• У Санкт-Пецярбурзе сустрэліся Пуцін і Лукашэнка
  • 28.01.2006
Тыдзень быў вельмі насычаны палітычнымі падзеямі, якія праясьнілі палітычны лёс краіны, іхных лідэраў і адносіны паміж імі. У Санкт-Пецярбурзе сустрэліся Пуцін і Лукашэнка. Іхныя прыхільнікі чакалі гэтую сустрэчу зь лістапада 2005 году.

Прэзыдэнскія СМІ пастаянна цьвердзілі пра лёсавызначальны характар сустрэчы, дзе плянавалася разгледзець праект Канстытуцыйнага акту, які быццам бы ўжо і адпрацаваны, і адшліфаваны. І вось доўгачаканая сустрэча адбылася.

Яна сам-насам цягнулася ня больш за паўгадзіны. Падчас яе Пуцін прадставіў пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава.

Словы пра Канстытуцыйны акт увогуле не ўжываюцца ў рэпартажах пра сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў.

Перамовы аб адзінай валюце Саюзу Беларусь-Расея зайшлі ў тупік. Аб гэтым сказаў расейскай газэце “Камерсант” міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын. Ён сказаў:

„Беларускія перамоўшчыкі ацэньваюць урон ад увядзеньня адзінай валюты ў 1,8 мільярды даляраў. Яны хочуць, каб Расея кожны год пералічвала ім гэтую суму. Беларусам прапаноўвалі гэтыя грошы хаця б у якасьці крэдытаў, але іх гэта не зацікавіла.”

Адзіным крокам наперад па збліжэньню дзьвух краінаў лічыцца пагадненьні, падпісаныя Пуціным і Лукашэнкам аб збліжэньні умоў існаваньня грамадзянаў у сваіх краінах. Так беларусам можна быць у Расеі да 30 сутак без рэгістрацыі, і наадварот. Будзе бясплатная мэдычная дапамога. Цікава, што гэтыя ўмовы папярэдне Лукашэнка ўвёў сам для расейцаў і Пуціну ня было куды саступаць...

У Эўропе і ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы адбылася псіхалягічная бітва паміж прадстаўніком беларускай апазыцыі і ўладарнікамі краіны.

Спачатку Мілінкевіча прыняло кіраўніцтва Польшчы й выразіла яму падтрымку ў палітычнай барацьбе за пасаду прэзыдэнта. Гэта выклікала нэрвовую адмоўную рэакцыю кіраўніцтва МЗС Беларусі. Потым Рада Эўропы прыняла рэзалюцыю па Беларусі, дзе заклікала да палітычнай ізаляцыі вышэйшага кіраўніцтва краіны. Адвакатам дыктатуры выступіў спікер Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў: “Беларусь - міралюбівая эўрапейская дзяржава, і заклікі да яе міжнароднай ізаляцыі больш бы падышлі да сярэдніх вякоў, а не для Эўропы ХХI веку”.

А ў Санкт-Пецярбурзе Пуцін наступнымі словамі ацаніў сваё стаўленьне да беларускага рэжыму й Лукашэнкі:

“Краін у сьвеце, якія карыстаюцца сувэрэнітэтам, няшмат. Хаця яны й сувэрэнны, але іхная зьнешняя палітыка вельмі залежыць ад іншых краінаў. У гэтым пляне Беларусь – унікальная краіна. Яна маленькая, але праводзіць незалежную, самастойную палітыку. За гэта Беларусь і расплочваецца. За гэта Беларусь і б'юць. Расея як і раней будзе падтрымліваць Беларусь на міжнароднай арэне”.

Як кажуць у такіх выпадках: “Стаўкі зроблены, спадары!”. Палітычнае кіраўніцтва Эўропы прадэманстравала падтрымку адзінага кандыдата ад апазыцыі, Расея робіць зноў стаўку на Лукашэнку.

Напрыканцы пра ішны кірунак барацьбы. Калі я на гэтым тыдні вяртаўся з Варшавы ў Менск, зьвярнуў увагу на народны тэлевізар – бятонны плот, што бароніць чыгунку ў межах горада ад перашкод. У мінулыя гады ўсе такія платы былі размаляваныя апазыцыйнымі лёзунгамі. Зараз ніводнага апазыцыйнага закліку, акрамя “Свабоду Марынічу”, ды і той укрыжаваны-закрэсьлены. Затое шмат такіх надпісаў: “НАТА – гэта гестапа”, “ЕС – горш за СС”, „Уступайце ў БРСМ”. Гэтыя надпісы чытаюць сотні тысячаў простых людзей, калі праяжджаюць на электрычцы міма ў Менск і назад. Прачытае гэтыя лёзунгі й вядомая эўрапейская дзеячка Ута Цапф, якая на наступным тыдні наведае Менск, каб паспрабаваць пачаць кансультацыі з прадстаўнікамі вышэйшай намэнклятуры рэспублікі. Амбасадар Чэхіі Ўладзімер Румл на гэтым тыдні даведаўся пра сэнс гэтых надпісаў, калі на сваім аўто зь дзяржаўным сьцягам сваёй краіны спрабаваў наведаць Статкевіча, які адбывае пакараньне рэжыму на так званай хіміі – прымусовай працы. Машыну амбасадара Чэхіі затрымалі міліцыянты, спрабуючы праверыць яе тэхнічны стан і дакумэнты. Добра, што яшчэ не арыштавалі, як шпіёна. Але думаю, што гэта толькі покуль. З набліжэньнем выбараў ад уладаў можна чакаць і такіх дзеяў. Прыяжджайце ў Беларусь тыя, хто любіць экстрым. Не пашкадуеце.

Уладзімер Падгол