• Kангрэс дэмакратычных сілаў у верасьні?
  • 18.06.2005
Дзьве тэндэнцыі сталі заўважнымі для палітычна зацікаўленых асобаў на гэтым тыдні.

Першая была прэзэнтаваная даўно. Палітычныя лідэры пяцёркі-дзясяткі, куды ўвайшлі асноўныя партыі, зноў пацьвердзілі свой намер правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў у верасьні.

Прадстаўнікі ўлады заявілі аб намеры правесьці Ўсебеларускі народны сход. У шэрагах апазыцы ўзьнік дыспут. Адны ставяць мэту Кангрэсу – вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Другія да таго ж хочуць на Кангрэсе прыняць праграму разьвіцьця Беларусі. Лідэры непалітычных партыяў, у прыватнасьці, Лявонаў, лічаць, што Кангрэс мусіць стаць сэмінарам для апазыцыі.

Прадстаўнікі ўлады заяўляюць пра намер абмеркаваць на Ўсенародным сходзе асноўныя парамэтры сацыяльна-эканамічнага развіцьця краіны на 2006-2010 гады.

І вось прэзыдэнцкія юрысты правялі круглы стол на тэму “Народныя сходы”, як важнае зьвяно сістэмы народаўладзьдзя ў Рэспубліцы Беларусь”. Пра гэты паведаміла ўрадавая газэта “Рэспубліка”.

Для мяне было вельмі цікава даведацца, пра што там гаварылі быццам бы высакокваліфікаваныя юрысты. Спачатку зазначу, што такая форма кіраваньня краінай, як Усенардны сход, не прапісаная. І вось судзьдзя Канстытуцыйнага суда Анатоль Цікавенка кажа, што Інстытут народных сходаў прадугледжаны Канстытуцыяй, бо ў 3-м артыкуле запісана, што “адзінай крыніцай дзяржаўнай улады й носьбітам сувэрэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь ёсьць народ”. Таму Ўсебеларускі сход, як грамадзка-дзяржаўныы інстытут, мае трывалую прававую базу і ўжо пасьпеў заваяваць аўтарытэт у грамадзтве.

А вось загадчык аддзелу Інстытута сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры Адміністрацыі Прэзыдэнта Алег Мазура зазначыў, што Ўсенародны сход, прадстаўляючы ўсе слаі грамадзтва, ёсьць вышэйшая форма дэмакратыі. Юрыдычная сіла Сходу надаецца з дапамогаю дзяржаўных ворганаў улады ў зьвязку з тым, што прымаецца не заканадаўчае рашэньне, а рэзалюцыя, што носіць рэкамэндацыйны характар. Рэзалюцыя ў трохдзённы тэрмін накіроўваецца прэзыдэнту краіны для прыняцьця па ёй рашэньня цягам трох месяцаў.

Удзельнікі круглага стала падкрэсьлівалі, што ў сучасным грамадзтве, якое падвяргаецца масаваму інфармацыйнаму ўзьдзеяньню, неабходны менавіта такі дзяржаўна-грамадзкі інстытут, які выражае меркаваньне народа па карэнным пытаньням жыцьця грамадзцтва.

Як вядома, на Ўсенародны сход абіраюцца дэлегаты. І сход, і выбар дэлегатаў не апісваюцца ніякім законам. Узьнікае шэраг пытаньняў:

Хто арганізуе выбар дэлегетаў на сход? Як суадносяцца паўномоцтвы дэпутатаў парлямэнту й дэлегетаў Усенароднага сходу з пункту гледжаньня выражэньня думак народа?

Хто рыхтуе праекты рашэньня Сходу?

Калі ня ведаць, што насамрэч робіцца ў Беларусі, тады можна было б паверыць таварышу Цікавенка, які сказаў, што ўнікальная зьява – Усенардны сход ў краіных СНД не выкарыстоўваецца, а насамрэч спалучае традыцыю славянскіх вечавых сходаў і сучасных формаў народаўладзьдзя, якія арганічна ўпісаліся ў палітычную сыстэму народаўладзьдзя.
Пры гэтым ніводная дзяржаўная газэта, ні радыё, ні тэлебачаньне ня пішуць і ня кажуць, як міліцыянты па загаду кіраўнікоў улады зрываюць сходы ў рэгіёнах Беларусі па вылучэньню дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Дэлегаты мясцовых сходаў змушаны зьбірацца ў лесе. У Сьветлагорску напярэдадні сходу міліцыянты арыштавалі арганізатараў сходу: старшыня БНФ ВадзімаБолбаш й Гомельскай абласной арганізацыі партыі Віктар Раманішка. Лідэр АГП А.Лябедзка заявіў, што мясцовым арганізацыям рэкамэндавана больш не спрабаваць праводзіць сходы, а вылучаць дэлегатаў мэтадам збору подпісаў сярод рэгіянальнага актыву.

У дадатак да гэтага раскажу пра зьмест паняцьця дэмакратыя, якое на днях даў прэзыдэнцкі ідэёлаг па беларускім тэлебачаньні. Дэмакратыя – гэта калі людзям ёсьць што паесьці й папіць. Калі ў грамадзцтве парадак. А гэты ашалелы Захад не разумее вышэйшай формы дэмакратыі, што зладзілі на Беларусі.

Уладзімер Падгол