• Сьледчыя абмяркоўваюць раман “Куля для прэзыдэнта”
  • 29.01.2005
Раніцой у пятніцу я быў на размове ў пракуратуры Менска. Сьледчы па асабліва важных справах Аляксандар Пікараў захацеў абмеркаваць са мной мой раман “Куля для прэзыдэнта”. Калі я спытаўя, у якасьці каго тут знаходжуся: падазронага, ці сьведкі, пачуў дзіўнае: “Ні ў якай, я проста хачу ўзяць тлумачэньні па вашай кнізе”.

Калі ты зьвязаны падпіскай казаць праўду, праўду й толькі праўду, знаходзячыся ў статусе сьведкі, ці калі ты падазраваны й можаш маўчаць – адна справа. Я нічым ня быў зьвязаны й правёў прэзэнтацыю сваёй кнігі для сьледчага пракуратуры. Дзіўна, што допыт, які праводзіў са мной сьледчы Віцебскай пракуратуры Зайцаў у 1998 годзе амаль цалкам супаў па зьмесьце з гэтым допытам.

Першае пытаньне ўвогуле апынулася тоесным: “Як узьнікла задума кнігі?” І тут я расказаў пра прэзыдэнцкія выбары 1994 году, калі ў некалькіх вёсках бабулькі здымалі з кутоў Хрыстову ікону й на тое месца вешалі партрэт Лукашэнкі, расказаў, што ў некаторых вёсках ужо ў 5 раніцы вяскоўцы зь гістэрычнымі крыкамі ўзломвалі дзьверы выбарчых участкаў, каб прагаласаваць за Сашку, бо чыноўнікі не даюць, зачынілі дзьверы.

Расказаў, як у 1996 годзе Лукашэнка падчас тэлеселектарнай нарады зьвярнуўся да Заламая: “Ты тры разы скардзіўся мне на засуху, я табе дождж даў!”

У пратаколе апытаньня я асабліва падкрэсьліў, што выказваньні Лукашэнкі й яго дзеі далі моцны штуршок маёй творчасьці ды ў рамане ўзьнік вобраз Душы Першага Прэзыдэнта ДуППы, якая дзеіць, уточваецца ва ўсе бітвы, асабліва ў барацьбу за Боскую пасаду выключна са сваімі цытатамі.

“Наверное, всё-таки есть какая-то сила, которая управляет не только мною и отдельными людьми, но и обществом в целом." (Прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка, БТ, 20.04. 1995).

Сьледчага вельмі цікавіў і зьмест рамана, і тое, як ён зьявіўся да людзей. На што я адказаў: Па сёньня ня ведаю, хто выдаў кнігу. Спачатку думаў пра аднаго чалавека, а потым аказалася, што гэта ня ён. Чытачы знайшлі раман у скрынях пад елкай у кавярні Лято. Адтуль бралі й несьлі мне на подпіс.

Калі я расказаў сьледчаму пра ДуППу й душы беларусаў, якія за адну ноч 40 дыктатараў з усяго сьвету мусяць зрабіць ідэальнымі рабамі, дык сьледчы пажартаваў: «Калі б быў 1937 год, тады б Вас абвінавацілі ў замаху на цнатлівасьць душ, асабліва прэзыдэцкай».

А я падумаў, што на чарговай нарадзе па ідэалёгіі можа так стацца, што Лукашэнка выступіць абаронцам душ сваіх грамадзянаў ад разбэшчаных апазыцыянераў і «спажыўцоў у квадраце з Захаду».

У дзень адзначэньня 60-годзьдзя вызваленьня вязьняў концлягераў тэлегледачы бачылі дзіўную карціну. З Польшчы паказвалі тэлетрансляцыю выступоўцаў, і ў тым ліку Квасьнеўскага й Пуціна, а зь Беларусі чарговую нараду Лукашэнкі з падначаленымі, прысьвечаную абароне беларускіх дзяўчат ад гандлю на Захадзе. Ні слова не сказаў Лукашэнка пра нацызм і яго ахвяры. Ні слова пра антысэмітызм. Пуцін казаў пра парасткі нацызму ў Расеі.

Лукашэнка на гэты конт выказаўся яшчэ ў 1995 годзе. Нагадаю як:

«Немецкий порядок формировался веками. При Гитлере это формирование достигло наивысшей точки. Это то, что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента...”(А.Лукашенко 1-я программа белорусского радио, 23.11. 1995. 19.50).

Праз пяць гадоў ідэя Лукашэнкі адгукнулася на Беларускім Радыё наступным чынам:

“Не кажется ли Вам, что последнее время Президент много говорит и ничего не делает? Слова Лукашенко были правильные, что нужен Гитлер, нужен Сталин, нужно Чили.». (Белорусское радио. Передача Разговор по существу 6.04. 12.00-13.000. 2000).

Уладзімер Падгол