці.

За 17 гадоў свайго кіраваньня Лукашэнка стаў чорным пэрсанажам для Захаду. У Беларусі за 17 гадоў таксама зьмянілася стаўленьне да яго. Спачатку ён быў «народным прэзыдэнтам», які даваў народу стабільнасьць. Сёньня высьвятляецца, што яна была ілюзорная, - зазначае Віктар Чарноў.

Віктар Чарноў: Большы час існаваньня гэтага рэжыму ніякай стабільнасьці не было, а суцэльная зьмена правілаў. Толькі пэрсанальная ўлада аднаго чалавека заставалася стабільнай. Благадатнай глебай для зьяўленьня беларускага аўтарытарызму была пасыўнасьць і нежаданьне займацца палітыкай беларускіх грамадзянаў.

З 2000-х гадоў людзі пачалі патрабаваць ад Лукашэнкі сапраўднай стабільнасьці й дабрабыту, тым больш, што ён сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу ў краіне. Гаворыць Віктар Чарноў.

Віктар Чарноў: У Беларусі прэзыдэнт дэ факта зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот: распусьціў парлямэнт ды ліквідаваў Канстытуцыйны суд. Публічная палітыка, як палітычны працэс, зьнікла ў Беларусі. Пачынаючы з 2000-х гадоў людзі пачалі ацэнваць Лукашэнку не па ягонай харызме, а па канкрэтных выніках рэалізаванай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Адбылася зьмена ў характары падтрымкі: з эмацыйнай на інструмэнтальную. Гэта значыць, што сёньня грамадзкая падтрымка Лукашэнкі залежыць ад таго, наколькі ён і ўрад выконваюць свае абавязкі. Калі ня змогуць выконваць, раней ці пазьней ім давядзецца сысьці. У Беларусі цяпер мы бачым гэты працэс.

Разам з тым, працэс адхіленьня Лукашэнкі ад улады можа расьцягнуцца на гады, - перакананыя ў Расеі. Пра тое, як успрымаюцца 17 гадоў лукашэнкаўскага кіраваньня ў Маскве, мы запыталі расейскаг палітоляга, выкладчыка Вышэйшай школы эканомікі Андрэя Суздальцава.

Андрэй Суздальцаў: За гэтыя гады мы пераканаліся, што Лукашэнка прыйшоў надоўга. Ён адлюстроўвае спэцыфіку маладой нацыі, якая стала тытульнай ды атрымала сваю дзяржаву. Ён „народны прэзыдэнт”, бо дэманструе шматлікія рысы ўласнага народу ды арыентуецца на народ. Пры гэтым ён карысны для эліты й намэнклятуры. Ён прызвычаіў Беларусь да ўтрыманскага эканамічнага ладу, арыентацыю на зьнешнюю падтрымку. Цяпер, калі такой падтрымкі няма, яму стала вельмі цяжка. Ён аўтарытарны лідар і – як усе аўтарытарныя лідары – проста так не адмовіцца ад улады. Толькі з уласнай сьмерцю.

На 17 годзе свайго кіраваньня Аляксандар Лукашэнка сутыкнуўся з праявамі крызысу ва ўсіх сфэрах пабудаванай ім сыстэмы: эканамічнай, сацыяльнай ды палітычнай. Ён не перастае паўтараць, што ўсё пад кантролем ды ніякага крызысу няма. Пры гэтым усё менш беларусаў вераць яму. Паводле апошніх сацапытаньняў – гэтая лічба скарацілася да 29%.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч