
22 сьнежня першыя лідэры падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па збору подпісаў па вылучэньні кандыдатамі ў прэзыдэнты.
Зянон Пазьняк, які знаходзіцца за мяжою, прыслаў свае дакумэнты па пошце, і Цэнтаравыбаркам атрымаў ягоную заяву першай.
Дакумэнты Аляксандра Лукашэнкі пасьля 18-й гадзіны прынёс кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман. Потым прынесьлі дакумэнты Гайдукевіча.
Дакумэнты першай тройкі прынятыя да разгляду Цэнтарвыбаркамам. Адметна, што склад ініцыятыўных груп значна перавышае сто чалавек, якія прадугледжваюцца заканадаўствам.
У групе Лукашэнкі – 6 212 чалавек. У спадара Гайдукевіча – 3073 чалавек. Зянон Пазьняк падаў сьпіс на 2405 чалавек.
23 сьнежня падалі сьпісы: Мілінкевіч— 5136, Казулін – 3347, Вайтовіч - 1314, Фралоў - 1152. Сяргей Скрабец – 130.
Начальнік штабу Сяргей Калякін паведаміў, што ад адзінага кандыдата будуць накіраваныя прадстаўнікі ўва ўсе тэрытарыяльныя камісіі.
Адметнасьць кампаніі ў тым, што ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада ідуць дзьве асобы: Казулін і Фралоў. Кіраўніцтва партыі ўгаворвала Фралова не падаваць сьпісы, не зьбіраць подпісы, а далучыцца да Казуліна, увайсьці ў ягоную каманду. Але Фралоў адмовіўся, кажучы, што зьняцца ніколі ня позна, а покуль трэба пазмагацца.
Cёньня за новага лідэра апазыцыі гатовыя прагаласаваць 18,1% выбарцаў. Гэта выявіла апытаньне грамадзкай думкі, праведзенае ў сьнежні пры спрыяньні групы прафэсара Манаева. Рэйтынг адзінага кандыдата рос на 9% у месяц: Мілінкевіч стартаваў з нулявой вядомасьці перад Кангрэсам дэмакратычных сілаў. Рэйтынг А.Лукашэнкі вырас за два месяцы на 5% і цяпер складае пры закрытым апытаньні 54,1%.
Пры адкрытым апытаньні рэйтынг А.Лукашэнкі мала мяняецца (52,5%). А А.Мілінкевіча ў гэтым выпадку называюць 6,6%. Папулярнасьць астатніх палітыкаў застаецца ў межах статыстычнай памылкі: за А.Лябедзьку гатовыя галасаваць 2,4%, С.Гайдукевіча — 1,2%, З.Пазьняка — 1,1% выбарцаў, за астатніх — менш за 1%.
Усяго было апытана 1514 чалавек. Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці ня большая за 3%. Нагадаем, што з 1994 г. найвышэйшых сярод апанэнтаў А.Лукашэнкі паказчыкаў дасягаў рэйтынг Зянона Пазьняка — 16% у 1996 годзе.
З усіх інфармацыйных блёкаў прэзыдэнцкіх СМІ можна зрабіць выснову, што
лёзунг кампаніі Лукашэнкі: “Стабільнасьць і дабрабыт”. Асноўны лёзунг кампаніі Міленкевіча: “Не стабільнасьці ў жабрацтве”.
Сілы няроўныя:
Па тэлебачаньні ідзе інтэнсіўная прапаганда сталінізму. Кожны дзень з моманту абвяшчэньня выбараў БТ паказвае дакумэнтальны фільм „Генералісімус”, дзе Сталін выглядае лепшым з кіраўнікоў СССР і Расеі за ўсе часы. А параллельна ідзе дакумэнтальны фільм, у якім шматлікія дзеячы з розных краінаў, у тым ліку і з Польшчы, сьведчаць пра тое, што ў іхных краінах галеча, развал, а ў лукашэнкаўскай Беларусі ледзь ня рай. Прычым у гэтым хоры кожны дзень выдзяляецца асоба Леха Валэнсы.
Адносіны да выбараў прэзыдэнта ў лідэраў апазыцыі розныя. Так колішні міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў заклікае байкатаваць прэзыдэнцкую выбарчую кампанію, а Ўладзімер Колас, дырэктар Гуманітарнага ліцэю, які ўлады закрылі, наадварот, заклікаў інтэлігенцыю далучыцца да кампаніі Мілікевіча. Адметнае тут тое, што Колас сам зьбіраўся ісьці на выбары кандыдатам у прэзыдэнты, потым схіляўся да думкі, што трэба выбары байкатаваць. І вось у Мілінкевіча паболела сяброў.
Уладзімер Падгол