• Прэзыдэнцкія выбары на Беларусі
  • 21.01.2006
Прэзыдэнцкія выбары на Беларусі ўвайшлі ў новыя этапы. Па-першае, Цэнтрвыбаркам папярэдзіў каманды Мілінкевіча і Пазьняка пра недапушчальнасьць выкарыстоўваньня сродкаў для вядзеньня агітацыі да рэгістрацыі асобы кандыдатам у прэзыдэнты. Мілінкевічу папрок зроблены за распаўсюд ягонымі прыхільнікамі маленькіх каляндарыкаў зь яго фотаздымкам і надпісамі: “Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Умее перамагаць. Ведае, што рабіць. Любіць Беларусь”.

Каляндарыкі гэткага кшталту пэрыядычна канфіскуюць міліцыянты.

Пры гэтым тое, што Лукашэнка кожны дзень пазіруе на тэлеэкране, кожны дзень вядзе ўскосную агітацыю за сябе, не выклікае карнай рэакцыі Цэнтарвыбаркаму. Гэта расцэньваецца як выкананьне Лукашэнкам сваіх прэзыдэнцкіх абавязкаў. Раскажу пра адзін зь іх. Так, кіраўнік дзяржавы, загадаўшы склікаць усенародны сход, часта кажа, што на ім будзе разгледжаны чарговы пяцігадовы плян для ўсёй рэспублікі. Каманда Мілінкевіча таксама мае праграму разьвіцьця Беларусі на бліжэйшую будучыню. Але яе немажліва давесьці да выбаршчыкаў.

18-19 студзеня прэзыдэнцкія СМІ як галоўную навіну падалі пачатак працы назіральнікаў за выбарамі ад СНД. Іхную групу ўзначальвае стаўленік Пуціна – Рушайла. Нагадаю, што ўвосень падчас парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму аб зьняцьці абмежаваньняў на тэрміны праўленьня прэзыдэнтам Беларусьсю, Рушайла выступаў палітычным адвакатам Лукашэнкі, цьвердзячы, што ніякіх парушэньяў не было, усё дэмакратычна.

Зараз гледзячы, як Рушайла бадзёра дае інтэрвію пра тое, што за першы дзень назіраньня ніякіх сур'ёзных парушэньняў няма, мне раптам падалося, што ён вось-вось скажа: “Выбары далей можна не праводзіць, перамог Лукашэнка”.

У той жа час Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ ў Варшаве атрымала запрашэньне ад Цэнтарвыбаркаму Беларусі назіраць за выбарамі. Як паведаміла прэсавы сакратар БДІПЧ, зараз кіраўніцтва арганізацыі разглядвае мэтазгоднасьць гэтага запрашэньня. Нагадаю, што ўвосень, калі на Беларусі адначасова ішлі выбары ў парлямэнт і рэфэрэндум, БДІПЧ АБСЭ накіравала назіральную групу ў Беларусь, але толькі для назіраньня за выбарамі. За ходам рэфэрэндуму БДІПЧ АБСЭ не назірала.

Унутры апазыцыі тым часам выбухнуў новы канфлікт. Радыё Свабода па чарзе праводзіць онлайнавую канфэрэнцыю зь лідэрамі апазыцыі, каманды якіх зьбіраюць подпісы за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты. Чарговыя адказы мусіў даваць Казулін. Ён адмовіўся адказваць на пытаньні, і тады рэдакцыя “Свабоды” выставіла на сваім сайце пытаньні да Казуліна, шэраг якіх проста абразы, лаянка.

Прычым частка абразаў зроблена з цытатаў Лукашэнкі. Ён і ягоныя прыхільнікі могуць быць задаволены.

Уладзімер Падгол