• На Беларусі пачалася прэзыдэнцкая кампанія
  • 22.01.2005
На Беларусі пачалася прэзыдэнцкая кампанія. У мінулую суботу палітсавет Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі прапанаваў кандыдатуру Лябедзькі, як прэтэндэнта на статус кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. У аўторак аб намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах аб’явіў Пазьняк. У сераду Эўрапейская Кааліцыя вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты Статкевіча. Адзінага кандыдата ад апазыцыі павінен вызначыць кангрэс дэмакратычных сілаў 28-29 траўня гэтага году. Ідэя “праймэрыз” сярод выбарцаў не атрымала падтрымкі. А.Лябедзька заявіў, што яго вылучэньне не выключае, што Нацыянальны Камітэт і Зьезд партыі ня будуць разглядаць іншых кандыдатураў. Але ад АГП на апазыцыйных “праймэрыз” будзе толькі адзін прадстаўнік, як і ад іншых партыяў. Паседжаньне Нацыянальнага Камітэту і Зьезду АГП з гэтай нагоды пройдзе 6 лютага.

Пяцёрка мяркуе вылучыць 1 кандыдата ад кожнай партыі і па 2 ад кожнай беларускай вобласьці, пасьля чаго 7 рэгіянальных кангрэсаў у абласьцях і горадзе Менску выбяруць зь іх толькі аднаго.

Як паведаміў лідэр ПКБ Сяргей Калякін, пастаўлена мэта: разгледзець максымальную лічбу патэнцыйных кандыдатаў. “Пяцёрка+” рыхтуецца да двух варыянтаў вызначэньня адзінага кандыдата, паведаміў спадар Калякін: калі выбары будуць прызначаныя на гэты год, то адзіны кандыдат ад апазыцыі будзе названы ў траўні, калі ж выбары, як і мяркуецца, пройдуць ў 2006 годзе, то адзіны кандыдат будзе вызначаны да кастрычніка.

Зянон Пазьняк заявіў: Зараз прынятае рашэньне, што я буду балятавацца, мая кандыдатура названая як нацыянальная альтэрнатыва. Абапірацца ў дадзенай сытуацыі я буду ня толькі на Народны Фронт і на сваю партыю, а на ўвесь беларускі народ, і менавіта зыходзячы з гэтай пазыцыі, пагрозы ўсёй нацыі, якая ідзе з Расеі, пэрспэктывы пагрозы нашай незалежнасьці, культуры, эканоміцы, я буду грунтаваць сваю палітычную пазыцыю.
Першае, што трэба зрабіць - гэта змагацца за незалежнасьць і свабоду. Трэба рэальна разумець, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй. Гэта ёсьць унутраная акупацыя Беларусі расейскімі спэцслужбамі, якая здарылася ў 1996 годзе. І тут, у дадзенай сытуацыі, я лічу, што трэба, па-першае, пастарацца забясьпечыць міжнароднае неўмяшаньне Расеі ў беларускія справы. Гэта значыць, забясьпечыць непадтрымку рэжыму Лукашэнкі. Я маю на ўвазе будучыя падзеі, выбары прэзыдэнта, дамагчыся міжнароднага прызнаньня статусу ўнутранай акупацыі, які ёсьць у Беларусі.

На жнівень месяц 800 тысячаў працаздольнага беларускага насельніцтва працавала ў Расеі - у Сыбіры, пад Масквой, і г.д. Цяперака ўжо - каля мільёна. Гэта амаль 30% працаздольнага насельніцтва. У месяц за кошт працы беларусаў Расея атрымлівае мільярды даляраў - гэтыя грошы ня йдуць на Беларусь - гэта значыць, мы губляем сваю працоўную сілу, гэта як выпампоўваць кроў з нацыі. І гэта робіцца штучна, гэта робіцца спэцыяльная палітыка вынішчэньня Беларусі, выгнаньня працаздольнага насельніцтва. Другі аспэкт - гэта зьніжэньне адукацыі ў Беларусі. Стараюцца зрабіць такое пакаленьне на Беларусі, якое будзе ўмець адкручваць і закручваць газавыя вэнтылі і махаць рыдлёўкай. Вось гэта мы павінны спыніць, і ў гэтым - агульнанацыянальная задача, гэта ёсьць выратаваньне нацыі. З гэтай пазыцыі, з гэтай плятформы я зьбіраюся йсьці на выбары”.

Што тычыцца стаўленьня да Расеі, тут пазыцыі Пазьняка й Лукашэнкі цалкам супадаюць. Напярэдадні рэфэрэндуму Лукашэнка сабраў у Менску журналістаў расейскіх регіёнаў і заявіў, што кіраўніцтва Расеі ня зможа ўплываць на зьмену вышэйшай улады ў Беларусі.
Напярэдадні Новага Году, за некалькі гадзінаў да 24-00, усе прэзыдэнцкія СМІ Беларусі паўтаралі пагрозьлівыя словы Лукашэнкі, каб кіраўніцтва Расеі добра падумала пра стасункі зь Беларусьсю, бо гандлюецца за 3 даляры па цэнах на газ.

Сябры “Свабоднай Беларусі” лічаць, што працэс выпрацоўкі стратэгіі дзеяньняў апазыцыі ды вылучэньне адзінага кандыдата ў прэзыдэнты зацягваецца. Кааліцыя вылучыла прэтэндэнтам у адзіныя кандыдаты Міколу Статкевіча й заявіла пра пачатак стварэньня аб’яднаных рэгіянальных структураў для падрыхтоўкі выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў форме “васільковай” - «валошкавай рэвалюцыі».

Сьціслая праграма Статкевіча ўтрымлівае пераход да парляманцка-прэзыдэнцкай рэспублікі, вайсковы нэўтралітэт, сяброўства ў Эўразьвязе. Статкевіч кажа, што можа саступіць больш моцнаму суперніку, калі той будзе натхняльнікам выхаду людзей на вуліцы.

Статкевіч: “Найпершая якасьць тых, хто пойдзе ў гэтую кампанію - гэта мужнасьць, шчырасьць, маральнасьць і гатоўнасьць ісьці да канца. Калі мы будзем рабіць выгляд, што ў нас ёсьць выбары звычайныя, шукаць памяркоўнага кандыдата, які падабаецца большасьці, будзе чарговая імітацыя. Мы, народ, прачнемся заўтра ў яшчэ горшай Беларусі. Каб беларусы выйшлі на вуліцы, яны павінны ўбачыць лідэраў, якія не хаваюцца ні за чые сьпіны, і якія кажуць: “Трэба йсьці - мы пойдзем наперадзе”.

У якасьці колераў беларускай рэвалюцыі ўдзельнікі кааліцыі прапануюць колеры эўрапейскага сьцягу і нават ужо абралі рэвалюцыйную кветку-сымбаль.
Краўчанка хоць і не вылучаўся покуль кандыдатам у прэзыдэнты, але заявіў, што вядзе кансультацыі, каб стварыць кааліцыю палітычных лідэраў прарасейскай арыентацыі Беларусі з захаваньнем сувэрэнітэту. І дадаў, што сёньня казаць пра далучэньне Беларусі да Эўразьвязу - абсурд.

Лукашэнка таксама рыхтуецца. У чысты чацвер ён прызначыў 12 новых вышэйшых кіраўнікоў КДБ - 12 прэзыдэнскіх апосталаў на нябачным фронце на чале са старшынём Сьцяпанам Сухарэнкам будуць змагацца за свайго ўладара. Прызначаны таксама новыя кіраўнікі МУС Гродзенскага, Мінскага, Магілёўскага аблвыканкамаў і намесьнік міністра.
Чаму Лукашэнка зрабіў кадравую рэвалюцыю? Газэта "Нью-Ёрк Таймс" надрукавала артыкуль пра ролю СБУ Ўкраіны ў перамозе Юшчанкі. Газэта "Наша Ніва" за 21 студзеня перадала зьмест дзеяў ва Ўкраіне кіраўніцтва СБУ. Зь яго вынікае, што, каб не генэралы СБУ, дык ружовую рэвалюцыю люді Януковіча пераўтварылі б у крывавую.

Вядома ж, Лукашэнка добра ведае пра ролю кіраўніцтва ўкраінскіх спэцслужбаў у ружовай рэвалюцыі й жадае правесьці выбары пад сваім колерам.

Уладзімер Падгол