• Працэс інтэграцыі паміж Расеяй і Беларусьсю
  • 28.05.2005
На гэтым тыдні стала вядома шмат пра працэсы інтэграцыі паміж Расеяй і Беларусьсю.

Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанка Беларусі Анатоль Драздоў паведаміў, што Цэнтрабанку Расеі абвясьцілі пра немагчымасьць увядзеньня ў Беларусі расійскага рубля з 1 студзеня 2006 года.

Журналістам у Маскве пра гэта заявіў 24 траўня віцэ-прэм’ер паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў. Ён патлумачыў, што для тэхнічнай рэалізацыі ўвядзеньня расейскага рубля патрабуецца 6 месяцаў, але перад гэтым бакам трэба падпісаць пагадненьне аб бюджэтнай палітыцы, якое покуль не гатова. Напрыканцы красавіка аб нерэальнасьці ўвядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты заяўляў старшыня Нацбанка Беларусі Пракаповіч. Наступнае паседжаньне Вышэйшага дзяржсавета, дзе можа быць прынята палітычнае рашэньне аб адзінай валюце пройдзе ў лістападзе. Малаверагодна, што на ім будзе прынята такое рашэньне. Такім чынам увядзеньне адзінай валюты адкладваецца на няпэўны тэрмін.

Тым ня меньш адзіны бюджэт Саюза Расеі і Беларусі на гэты год прыняты. Прапаганда з абоіх бакоў запэўнівае грамадзянаў, што гэты бюджэт значна падвысіць узровень жыцьця. Але мяркуйце самі, што ён падвысіць.

Так на кампьютэрныя тэхналёгіі па бюджэце адпушчана 66 млн. расейскіх рублёў, а на бясьпеку Саюза, куды ўваходзіць праваахоўная дзейнасьць і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва больш мільярда, што ў 20 разоў болей. На стварэньне лекаў новага пакаленьня адпушчана ў 143 разы меней чым на бясьпеку.

На лячэньне інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны выдзелена 3,5 млн. рублёў, што ў 70 разоў меней чым на ўтрыманьне органаў саюзнай дзяржавы. На лячэньне чарнобыльскіх дзетак адведзена 7 мільёнаў рублёў, а на чынавенства 242 мільёны і ды на СМІ 293 мільёны.

Вынік: на ваенку і праваахоўную дзейнасьць выдзелена ў 113 разоў больш чым на ўсю сацыяльную палітыку і ў 420 разоў больш чым на лячэньне ветеранаў.
Могуць ўзьнікнуць пытаньні: адкуль узяліся чыноўнікі Саюза? Якія маюць паўнамоцтвы? Хто іх прызначаў?

Чытаю інтэрвію намесьніка старшыні Камітэта дзярждумы па справах Садружнасьці Незалежных Дзяржаў і сувязях з суайчыньнікам і ў газэце “Союзное вече” (за 26 мая-1 чэрвеня), якое выходзіць дадаткам да газэты “Звязда”.

“Адсутнасьць Канстытуцыйнага акта Саюза не дазваляе пачаць фармаваньне саюзных, наддзяржаўных ворганаў. Ні ў Канстытуцыі Расеі, ні Беларусі няма паняцьця “наддзяржаўныя ворганы”.

Такім чынам закона няма, а чынавенства ёсьць! Юрыдычна Саюзнай Дзяржавы няма, а грошы на яе абарону фантастычныя. Ізноў пытаньне: Чаму?

Красамоўны адказ дае член карэспандэнт Расейскай акадэміі навук кіраўнік цэнтра міжнарожнай бясьпекі РАН Аляксей Арбатаў:

“На Захадзе вырашылі, што мадэль рывалюцыяў, якія прыводзяць да ўлады нерасейскіх лідэраў спрацуе і ў Беларусі. Там чотка кажуць, што Беларусь мусіць пазбавіцца апошняй дыктатуры ў Эўропе. І я вельмі баюся, што супроцьстаяньне Расеі і Захаду ў гэтым регіёне можа прывесьці да лабавога сутыкненьня…

Лукашэнка будзе падаўляць любыя пратэсты. Захад можа ўмяшацца. Лукашэнка зьвернецца да Расеі. І нам будзе вельмі цяжка яму адказаць. Беларусь апасьля паразы на Ўкраіне, стала нам важнай удвайне—с пункту гледжаньня камунікацыяў, абароны і доступа да Калінінградзскага анклаву. Яна стала апошнім саюзьнікам Расеі на постсавецкай прасторы, як бы ня ставіцца да Лукашэнкі.

У нас большасьць насельніцтва, кіруючай эліты, парляменту, ставяцца да Лукашэнкі па формуле пакойнага прэзыдэнта Джонсона: няхай ён сукін сын, яле гэта наш сукін сын”.
Калі Арбатава спыталі, у якіх формах Расея можа падтрымаць Лукашэнку, той заявіў:
“Армію адкрыта выкарыстоўваць ня будуць. Але застаюцца спецвойскі і унутраныя войскі”.
Вось вам і адказ на пытаньне чаму такія вялікія грошы Расея ўкінула ў бюджэт Саюза на абарону.

Арбатаў прывёў і суб’ектыўную прычыну імкненьня кіраўніцтва Расеі абараніць Лукашэнку: “С падзеньнем Лукашэнкі вакол Расеі будзе спрэс стаяць НАТА, ціск на Пуціна будзе страшэнным і яго аўтарытэт унутры краіны будзе падарваны… Лукашэнка фактычна паставіў сваю апазыцыю па-за законам. Для нас усталёўваць зь ёй кантакт, азначае выступаць супроць Лукашэнкі”.