• Xто на якім баку гуляе
  • 14.01.2006
Аналіз інфармацыйных перадачаў прэзыдэнцкіх СМІ за апошнія дні паказвае, хто на якім баку гуляе. Калі ўладныя прапагандысты кажуць пра прэзыдэнцкія выбары, то ўзгадваюць вялікую колькасьць подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Лукашэнкі й Гайдукевіча. Пра астатніх кажуць, быццам бы яны адмаўляюцца даваць зьвесткі пра колькасьць сваіх падпісантаў. А насамрэч штабы Міленкевіча й Казуліна рэгулярна паведамляюць пра колькасьць сабраных подпісаў. Так па апошніх зьвестках за Казуліна й Міленкевіча падпісалася па 100 тысяч грамадзянаў, пра што й паведаміла газэта „Камсамольская праўда” за 13 студзеня. Гэтыя дзьве асобы маюць усе шанцы быць зарэгістраванымі, калі толькі Цэнтарвыбаркам ня знойдзе сярод падпісантаў ліпавых, якія падпісваліся спэцыяльна, каб потым заявіць пра несапраўднасьць свайго подпісу. Падчас парлямэнцкіх выбараў такія правакацыі з боку ўладаў былі часта.

11 студзеня адбыўся невялікі інфармацыйны прарыў Міленкевіча. У Парыжы ён сустрэўся зь міністрам замежных спраў Францыі і даў інтэрвію тэлекампаніі Эўраньюс. Яно цягнулася 5 хвілінаў і перадавалася праз кожныя некалькі гадзінаў цягам сутак. Прэзыдэнцкія СМІ прозьвішча Міленкевіч, Казулін і Фралоў не ўзгадваюць увогуле.

Цікавыя назіраньні за ходам збораў подпісаў. У адным з раёнаў Менску ў пікет па збору подпісаў паставілі супрацоўнікаў жільлёва-камунальнай гаспадаркі: прыбіральшчыц, сантэхнікаў. За дзень яны назьбіралі толькі адзін подпіс. Яшчэ адзін не паставілі, бо ў бабулькі, якая пажадала паставіць подпіс, не было пашпарту.

Падобныя назіраньні правёў журналіст газэты „Камсамольская праўда” ў падземным пераходзе ля мэтро Ўсход. За 30 хвілінаў ля пікета Лукашэнкі за яго падпісаўся толькі адзін чалавек, а за Мілінкевіча – 8.

Сам бачыў, як каля ўваходу на самы буйны ў Менску рынак – Камароўскі зьбіралі подпісы за Лукашэнку. Каб падпісацца, стаялі тры чалавекі: дзед гадоў пад 70 і дзьве бабулькі. А ў пікеце чатыры асобы. Двое маладзёнаў пры плякаце й двое падпісвалі. А вакол віравалі людзі, назіраючы за незвычайнай акцыяй. Побач не было ніводнага пікета ад лідэраў апазыцыі.

11 студзеня адбылася інаўгурацыя Назарбаева на прэзыдэнцкі пост у Казахстане. Былі Пуцін і Юшчанка. А Лукашэнкі не было. Ён паслаў кіраўніка парлямэнту Навіцкага. Затое з экрана беларускага тэлебачаньня Лукашэнка разважаў пра лідыруючую ролю Беларусі ўва ўсіх палітычных і эканамічных аб’яднаньнях на постсавецкай прасторы, падкрэсьліваючы іхны вялізны патэнцыял і эфэктыўнасьць. А напрыканцы, як унтэрафіцэрская ўдава, якая сама сябе высекла, прагучалі скаргі, што сябры вайсковага аб’яднаньня, без узгадненьня з чальцамі АДКБ, прадастаўляюць свае вайсковыя базы войскам НАТА – “праціўнікам”, як падкрэсьліў Лукашэнка. Ліліся скаргі на немажлівасьць усталяваць адзіныя тарыфы на перавозку грузаў па чыгунцы... І сапраўды Расея, Беларусь, Казахстан і Ўкраіна ўтварылі адзіны эканамічны саюз. Але каб правесьці вагон з грузам ад Казахстану да Беларусі па тэрыторыі Расеі – саюзьніка трэба заплаціць 1100 эўра. А каб правесьці той жа груз з Расеі ў Беларусь – некалькі цэнтаў. Дык які ж той Саюз? Брахалаўка.

Калі фэервэрк Лукашэнкаўскіх камплімэнтаў да постсавецкіх саюзаў аціх, ён раптам задуменна сказаў: трэба шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энэргазабесьпячэньня... Відаць, Расейска-Ўкраінская газавая вайна глыбока засела ў ягоных мазгах. А тут яшчэ адзін зь лідэраў Газпрому заявіў, што нізкі кошт на газ для Беларусі – толькі на гэты год. А на будучыя кошты будзем глядзець у залежнасьці ад стварэньня сумеснага прадпрыемства Газпрому й Белтрансгазу. Ягоная труба для Лукашэнкі – гэта як падчас вайны з гітлераўцамі – апошні рубеж. Забяруць трубу – забяруць уладу. І вось ужо ў Докшыцах Лукашэнка цьвердзіць, што таннага газу для Беларусі ня будзе. У Расею Беларусь уваходзіць ня будзе – “Навоша кудысь уступаць, калі мы можам на прынцыпах саюзных адносінаў жыць з Расеяй, як адзіная дзяржава?”

Вось тут і ўзьнікае пытаньне: “Што азначае гэтае быць самастойнымі і ў той жа час “як адзіная дзяржава”?”

Ці гэта ў галаве такі парадак, ці мэтанакірвана кажацца, каб каму што прыемна чуць, тое і чулі?

12 студзеня ў Докшыцах Лукашэнка патлумачыў сваё разуменьне суверэннасьці. Амаль кожны ягоны публічны выступ – гэта кароткая лекцыя на тэму незалежнасьці й сувэрэннасьці. Дык вось ён сказаў: “За 5 год мы мусім перавесьці 25 адсоткаў энэргетыкі на мясцовыя віды паліва – Забяспечыць незалежнасьць па рэсурсах – значыць быць сувэрэнным”. І яшчэ Лукашэнка ставіць задачу на гэты год дамагчыся ад Расеі нізкіх тарыфаў за транспарціроўку энэрганосбітаў зь Сярэдняй Азіі. Прыклад Украіны, якая зьнізіла куплю дарагога газу па 230$ за тысячу кубоў ад Расеі ў два разы й павялічыла закупку газу з Туркмэніі па 50 даляраў, натхніў прэзыдэнта Беларусі.

Уладзімер Падгол