• Народны - гэта які?
  • 29.08.2006
Народны пісьменьнік, народны артыст, народны мастак- у савецкія часы за гэтыя тытулу змагаліся амаль усе культурныя дзеячы. Савецкія часы адышлі ў мінулае, а таксама адыходзяць у вечнасьць і шматлікія ляўрэаты дзяржаўных адзначэньняў. Памёр народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль, няма ўжо Васіля Быкава, Івана Шамякіна ды Максіма Танка. Засталіся толькі трое народных пісменьнікаў: Ніл Гілевіч, Іван Навуменка ды Рыгор Барадулін. Сярод мастакоў народных было няшмат, а што датычыць артыстаў, дык гэта ўвогуле цікавая справа.

Народны - ён з народу ці для народу? Безумоўна, для народу, упэўненая літаратуразнаўца Ала Сакалоўская.

А.Сакалоўская :Таму што ён для народу, ён прадстаўляе народ. Сваёй творчасьцю ён прадстаўляе Беларусь. Ён - прадстаўнік гэтага народу й таму ён народны.

Але нягледзячы на тое, што гэта прадстаўнік усяго народу, адзначэньне павінны прысуджаць спэцыялісты ў адпаведных галінах творчасьці - дадае А.Сакалоўская.

А.Сакалоўская : Званьні павінны вызначаць прафэсіяналы. І калі гэта артыст, і калі сьпавак. Вось паглядзіце, народ валам валіць на гэтую папсу, так што, гэта народныя песьні? Якія яны народныя? Хоць і для народу. Гэта высокае званьне, таму тое, што гэты чалавек робіць, павінна ўзбагачаць, а не руйнаваць культуру. А выглядае на тое, што разбурае. Бо усё вызначаецца не прафэсіянальна, а ўсе ведаюць, як...

На самой справе дзяржаўнае адзначэньне не мае ніякага значэньня для творчасьці - мяркуе бард Віктар Шалкевіч.

В. Шалкевіч: Ці перад вайной былі народныя пісьменьнікі? Проста былі добрыя пісменьнікі й дрэнныя. Народным ён робіцца тады, калі народ яго чытае. І ня трэба ніякіх узнагародаў. Лепей зрабіць гаму нармальны тыраж кнігі ды нармальную прамацыйную кампанію, каб пра яго чулі.

Чым на сёньняшні дзень зьяўляецца ганаровае слова „ Народны” - гэта функцыя ці знак пашаны? Паводле пісьменьніка Уладзімера Арлова-найлепшым знакам пашаны для пісьменьніка зьяўляюцца ягоныя чытачы.

Ул. Арлоў: Калі ў пісьменіка ёсьць чытачы, калі на сустрэчах з ім запаўняюць залю, калі запатрабаваныя ягоныя кнігі - гэта вышэй за любыя званьні. Прэзыдэнт, канешне, можа там камусьці прысвоіць народнага, але гэта не значыць, што адразу ўсе накінуцца на ягоныя кніжкі

А можа сапраўды найлепш прыслухацца да меркаваньняў творцаў ды, замест адзначэньняў, заняцца прамоцыяй іх творчасьці. Бо сучасная творчасьць - гата багацьце ўсяго беларускага народу, а гэта значыць - народная творчасьць - якую ацэняць, а можа нават і дацэняць у сьвеце. І гэта будзе найлепшая ацэнка для усяго народу.

Караліна Русіновіч