• Цэнзура на карціны
  • 13.12.2006
У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі адчынілася новая экспазыцыя, мастацкія творы экспануюцца цяпер у трынаццаці залях галоўнага й новага карпусоў. Выставачныя плошчы музэю павялічыліся больш чым у чатыры разы. Але радасьць азмрочаная тым фактам, што новы корпус Нацыянальнага мастацкага музэю будавалі амаль чвэрць стагодьдзя, за гэты час музэй набыў шмат новых мастацкіх твораў, у выніку ізноў адчуваецца істотны недахоп экспазыцыйных плошчаў.

Апроч таго, некаторыя мастацкія палотны зьніклі з новай экспазыцыі з палітычных меркаваньняў. Экспанаваць творы мастакоў, якія маюць апроч таленту актыўную грамадзкую пазыцыю, кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музэю палічыла небясьпечным. Гэткі лёс напаткаў, напрыклад, карціну Аляксея Марачкіна, які падзяліўся сваімі ўражаньнямі пра доўгачаканае павелічэньне плошчы мастацкага музэя.

Марачкін: З аднаго боку? аптымізм, бо нарэшце ў нас ёсьць заля беларускага мастацтва. Але фактычна ў Беларусі няма Нацыянальнага беларускага музэя. Гэта музэй расейскага мастацтва, там у асноўным творы расейскіх мастакоў. У канцы 60-х - пачатку 70-х на першым паверсе была заля беларускага мастацтва, пасьля яе ня стала.

Нацыянальнага мастацкага музэя ў Беларусі няма, а прыбудова не рашае праблемы. Станоўчы момант, што прадстаўлена старажытнабеларускае мастацтва. Што тычыцца 20-х, 30-х гэта найвялікшы пэрыяд у гісторыі нашага мастацтва, гэтага няма. Ні Малевіча, ні Шагала. Ва ўсечаным варыянце маем творы Сергіевіча, Драздовіча. У маленькай залі пастаяннай экспазыцыі была ягоная "Пагоня Ярылы", а зараз яе няма. Цэнзура. Шмат мастакоў не прадстаўлена на выставе з цэнзурных меркаваньняў. У першы дзень шмат карцінаў было на сьценах, а потым, перад візытам кіраўніка краіны, іх зьнялі. Мяне ўжо віншавалі, што вісіць мая карціна "Вераніка й Максім", але яе зьнялі, як і карціны Альшэўскага, Нэлі Шчаснай. Мы не пабачым графікі выдатнага мастака й грамадзкага дзеяча Ўладзімера Вішнеўскага, не пабачым Рыгора Сітніцы.

Ганна Гарачка