• Сэнсацыйнае інтэрвію амбасадара ЗША Джорджа Крола
  • 19.02.2005
На мой погляд, сярод шэрагу падзеяў у Беларусі сэнсацыяй тыдня сталі некалькі радкоў зь інтэрвію амбасадара ЗША Джорджа Крола газэце «Народная Воля» за 15 лютага.

Журналістка спытала:
«Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», падпісаны Бушам, прадугледжвае абнародаваньне фактаў экспарту Беларусяй зброі ў краіны з сумніўнай рэпутацыяй, а таксама публікацыю зьвестак аб уласнай маёмасьці й грошах Лукашэнкі ды ягонага атачэньня, што маюць незаконнае паходжаньне. Дзе й калі будуць апублікаваныя гэтыя дадзеныя?

Крол:
- Наколькі мне вядома, такі даклад рыхтуецца. Думаю, хутка ён будзе надрукаваны.

Я ўдакладніў сэнс адказу Крола ў амэрыканскага дыплямата, і ён сказаў, што ведае пра два даклады, якія рыхтуюцца ў Вашынгтоне: aдзін па гандлю зброяй, другі пра маёмасьць і грошы Лукашэнкі.

Са сказанага можна зрабіць некалькі высноваў і меркаваньняў:

1. У свой час напярэдадні вайсковых дзеяньняў у Іраку, амэрыканцы заяўлялі пра наяўнасьць у Хусэйна зброі масавага зьнішчэньня. Зброі не знайшлі, і тым самым увядзеньне войскаў у Ірак для прыхільнікаў Хусэйна набыло характар акупацыі й дало падставу мясцовым змагарам разьвязаць вайну выбухаў.

2. Калі ў хуткім часе зьвесткі пра грошы Лукашэнкі не пацьвердзяцца, гэта дасьць яму мажлівасьць умацаваць у сьвядомасьці выбаршчыкаў свой рэйтынг.

А калі зьвесткі будуць сапраўднымі – яны могуць нанесьці сакрушальны ўдар па іміджу Лукашэнкі ў сьвядомасьці ягоных выбарцаў.

Апошнім часам у Беларусі ідзе цэлы шэраг судовых спраў па крадзяжы дзяржмаёмасьці. Былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Жураўкова атрымала 4 гады пазбаўленьня волі за крадзеж некалькіх мільёнаў даляраў. За тое ж пакараныя яе намесьнікі. Былы кіраўнік Белтэлекампаніі Рыбакоў, прызначаны ў свой час Лукашэнкам, таксама асуджаны за хабар. У яго знайшлі каля 500 тысячаў даляраў. У турме знаходзіцца й рыхтуецца да суду былы кіраўнік Белзьнешпрамсэрвіс Аляксандар Андрон. Ён гандляваў зброяй ад імя Беларусі, і пры гэтым частку грошай клаў на свае рахункі ў афшорах. Яму пагражае да 15 год зьняволеньня.

Пракуратура абвясьціла аб рахунках былога дырэктара трактарнага завода Лявонава на суму 19 млн. даляраў і пра вяртаньне на Беларусь у пракуратуру банкам Люксэмбургу 1,5 млн. даляраў з рахункаў Лявонава.

17 лютага Лукашэнка публічна на ўсю рэспубліку абвінаваціў урад і кіраўніцтва Беларуськалія ў страце 100 млн. даляраў у год з-за продажу калійных угнаеньняў фірмамі пасярэднікамі, дзе працавалі дзеткі вышэйшых чыноўнікаў – членаў ураду. За гэта Лукашэнка папярэдзіў прэм'ер-міністра Сідорскага й ягонага намесьніка Івана Бамбізу аб службовай неадпаведнасьці. Бо яшчэ з паўгоду таму Лукашэнка загадваў ім зьмяніць сытуацыю. Больш таго, Лукашэнка загадаў генпракурору пасадзіць у турму членаў ураду, калі факты страты бюджэтам грошай пацьвердзяцца.

І вось калі Вашынгтон апублікуе даклад са зьвесткамі пра грошы прэзыдэнта Беларусі, дык «парад» беларускіх карупцыянераў раптам узначаліць прэзыдэнт – будзе сэнсацыя. І падстава апазыцыі паўстаць у ролі народнага пракурора, каб маральна зьнішчыць Лукашэнку.

Нездарма Лукашэнка раскрытыкаваў дзейнасьць сваіх электронных СМІ, абвясьціў поўную баявую гатоўнасьць усім СМІ, і абвінаваціў СМІ Расеі ў варожай дзейнасьці.

Прэзыдэнт рыхтуецца да вайны кампраматаў.

Уладзімер Падгол