• Cувэрэнная й незалежная беларуская дзяржава
  • 07.01.2006
„У гэтай пяцігодцы мы зрабілі галоўнае – рэалізаваліся як суверэнная і незалежная беларуская дзяржава. Мы пераканаліся самі і чарговы раз даказалі ўсяму сьвету: беларускаму народу жыць у сваёй, незалежнай краіне! (...) Незалежная Беларусь упэўнена глядзіць у заўтрашні дзень”

Гэта ўсё цытаты з навагодняга віншаваньня прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі беларускаму народу.

Але ва ўсім віншаваньні няма слова дэмакратыя. А што ёсьць насамрэч?

Давайце паглядзім. Ідзе збор подпісаў па вылучэньні асобаў кандыдатамі ў прэзыдэнты. Да маіх знаёмых ужо прыходзілі зьбіраць подпісы за вылучэньне Лукашэнкі сантэхнікі ЖЭСа і настаўніцы школы, ня тыя ні другія ня мелі пасьведчаньняў зборшчыкаў подпісаў. Але сантэхнікі пагражалі рознымі карамі з боку ЖЭСа, накшталт: “сьвятло адключым”, калі жыхар не паставіць подпіс.

А вось маці ўнучкі паэта Сяргея Законьнікава - гэта значыць ягоную дачку, выхавацельніца дзяцячага садка шантажавала па іншаму: “Калі не падпішацеся за Лукашэнку, тады вашае дзіцятка ня пойдзе ў тую школку, што побач з вашым домам. Мы яе накіруем на другі край горада...”

Газэта „Камсамольская праўда” за 6 студзеня распавяла пра тое, што ў Менску нават дворнікі пагражаюць жыхарам ня прыбіраць каля іхнага пад’езду, калі тыя не паставяць подпіс за Лукашэнку.

Прагнозы ў нашай палітыцы справа няўдзячная, але тут паспрабую прадказаць лічбу грамадзянаў, якія вылучаць Лукашэнку кандыдатам у прэзыдэнты: відаць гэта будзе прыкладна 5 мільёнаў, а колькасьць выбарцаў – 7 мільёнаў.

Прэмію за духоўнае адраджэньне напярэдадні атрымаў галоўны рэдктар установы рэдакцыя інфармацыйнага бюлеценя Адміністрацыі Прэзыдэнта рэспублікі Беларусь Эдуард Скобелеў за кнігу “Перасяченьне паралельных”

«Я не понимаю, как можно считать себя гражданином своей страны, патриотом и не поддерживать А.Лукашенку. В Беларуси никогда не было и еще долго не будет такого по-настоящему национального лидера, как Лукашенко. Вы еще ему памятник поставите».