• Беларуская культура ў Польшчы
  • Audio0 KB
  • 07.12.2006
Беларусы, якія жывуць у Польшчы, часта заўважаюць, што тут беларускае культурніцкае жыцьцё разьвіта ня горш, чым у самой Беларусі. Сапраўды, беларуская культура прысутная на сцэнах польскіх клюбаў, тэатраў, у галерэях.

Пераважаюць канцэрты выканаўцаў самай разнастайнай музыкі, якія ладзяцца рознымі арганізацыямі, у тым ліку арганізацыяй lacinka.org. Ігар Знык кажа, што яны хочуць прамаваць у Польшчы добрую беларускамоўную музыку.

І. Знык: Апошнім часам мы стараемся ладзіць канцэрты для палякаў, паколькі беларусы ведаюць сваю культуру. Беларусы, якія жывуць тут, ведаюць гэтыя гурты. Наша мэта іншая – паказаць палякам, што за мяжою ёсьць цікавая культура, якая для нас, палякаў, таксама зразумелая. Напрыклад сёлета з гуртом BN мы былі на самых прэстыжных рокавых канцэртах. Там яны выступалі побач зь вялікімі польскімі й усясьветнымі зоркамі. Там беларускамоўнай публікі не было, але ўсім спадабалася. Падобным чынам сытуацыя выглядае з Троіцай. На іх канцэрты прыходзяць палякі, якія ніколі нічога ня чулі пра беларускую культуру.

Мы стараемся дапамагаць тым, каго лічым добрымі. Цалкам наш – гэта гурт BN. Гэта маладыя людзі з правінцыі, пра якіх амаль ніхто ня чуў. Яны аднойчы выступалі на Басовішчы, і гэта ўсё. У гэтым годзе пра BN ужо больш гучна. Мы не зьбіраемся дапамагаць, напрыклад, NRM. Яны вядомыя і ў Польшчы, і ў Заходняй Эўропе. Мы запрашаем добрыя гурты, дапамагаем тым, хто нас папросіць.

Апошнім часам мы стараемся менш ладзіць канцэрты, а больш даваць магчымасьць выступіць на фэстывалях. На канцэрт у Варшаве прыходзяць тыя ж самыя 150-200 асобаў. Такія канцэрты ня маюць ні эканамічнага сэнсу, ні піяру. Гэта чарговы выступ гурта, які не мяняе сытуацыі ні ў гурце, ні ў польскай публіцы, якая надалей яго ня ведае. А выступ на фэстывалі – гэта новыя знаёмасьці, магчымасьць вырвацца далей. Бо гурты імкнуцца жыць з музыкі, у Беларусі гэта амаль немагчыма.

У нас толькі адна ўмова. Гурт павінен быць беларускамоўны. Падтрымваць расейскамоўныя калектывы няма сэнсу, іх падтрымвае ўлада. Мэта арганізацыі – падытрымка беларускай культуры, якая неабходная для адраджэньня Беларусі. Трэба дапамагаць маладым людзям, якія яшчэ хочуць сьпяваць на беларускай мове. Тут яны могуць выступаць без цэнзуры, бяз страху, што нехта прыйдзе й забароніць канцэрт.

І іншая важная справа – грошы. Мне здаецца, што толькі NRM, калі б мог выступаць у Беларусі, то ўтрымаў бы сам сябе. Іншыя гурты граюць бясплатна, за вяртаньне коштаў, бо яны там невядомыя. Гэта сьмешна, але большасьць гуртоў больш вядомая ў Польшчы, чым у Беларусі.


Ігар Знык зазначае, што галоўныя асяродкі, дзе актыўна прадстаўляецца беларуская культура, гэта Варшава, Уроцлаў ды Падляшша, дзе праводзяцца найбуйнейшыя беларускія культурніцкія мерапрыемствы.

У Польшчы магчымасьць папрацаваць і паказаць сваю творчасьць маюць ня толькі музыкі, але й мастакі. Эдвард Галустаў, мастак зь Віцебску, у Польшчы мае шанец спакойна працаваць, падзяліцца досьведам зь іншымі творцамі, паказаць свае працы. У Беларусі такая магчымасьць ёсьць не заўсёды.

Э. Галустаў: Я прыехаў, каб папрацаваць, бо ў Віцебску такой магчымасьці ў мяне няма. Калі чалавек выкладае ў школе, то на іншае часу не хапае. А па-другое, у Беларусі няма столькі імпрэзаў, зьвязаных з выяўленчым мастацтвам. У Беларусі ёсьць некалькі сваіх нішаў, напрыклад, Саюз мастакоў, і па-за імі магчымасьці ўдзелу ў імпрэзах абмежаваныя. Калі ты самадзейны мастак, то ў цябе свой саюз, свае выставы. І чалавек з мастацкай адукацыяй туды ня трапіць, і наадварот. Таму мне падабаецца Польшча. Тут ёсьць месца для мастакоў розных узроўняў і накірункаў.

Некалькі дзён таму Эдвард Галустаў прыймаў удзел у выставе ў галерэі „Пад дахам неба” ў мясцовасьці Цехацінэк, прысьвечанай праблематыцы хлеба. Эдвард прадстаўляў Беларусь, з гэтай нагоды ён падрыхтаваў адмысловую кампазыцыю, якую суправаджаў палескай песьняй.

Э. Галустаў: З аднаго боку, гэта вельмі складаная тэма. Тут ёсьць небясьпека, каб ня быць банальным. Над гэтаю тэмаю я думаў даўно. Мне ўспомніўся вясельны каравай у нас на Палесьсі. Я памятаю, калі жаніўся мой брат, я трымаў каравай, а сястра маёй бабулі сьпявала палескую песьню, а на каравай кідала жыта. Пад уплывам гэтых успамінаў я вырашыў зрабіць дыптых. Адна частка - гэта вясельны каравай. Але з хлебам таксама зьвязаныя сумныя часткі жыцьця: на Дзяды на каравай ставілі сьвячу й кілішак гарэлкі. Я паспрабаваў спалучыць гэтыя два моманты.

Сваё месца на польскіх сцэнах знайшлі беларускія тэатры. Фэстываль тэатраў зь Беларусі наладзіў варшаўскі тэатар „Stara prochownia” пад кіраўніцтвам Уладзімера Качкоўскага, які хацеў паказаць польскай публіцы рознабаковасьць беларускага тэатру. На фэстываль былі запрошаныя дзяржаўныя тэатры, але й тэатральныя калектывы, якія не заўсёды знаходзяць месца на беларускіх сцэнах.

Уладзімер Качкоўскі кажа, што тэатар у Беларусі надалей застаецца як бы "сьвятыняю". Менавіта гэтая рыса беларускага тэатру захапляе польскага рэжысэра, і гэта яна ў нейкай ступені паўплывала на рашэньне запрасіць беларускіх калегаў на фэстываль у Варшаву.

У. Качкоўскі: Тэатар у Польшчы зьяўляецца пэўнай формай адпачынку. У Беларусі - гэта важнае месца сустрэчы з культураю. Другая рыса, якая адрозьнівае беларускі тэатар ад польскага - гэта форма акторства. Часамі яна можа здавацца архаічнаю, але адначасова яна абапертая на традыцыі. Актор павінен ведаць псыхічны стан постаці, якую ён іграе. Чарговаю характэрнаю рысаю беларускіх тэатраў зьяўляецца сэнтымэнт. Я ў сваёй творчасьці саромеюся яго выкарыстоўваць.

Падобнай рысай польскага й беларускага тэатраў зьяўляецца выкарыстоўваньне заходняга стылю. У Беларусі гэта робіцца са спазьненьнем, але такое імкненьне назіраецца.


На фэстывалі, між іншым, быў Магілёўскі дзяржаўны тэатар драмы, які выступіў з сучасным спэктаклем „Усе п’есы Шэкспіра”, які быў створаны пры сумеснай польска-беларускай супрацы: акторы былі з Магілёўскага тэатру, а рэжысэр з варшаўскай „Starej Prochowni”.

Гэта гумарыстычнае прадстаўленьне ўсіх п’есаў Шэкспіра. Той, хто сапраўды чакае паказу сур’ёзных п’есаў Шэкспіра, моцна расчаруецца, але калі зразумее правілы гульні, якую пачынаюць акторы разам з гледачамі, будзе вельмі задаволены.

Мастацкі кіраўнік Магілёўскага тэатру Ўладзімер Пятровіч кажа, што ня ўсе гледачы разумеюць задуму спэктаклю, і бываюць выпадкі, калі нехта выходзіць з залі.

У. Пятровіч: Гэта перанос польскай вэрсіі на беларускую мэнтальнасьць і беларускую зямлю. Гэта быў экспэрымэнт, мы сьвядома на яго йшлі. Спэктакль быў паказаны ў Магілёве й Менску. Трэба сказаць, што ў сталіцы гледачы больш ахвотна згаджаюцца на правілы гульні, якія ставіць спэктакль. У Магілёве публіка падыходзіць да спэктаклю больш асьцярожна. Яны думаюць, што йдуць на Шэкспіра, а атрымоўваюць нешта падобнае. Хоць акторам хутка ўдаецца разагрэць гледачоў і заахвоціць іх прыняць актыўны ўдзел у спэктаклі. Звычайна ёсьць паўза, пакуль гледачы не зразумеюць, што яны бачаць.

Зь беларускімі акторамі працаваў польскі рэжысэр Яцак Пацоха. Адзін з актораў Магілёўскага тэатру Васіль Гальцаў кажа, што праца з замежным рэжысэрам заўсёды ўзбагачае.

В. Гальцаў: У Магілёўскім тэатры я працую ўжо 20 гадоў. Да нас прыяжджаюць многія рэжысэры. Гэта цікавы досьвед, бо кожны мае свой погляд на жыцьцё, на мастацтва. Такія новыя кантакты ўзбагачаюць нас унутрана.

Зь Яцакам Пацохам было добра працаваць, бо ён не гаварыў нічога лішняга. Ён не расказваў ні пра сябе, ні пра сваё жыцьцё, а толькі пра Шэкспіра. Яго праца была вельмі шматбаковая, таму мы стараліся яго не падвесьці.


Васіль Гальцаў зазначае, што роля ў спэктаклі „Усе п’есы Шэкспіра” стала нагодаю, каб прачытаць усю творчасьць ангельскага пісьменьніка.

В. Гальцаў: Шэкспір быў ня толькі сур'ёзным чалавекам, у яго вельмі шмат гумару. Мне здаецца, што калі Шэкспір быў акторам, то сам любіў пажартаваць. Прынамся нам так здаецца, бо калі чытаеш яго п'есы, то там ёсьць і гэта, і гэта, і гэта... Немагчыма паставіць усе яго творы на сцэне, перакласьці на мову тэатра, таму ж ён і геній.

Да моманту, калі мы пачалі працаваць над спэктаклем, я прачытаў ня ўсе творы Шэкспіра. Напрыклад "Каралеўскія хронікі" былі для мяне складанымі, я многага не разумеў. Толькі цяпер я пачынаю разумець рэчы, якія напісаў агнельскі пісьменьнік.


Польшча, як сапраўдная эўрапейская краіна, адчыняе свае межы для беларускай культуры, не зважаючы на розныя складанасьці ў польска-беларускіх адносінах. Гэты год быў надзвычай плённы ў паказе беларускай культуры ў краіне-суседцы. Палякі маглі пачуць беларускую музыку, пабачыць творчасьць беларускіх мастакоў і захапляцца працаю беларускіх драматургаў і актораў.

Алена Пытэль