• Паміж радкамі
  • 14.05.2005
Уночы з 9-га на 10 траўня ў Міёрскім раёне загінула ад 280 да 490 кароў. Паведамляе газэта “Савецкая Беларусія”. Кароў выгналі на пашу, але пайшоў дождж са сьнегам, тэмпэратура ўпала да 2 градусаў цяпла, за суткі выпала 2-месячная норма асадкаў. Кароў з поля людзі выносілі на руках.

Чаму так адбылося? Да 9-га траўня ўсе сілы ўладаў былі скіраваныя на арганізацыю сьвята Перамогі, а дакладней – на перакананьне людзей у тым, што гітлераўцаў перамаглі выключна беларусы. У ноч на 10-га ўсе кіраўнікі спалі п’яныя. Наша ж сельская гаспадарка, людзі й скаціна – усе падначаленыя. Імі камандуюць: калі сеяць, калі скот на пашу выганяць. Калі начальства сьпіць спакойна, тады й народ таксама. У жніўні 1996 году Лукашэнка на тэлеселектарнай нарадзе, склікаўшы кіраўнікаў усіх рангаў, на ўсю Беларусь заявіў кіраўніку Берасьцейскай вобласці Заламаю:

“Ты тры разы скардзіўся мне на засуху! Я табе дождж даў! А дзе ўраджай?”
«Мужики, помните, на селекторном совещании я вам обещал: два дня будет лить, три дня погода будет стоять. Как в будущее глядел”.

(А. Лукашенко на поле колхоза “Можейково”. “Белорусская газета” 14.08. 2000 ).

9-га траўня на парадзе ў Менску Лукашэнка дзьве гадзіны стаяў пад дажджом, прымаючы дэманстрацыю вайсковай і мірнай тэхнікі. Ён не папрасіў парасон. Мок. Аб чым думаў выхадзец зь вёскі, былы старшыня саўгасу Гарадзец, мокнучы пад дажджом? Хутчэй за ўсё ён думаў пра тое, што 9-га ў Маскве на парадзе пры Пуціне няма толькі кіраўнікоў краін Балтыі і яго. Нават Юшчанка застаўся на Чырвонай плошчы. Праўда, сядзеў у другім радзе ад Пуціна і на самым ускрайку лавачкі. І прэзыдэнт Латвіі была з мужам!

Як паведаміла газэта “Маскоўскі камсамолец” за 10 траўня, Лукашэнку фактычна вытурылі з Масквы. І дамогся гэтага амэрыкаснкі бок, прадстаўнікі якога паведамілі, што Буш ня хоча бачыць дыктатара Лукашэнку нават блізка ад сябе.

Вось чаму ўладара над надвор’ем і вёскай не хвалявалі каровы пад дажджом і сьнегам. Калі ЗША вуснамі Буша й Райс ня толькі пагражаюць Лукашэнку намерам дапамагчы беларускаму народу ўсталяваць дэмакратыю, а нават з Масквы выдалілі! А гэты азначае набліжэньне канца лукашэнкаўскай улады.

Але Крэмль вядзе сваю гульню. 12-га траўня кіраўнік ФСБ Расеі Патрушаў заявіў, што Захад выдзеліў 5 млн. даляраў, каб наладзіць на Беларусі каляровую рэвалюцыю. Пры гэтым плян рэвалюцыі распрацаваны ў Братыславе.

Заяву кіраўніка расейскай ФСБ Мікалая Патрушава пракамэнтаваў намесьнік старшыні КДБ Беларусі Віктар Вягера: “Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь пацьвярджае інфармацыю, выкладзеную ў заяве кіраўніка Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі пра намер празь няўрадавыя арганізацыі замежных дзяржаваў выдзеліць 5 мільёнаў даляраў на фінансаваньне “аксамітнай рэвалюцыі” ў Рэспубліцы Беларусь. Апрача таго, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі валодае іншымі дадзенымі, якія пацьвярджаюць намер іншаземных арганізацый, фондаў і прыватных асобаў фінансаваць на экспарт рэвалюцыі значную суму сродкаў. Дадзеная дзейнасьць намі кантралюецца, і канкрэтныя акцыі ўжо сёньня прадухіляюцца”.

Такім чынам Лукашэнку вось ужо некалькі месяцаў прыходзіцца жыць у стане чаканьня рэвалюцыі. А гэта не для слабанэрвовых. Ад такого чаканьня здароўе можа ня вытрамаць…

Тым часам прэзыдэнцкія СМІ ні слова ня кажуць пра сьвята Дня Эўропы на Беларусі. А з 14 па 19 траўня ў кінатэатрах Менска, Брэста, Гародні й Віцебска плянуецца паказ кінафільмаў краін Эўразьвязу. Уваход бясплатны.

Год таму Дзень Эўропы краіны Эўразьвязу хацелі адзначыць сьвяточным канцэртам у цырку. Менскія ўлады адмовіліся прадставіць памяшканьне. Зараз дыпляматы хвалююца, што будзе сарваны кінафэстываль. Падстава да таго ёсьць.

Міністэрства юстыцыі адзначыла нелегітымнасьць апошняга зьезду палякаў, вярнуўшы да кіраўніцтва Саюзам палякаў Беларусі мінулых кіраўнікоў, выгадных уладзе. У пятніцу вечарам па БТ запусьцілі фільм пра ўмяшальніцтва Захаду ва ўнутраныя справы на прыкладзе падрыхтоўкі да мінулага зьезду дыпляматаў Польшчы.

Лукашэнка ў пасланьні парлямэнту адзначыў, што на Беларусі палякі “ягоныя”, а гэта значыць, што кіраўніцтва Саюзу палякаў мусіць быць абранае так, як абіраўся парлямэнт і праходзіў рэфэрэндум. Па прынцыпу: “Каго прызначым, таго й запішам у абраныя”.

Такія ж мусяць быць і эўрапейцы. Раз пораз беларускае тэлебачаньне паказвае інтэрвію з грамадзянамі нейкай краіны Эўразьвязу, якія ладзяць хваласьпеў Лукашэнку. Апошімі былі людзі з Бэльгіі.

Беларускі народ покуль ва ўсіх гэтых падзеях выкончае ролю тэлегледача. Колькі так будзе, ніхто ня ведае.

Уладзімер Падгол