• Парушэньні правоў чалавека беларускімі ўладамі
  • 25.06.2005
Грамадзкі камітэт пры прэзыдэнце Расеі па спрыяньню разьвіцьцю структураў грамадзянскай супольнасьці і правох чалавека, які ўзначальвае Эла Памфілава, накіраваў Лукашэнку ліст, у якім пералічаюцца парушэньні правоў чалавека беларускімі ўладамі, як грамадзянаў Расеі, так і Беларусі. Акрамя вядомых фактаў, накшталт прозьвішчаў зьніклых палітыкаў, Лукашэнку дакараюць за канфіскат расейскіх грузаў, з-за дзеяньняў беларускай мытні пад пагрозай апынуўся транзытны калідор з Калінінградзкай вобласьцю,– зазначаецца ў дакумэнце.

На гэтым тыдні ў Гомлі праходзіць чарговая сэсія парлямэнцкага сходу Саюза Расея – Беларусь. Яна адметная тым, што спікэр Дзярждумы Грызлоў публічна заявіў пра намер кіраўніцтва Расеі бараніць кіраўніцтва Беларусі ад неабгрунтаваных нападаў з боку цывілізаванай Эўропы.

Грызлоў заявіў пра намер Камісіі па распрацоўцы Канстытуцыйнага акту Саюза да канца году распрацаваць праект Саюзнай Канстытуцыі.

Пра сапраўдныя намеры кіраўніцтва Расеі адносна Беларусі сьведчыць той факт, што 17 чэрвеня на паседжаньні Дзярждумы Расеі прыняты неабходныя зьмены ў закон аб фэдэральным бюджэце, і Беларусь атрымала чарговы крэдыт у памеры 146 мільёнаў даляраў на кампэнсацыю падаражаньня газу.

У апазыцыі ідуць два працэсы. Палітычны блёк 5+ працягвае сходы па вылучэньню кандыдатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Адначасова лідэры АГП рыхтуюць дакумэнты ў гарвыканкам Менску на правядзеньне рэфэрэндуму па перайменаваньню вуліц.

У непартыйным сэктары апазыцыі вылучаюцца ініцыятывы правядзеньня рэфэрэндумаў.
Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, які кіруе фондам “За новую Беларусь”, прапанаваў лідэрам партыйнага блёку апазыцыі на Кангрэсе дэмакратычных сілаў запатарпабаць ад улады правядзеньня рэфэрэндуму па праекце Канстытуцыі Беларусі ў новай рэдакцыі. Новую рэдакцыю прапанаваў сам Лявонаў. У выпадку адмовы ўлады, Лявонаў прапануе “грамадзянскі супраціў, грамадзянскую самаабарону, якія не парушаюць правы і законные інтарэсы мірных абывацеляў.

Былы генэрал і былы дэпутат парлямэнту Валеры Фралоў лічыць, што правядзеньне выбараў па існуючаму заканадаўству – гэта чарговая “элегантная перамога” Лукашэнкі. І таму Фралоў прапануе правесьці рэфэрэндум па зьменах у выбарчае заканадаўства. А да гэтага пытаньня ў рэфэрендум дадаць пытаньні аб адмене прымусовай кантрактызацыі пры прыёме на працу, аб усталяваньні аплаты за жытло, якая ня мусіць быць больш чым 25% бюджэту сям'і, і прыняцьці закона аб прадпрымальніцтве, які забясьпечыць цывілізаваныя формы вядзеньня бізнэсу.

На Беларусі распаўсюджваецца артыкул Зянона Пазьняка, які надрукаваны ў газэце "Беларус" у Нью-Ёрку. У прыватнасьці, газэта “Выбар”, якая забаронена ўладамі аж у 1993 годзе й выходзіць незарэгістраванай пад рэдакцыяй Барыса Хамайды, надрукавала ўрывак з артыкула Пазьняка. Ён называе ўсю дзеючую апазыцыю “кіруемай”, у склад якой уваходзяць людзі з каманды Лукашэнкі.

Вось некалькі цытатаў з артыкула Пазьняка:

“Напачатку 1988 году Ганс Вік і КДБ прыступілі да стварэньня “аб’яднанай апазыцыі”…
У другой палове 1997 году быў ажыцьцёўлены міжнародны гэбоўскі праект “Хартыя-97”.
Аб’яднаная апазыцыя й розныя яе мадыфікацыі кшталту 5+ гэта складовая частка лукашэнскаўскага рэжыму, кіруемая спэцслужбамі Масквы й нямецкімі лібэраламі. Адносіцца да яе трэба гэтак жа, як і да Лукашэнкі зь яго групай – зьмятаць з палітычнай сцэны”.

Покуль гэту задачу пасьпяхова выконвае сам Лукашэнка, садзячы за краты сваіх апанэнтаў. Так Марыніч, які сядзіць у турме, па Пазьняку ёсць хаўрусьнік Лукашэнкі.

Уладзімер Падгол