• Дзейнасьць БМА-group
  • Audio0 KB
  • 02.01.2007
Кожны чалавек хоча слухаць музыку, песьні, пераважна на сваёй уласнай мове. Толькі тады ў яго ўзьнікаюць сільныя эмацыйныя сувязі з дадзенай кампазыцыяй. На жаль, беларускі народ зьяўляецца выключэньнем з гэтага правіла, паколькі бальшыня беларусаў, хоць і лічыць беларускую мову роднай, але штодзённа карыстаецца мовай суседа – расейскай. І музыка па радыё, тэлебачаньню ды з хатніх магнітафонаў гучыць пераважна расейская. У 1996 годзе група маладых людзей вырашыла, што трэба нешта зрабіць для беларускамоўных гуртоў, якія знаходзяцца ў горшай сытуацыі, чым расейскамоўныя.

Так узьнікла БМА-group – Беларуская Музычная Альтэрнатыва, якая паставіла сваёй мэтай дапамогу ў выдаваньні й прамаваньні музычных калектываў, якія сьпяваюць на беларускай мове. Мы запыталі кіраўніка БМА Віталя Супрановіча, як ён ацэньвае гэтыя 10 гадоў дзейнасьці арганізацыі.

В.Супрановіч: Мне здаецца, што шмат у чым мы былі першымі. Напрыклад, адразу пасьля заснаваньня нашай арганізацыі мы паставілі сабе задачу, каб беларуская музыка выходзіла на кампакт-дысках. Да гэтага яна існавала пераважна на аўдыё-касэтах. Першы дыск, які выйшаў нармальным, заводзкім накладам – гэта кружэлка “Вольныя танцы. Слухай сваё”. Пасьля й іншыя фірмы пачалі быць больш сьмелымі ў выдаваньні беларускамоўнай музыкі на дысках.

Мы стараліся выдаваць ня толькі дыскі беларускіх выканаўцаў, але й ладзіць ім канцэрты ў розных прэзэнтабельных залях – напрыклад, у Менскай канцэртнай залі, якая разьлічаная на паўтары тысячы чалавек. Упершыню быў праведзены зборны канцэрт рок-гуртоў у лядовым палацы, дзе можа сабрацца 3 тысячы публікі. Зразумела, цяпер становіцца цяжэй, бо асноўныя нашы выканаўцы – гэта беларускамоўныя гурты, многія зь якіх знаходзяцца пад негалоснай забаронай. І гэта накладвае свае цяжкасьці. Зразумела, ёсьць беларускія гурты, якія маглі б зьбіраць і па пяць-дзесяць тысяч слухачоў, але пакуль яны ня могуць свабодна ладзіць канцэрты, хаця афіцыйна быццам бы й не забаронены.

Калі ўзьнікла БМА, то неўзабаве была створана таксама афіцыйная інтэрнэт-старонка арганізацыі. Але цяпер яна, на жаль, не абнаўляецца. Калі можна было б спадзявацца, што на сайце зноў пачнуць паяўляцца актуальныя зьвесткі?

В.Супрановіч: Наша арганізацыя ня цалкам камэрцыйная. А існаваньне такой старонкі патрабуе даволі вялікіх накладаў сродкаў. Патрэбныя таксама адмыслоўцы, якія маглі б заняцца наладжаньнем такога сайту й займацца ім. На пачатку да нас зьвярнуўся малады хлапец – Янук Латушка, які запрапанаваў заняцца сайтам. Але цяпер ён адышоў ад гэтае справы. А нікога новага не знайшлося, але мы спадзяемся, што неўзабаве нам удасца нешта з гэтым зрабіць і сайт зноў пачне абнаўляцца.

Дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі становіцца ўсё больш цяжкай, і нават паяўляюцца думкі, ці такі сайт нам патрэбны.

Нягледзячы на гэтыя цяжкасьці, БМА плянуе новыя праекты.

В.Супрановіч: Літаральна на днях павінен выйсьці альбом гурта “Таварыш Маўзэр” пад назовам Радасьць. “Таварыш Маўзэр” – гэта пераможца Басовішча. Вельмі пэрспэктыўны малады гурт з Магілёва. На пачатку студзеня мы плянуем выдаць кружэлку, прымеркаваную да 100-годзьдзя народзінаў Сяргея Новіка-Пяюна. На гэтым дыску розныя выканаўцы сьпяваюць песьні на вершы паэта.

Мы працягваем працаваць над перавыданьнем старых альбомаў, якія раней існавалі толькі ў касэтным выглядзе. Цяпер вядзем перамовы, каб выдаць альбом “28-я зорка” гурта “Мроя”, альбомы Віктара Шалкевіча “Смутны беларускі блюз” і “Баляды і рамансы”, альбом Данчыка “Мы адной табе належым” сумесна зь Лявонам Барткевічам і самы першы яго дыск “Беларусачка”. Перавыданьню праграм мы надаем вялікую ўвагу, паколькі раней многія зь іх існавалі толькі ў касэтным варыянце, але час ідзе, і цяпер многія ўжо ня слухаюць касэт. Людзі слухаюць дыскі, апроч таго, каб гэтыя альбомы захаваліся, іх неабходна тэрмінова пераводзіць у лічбавы фармат.

Да нас часта зьвяртаюцца маладыя гурты, якім мы стараемся дапамагаць. Гэта, напрыклад, гурт “Голая манашка”. Мы праводзім канцэрты, дапамагаем гэтым калектывам, калі ёсьць такая магчымасьць, выдаць свае кампазыцыі.

БМА распаўсюджвае сваю прадукцыю ня толькі ў Беларусі. Яна супрацоўнічае з партнэрамі з Польшчы, Украіны, Расеі, дзе таксама ёсьць жадаючыя купляць беларускія кружэлкі. Але пакуль што, па словах В.Супрановіча, гэтае супрацоўніцтва ідзе на аматарскім узроўні. Вялікія кампаніі гуказапісу не зацікаўленыя выдаваньнем творчасьці беларускамоўных гуртоў.

Натальля Грышкевіч