• Прадпрымальнікі блякавалі будынкі выканаўчай улады
  • 12.02.2005
Некалькі шэрагаў падзеяў прайшлі па Беларусі амаль не перасякаючыся.

1. У чацьвер дробныя прадпрымальнікі блякавалі будынкі выканаўчай улады ў Менску й абласных цэнтрах. Яны патрабавалі адмяніць для іх падатак па краіне прызначэньня. Улады арыштавалі кіраўніка Саюзу Прадпрымальнікаў Шумчанку, каб зьбіць хвалю пратэсту, але нічога ня выйшла. У Менску каля Міністэрства Эканомікі страйкуючыя прадпрымальнікі змаглі атачыць намесьніка кіраўніка ўраду па эканамічных пытаньнях Анрэя Кабякова й наладзілі зь ім дыспут.

Праблема простая. Увядзеньне падатку па краіне прызначэньня з Расеяй выгадна для буйных прадпрыемстваў і дзяржавы. А дробныя гандляры будуць змушаныя ўзьняць цэны на 18%. Бо яны куплялі тавары ў Маскве на аптовым рынку за наяўныя грошы без усялякіх папераў. Пасьля росту цэнаў на 18% таго тавару ніхто ня купіць. Кабякоў даводзіў, што гандляры мусяць, каб не страціць з-за падатку, завесьці паперы: дзе купіў, у каго, калі, за сколькі... Але ў Маскве на рынку ніхто ім такіх папераў ня дасьць. Ды каб і далі, прыйшлося б завесьці бухгалтара, каб корпацца з паперамі. Зноў дадатковыя выдаткі. Калі дзяржава не адменіць для бізнэсовай драбнаты падатку па краіне прызначэньня, будзе страйк.

2. Другімі падзеямі былі вылучэньні кандыдатаў на статус адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Партыі вылучылі сваіх кіраўнікоў: Лябедзьку, Шушкевіча…

Самым цікавым для мяне стала вылучэньне ад партыі зялёных Аляксандра Міленкевіча. У 2001 годзе ён кіраваў перадвыбарчым штабам Сямёна Домаша. Па сваёй актыўнасьці тады Міленкевіч пераўзышоў самога Домаша. Па маіх зьвестках, шэраг лідэраў блёку “5+” хочуць, каб на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Міленкевіч і стаў адзіным кандыдатам ад аб’яднанай апазыцыі.

Абодва шэрагі падзеяў сутыкнуліся.

Лябедзька паспрабаваў выступіць перад прадпрымальнікамі ў Менску, прапанаваць палітычныя мэтады рашэньня іх праблемы. Дробныя бізнэсоўцы адказалі воклічамі: “Нам палітыка не патрэбная!”

У гэты ж час афіцыйныя СМІ ні слова не сказалі ні пра вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі, ні слова пра хваляваньні прадпрымальнікаў, а да Міністэрства Эканомікі іх выйшла аж 5 тысячаў больш, чым на палітычныя апазыцыйныя акцыі.
Затое вельмі падрабязна расказалі пра сустрэчу Лукашэнкі й міністра ўнутраных справаў Навумава, якія абмеркавалі праект будаўніцтва ў Менску хакейнага палаца. Яны маюць намер прыняць у Менску чемпіянат сьвету па хакею 2010 года.

Прэзыдэнцкія выбары мусяць адбыцца ў 2006 годзе. Такім чынам Лукашэнка ня лічыць праблемай перамагчы на іх. Ён ужо лічыць сябе прэзыдэнтам і з 2006 года. Для яго важна - перамагчы ў конкурсе краінаў-прэтэндэнтаў на хакейны чемпіянат.

Важна й здабыць дадатковыя галасы выбарцаў. А. Лукашэнка сустрэўся з кардыналам Казімерам Сьвёнткам. Гэта другая сустрэча кіраўніка Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі кардынала Сьвёнтка з прэзыдэнтам Беларусі. Папярэдняя адбылася неўзабаве пасьля леташняга рэфэрэндуму. Да гэтага цягам дзесяці гадоў Аляксандар Лукашэнка ігнараваў каталіцкіх герархаў Беларусі.

Кардынал Сьвёнтак перадаў Аляксандру Лукашэнку ліст ад Папы Яна Паўла ІІ. Ён падзякаваў кіраўніку Беларусі за тое, што “дзяржава ня толькі прызнае каталікоў, але й дае ім магчымасьць актыўна дзейнічаць”.

Па выніках сустрэчы кардынал Сьвёнтак ахарактарызаваў адносіны касьцёла й дзяржавы як “канструктыўныя” й спрагназаваў, што яны будуць паляпшацца далей. У прыватнасьці, дзяржава пагадзілася прафінансаваць рэстаўрацыю фрэсак Катэдральнага сабору ў Менску.

Літаральна за тыдзень да сустрэчы А.Лукашэнкі і К.Сьвёнтка Менскі гарвыканкам выдаткаваў на гэтыя мэты 100 мільёнаў рублёў, прычым у рашэньні было адзначана, што гэта робіцца на даручэньне кіраўніка дзяржавы.

Акрамя рэстаўрацыі старажытных фрэсак, размова йшла таксама пра пазалачэньне алтара і ўстанаўленьне ў катэдры новых арганаў, вырабленых у Аўстрыі, а таксама пра будаўніцтва ў Беларусі новых касьцёлаў. Як паведаміла прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, цяпер распрацоўваецца адпаведны нарматыўны акт, у якім будуць улічаныя праблемы, што хвалююць кіраўніцтва Каталіцкага Касьцёла.

У гэты ж дзень Лукашэнка сустрэўся з Філарэтам, дэманструючы збалянсаваную рэлігійную палітыку.

Увачавідкі, што праваслаўныя, праваслаўныя атэісты збольшага прагаласуюць за Лукашэнку. А вось ці пераманіць ён каталікоў да выбараў – гэта паглядзім. Калісьці Лукашэнка вучыў выбарцаў: «Вы бярыце ад апазыцыі ўсё, што яны Вам даюць, а галасуйце, як сэрца падкажа. Хутчэй за ўсё так і паступяць каталікі».

Уладзімер Падгол