• Моладзь галадуе і здае экзамены
  • 04.06.2005
Пачатак лета на Беларусі апалітычная моладзь сустракае ў экзаменацыйных хваляваньнях. Палітычна актыўныя хлопцы галадаюць: шасьцёра юнакоў у Жадзіна. Да каманды галадуючых далучыўся хлопец з Баранавічаў, лідэры Маладога фронту Дашкевіч і Фількевіч. У Бабруўску Мацкевіч і ў Кіеве Ігар Шчыкарэвіч.

Яны дабіваюцца права на вучобу сваіх таварышаў, якіх выключылі з навучальных установаў за ўдзел у палітычных шесьцях.

Масавай салідарнасьці з хлопцамі, якіх выключылі і не даюць вучыцца, няма. Палітычныя лідэры не паднімаюць свае атрады на масавую ўсебеларускую пратэстную акцыю.
Але шэраг асобаў падтрымліваюць хлопцаў. Так да Жодзінцаў прыезжалі А.Лябедзька і Марына Багдановіч. Ім сьпявала Кася Камоцкая. Хлопцаў наведалі сябры рады беларускай інтэлігенцыі.

Акцыі ў падтрымку прайшлі ва Ўкраіне, Швэцыі, Польшчы, Нарвэгіі, Літве, Латвіі, ЗША, Бэльгіі.
У Менску ля будынку міністэрства адукацыі 28 вядомых у краіне акадэмікаў, паэтаў, рок-сьпевакі, палітыкі, журналісты правялі пікет у знак салідарнасьці. Кожны дзень нехта спыняе галадаць з-за дрэннага стану здароўя.

Акрамя маладых у турме галадуе эксдэпутат Сяргей Скрабец. Толькі скончыў галадаць за кратамі Мікола Статкевіч, пратэстуючы супроць несправядлівага суду. Але салідарнасьці зь імі ніхто ня выказаў.

Справа ў тым, шго калі прыкладна год таму дэпутат парляманту Скрабец разам з калегамі Фраловым і Парфяновічам распачалі галадоўку супроць дзеяньняў былога парляманту і галадалі на кватэры Фралова, тады Скрабец даў інтэрвію беларускаму тэлебачаньню, дзе распавёў, што можа галадаць месяц і болей, што навучыўся гэтаму ў манахаў, што галадоўка мае лячэбны эффект. Лагодная ўсьмешка Скрабца сьведчыла, што тады для яго галадоўка была чарговым медычным аздараўленьнем.

Сёньня Скрабэц галадуе вельмі сур’ёзна, але стаўленьне да яго ў апазыцыйным асяродзьдзі абыякавае. Палітык мусіць ведаць, што кажа і як яго словы адгукнуцца.

Газэта “Народная воля” працягвае палітыку прапаганды Казуліна, як лепшага палітычнага лідэра ў апазыцыі. На старонках газэты, усхваляючы Казуліна, аўтары наносяць удары па мажлівых канкурэнтах. Апошнім часам такіе інтэлігентныя збэшчваньні дастаюцца Уладзіміру Коласу – дырэктару закрытага ліцэю. Колас правёў у лесе Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі. Сабралося сто дэлегатаў. Плянавалася па 70 ад кожнай вобласьці. Сярод выступоўцаў было шмат крытычных заўвагаў у бок Коласа. Трыумфальнага вылучэньня Коласа ў статус адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыйнай інтэлігенцыі ня атрымалася.

Але Коласаў дух пітаюць вынікі парляманскіх выбараў. Па апытаньнях сацыёлягаў тады Колас у сваёй акрузе набраў больш за 60% галасоў. Відаць гэткі ж вынік Колас прадбачыць для сябе і на прэзыдэнскіх выбарах і ўпарта рухаецца да выбараў, ня зважаючы на крытычныя залпы з боку свайго ж апазыцыйнага лягеру.

А Лукашэнка? Той прэзэнтуе праграмму за праграмай. На гэты раз сяло, па яго словах, будзе ўзьнята на небывалую вышыню да 2010 года. Да таго ж прэзыдэнскія ідэёлагі паведамілі, што рыхтуецца праграма “Дзеці” і таксама да 2010 года. Усё гаворыцца так упэўнена, як быццам прэзыдэнскіх выбараў ня будзе ўвогульле. Гэтую ўпэўненасьць можна зразумець. У апазыці сярод лідэраў раздрай. Ніводнай акцыі, якая б параўналась з самымі моцнымі акцыямі БНФ напачатку 90-х гадоў сучасная апазыцыя правесьці ня змагла. Нагадаю, што ўсім грамадзянам Беларусі апазыцыя БНФ явілася ў выглядзе абаронца ад паўтору камуністычных рэпрэсіяў, правёўшы Шлях у Курапаты і раскрыўшы таямніцу масавых вінішчэньняў бязьвінных людзей. Правялі Чарнобыльскі Шлях і пачалося выратаваньне людзей са сьмяротных зонаў. Пачалося адраджэньне беларускай нацыі, вынік якога зафіксавалі прэзыдэнскія перапісчыкі пад час дзяржаўнага перапісу некалькі год таму. Яны засведчылі, што каля 80% насельніцтва лічаць родную мову – беларускай. Адпаведна апазыцыя БНФ набыла вартасьць стваральніка.

Дык вось сёньня ў апазыці няма таго, што раньш было. Няма
ідэяў і акцыяў, якія б прыцягнулі бальшыню насельніцтва да апазыцыі.

А пратэстны патэнцыял пакрысе нарастае. І такі стан можа прывесьці да таго, што праз маскоўскія тэлеканалы людзям раптам прэзэнтуюць былых кіраўнікоў КДБ ці Мацкевіча, ці Ерына і яны апынуцца самымі лепшымі кандыдатамі ад апазыцыі. Апазыці Крамля да Лукашэнкі.