• "Шклоўскі гітлерок"
  • 01.01.2005
“Шклоўскі гітлерок”. Як вы думаеце, пра каго так сказана? Покуль вы думаеце, патлумачу, чаму пытаюся. На днях была падпісана пастанова аб узбуджэньні крымінальнай справы ў адносінах да былога бізнэсоўца, палітвязьня й дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэя Клімава. Яе падпісаў старшы памочнік пракурора Менска па надзору за захаваньнем законаў аб дзяржаўнай бясьпецы, малодшы саветнік юстыцыі Украінцаў.

Крымінальная справа ўзбуджаная па факце абразы Клімавым прэзыдэнта ў кнігах “Відавочныя ісьціны”, “Я зрабіў свой выбар”, “Прагулкі з вампірам”, “Ачавідныя ісьціны”.

Клімаў расказваў, што да пачатку допыту пракурор імкнуўся даверліва спытаць: “Каго вы мелі на ўвазе, калі пісалі “Шклоўскі гітлерок”? А вы каго? - у сваю чаргу спытаў Клімаў. Прыкладна ў такіх дыялёгах адбываўся допыт. Напрыканцы яго Клімаў спытаў у пракурора, ці мае той апошнюю яго кнігу «Паўстаньне 2005»? Не - адказаў пракурор. Дык я вам яе падару і падпішу… Пракурор зьніякавеў. У кнізе выкладаўся плян беларускай рэвалюцыі.

У парку Янкі Купалы сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек былых удзельнікаў аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Як толькі тут зьявілася ўдзельнікі з аранжавымі балёнікамі, стужкамі, сьцяжкамі, да іх падышоў падпалкоўнік Гірэль і папярэдзіў, што акцыя ў парку Янкі Купалы не дазволеная ўладамі. Ён запатрабаваў, каб усе пакінулі парк. Удзельнікі акцыі паводзілі сябе мірна й накіраваліся ў бок цырку. Але ў гэты час іх акружылі міліцыянты ў цывільным і пачалі зацягваць у мікрааўтобусы.

Пасьля затрыманьня іх адвезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Пратрымаўшы ў пастарунку паўтары гадзіны, усіх адпусьцілі. У затрыманых зьнялі адбіткі пальцаў, запісалі на відэа.

Перад пачаткам акцыі Марыне Багдановіч, актывістцы АГП, якая выступае асноўным арганізатарам, патэлефанаваў падпалкоўнік Сяргей Гірэль, прадстаўнік менскай міліцыі. Ён папярэдзіў, калі толькі хто з удзельнікаў акцыі праявіць актыўнасьць, разгорне намёт, які прывезьлі з Кіева, ці плякаты, то гэтых грамадзянаў адразу будуць затрымліваць.

У зьвязку з гэтым арганізатары акцыі вымушаныя былі адмовіцца ад пэўнай часткі плянаванай праграмы, каб не сапсаваць яе ўдзельнікам навагоднія сьвяты. Аднак у праграме, як сказала Марына Багдановіч, засталася гародніна. Нагадаю, што меркавалася аднесьці да Адміністрацыі Прэзыдэнта аранжавы гарбуз і папрасіць ахову, каб тая перадала яго прэзыдэнту Лукашэнку.

А свой чарговы Новы Год Міхаіл Марыніч сустрэне ў турме. Шэсьць гадоў зьняволеньня запатрабаваў пракурор для Міхаіла Марыніча.

Уладзімер Падгол