• Дробязі, якія сьведчаць пра падзеі
  • 02.07.2005
Бываюць такія дробязі, якія сьведчаць пра падзеі, і іх ацэнка - больш за гучныя дэклярацыі. Калі бегла прагледзець урадавую газэту "Рэспубліка" за 28 чэрвеня, то кінуцца ў вочы вялізныя загалоўкі артыкулаў “Віцебск фесцівальны чакае гасьцей” – гэта пра Славянскі базар, дзе будуць сьпяваць. Ці паведамленьне прэсавай службы прэзыдэнта пад загалоўкам “Увага коннаму спорту”. Яны амаль у два разы больш за сьціплаю занатоўку “Важныя крокі”.

А ў “кроках” пішацца пра другі дзень працы Парлямэнцкага сходу Саюза Расея- Беларусь, пра тое, што чакаецца. У верасьні-кастрычніку каімсіяй будзе прадстаўлены дапрацаваны праект Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы, у лістападзе яго прыняцьцё ў Расеі на чарговым Парлямэнцкім сходзе й зацьверджаньне яго Вышэйшым дзяржсаветам з далейшымі рэфэрэндумамі ў Беларусі й Расеі аб утварэньні Саюзнай дзяржавы, і выбары ў саюзны парлямэнт.

Больш ні адзін сродак масавай інфармацыі не паведаміў пра гэтыя гістарычныя пляны. Толькі спікэр Дзярждумы Грызлоў з пракурорскімі інтанацыямі два разы даў інтэрвію БТ, дзе тонам загаду паведаміў, што напрыканцы году Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы будзе прыняты.

Я зразумеў, што гэты тон быў скіраваны Лукашэнку. Бо паралельна прэзыдэнцкая прапаганда цьвердзіла пра неабходнасьць інтэграцыі з Расеяй, але толькі ў эканамічнай галіне. А сам Лукашэнка, заклікаючы выпускнікоў усіх навучальных устаноў працаваць на радзіме, не зьяжджаць за мяжу, павучальна з пакутлівым выглядам дадаваў, што незалежнасьць дорага каштуе.

Калі б ён мерыўся скокнуць у Саюз, дык, відаць, заклікаў бы застацца працаваць у новым квітнеючым Саюзе з Расеяй.

Прэзыдэнцкая прапаганда да таго ж прысьвяціла асобную перадачу, прысьвечаную вынікам сацыялягічных дасьледаваньняў Лявады з Масквы. Беларускі дыктар паведаміў, што 46% расейцаў лічаць, што іх самымі вялікімі сябрамі ёсьць беларусы, на другім месцы ў іх сябрах немцы, і на трэцьцім - казахі. Самымі вялікімі ворагамі расейцы назвалі латышоў.

Паводле дадзеных “Эўразійскага манітора” ў Беларусі, які правёў Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (дырэктар Валер Фёдараў), прыхільнікі далучэньня да Эўразьвязу й жыцьця ў Адзінай эканамічнай прасторы падзяліліся амаль пароўну – 22% за Эўропу, 24% – за АЭП. Яшчэ 14% беларусаў наагул мараць пра адроджаны СССР, і 21% хацелі б жыць проста ва ўласнай краіне.

Ва Ўкраіне – больш за Эўразьвяз - 30%, за адзіную эканамічную прастору - 26%.
Па 15% расейцаў вабіць Эўропа і адзіная эканамічная прастора. Пра аднаўленьне СССР мараць – 27%.

Па выніках травеньскага апытаньня НІСЭПІ 48% беларусаў з той ці іншай ступеньню ўпэўненасьці выказаліся за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу.

Супраць гэтага толькі крыху болей за траціну – 35%.

Якая ж пэрспэктыва рэфэрэндумаў аб аб'яднаньні Беларусі й Расеі?

Выснова расейца Фёдарава:

«Расея, ядро, рухавік інтэграцыйных праектаў, сёньня на ўзроўні грамадзкай думкі ў найменшай ступені гатовая да рэалізацыі такога аб’яднаньня».

А што тычыцца таго моманту, «А хто лічыць вынікі рэфэрэндуму?» дык тут можа атрымацца вайна падліковых камісіяў Расеі й Беларусі. У любым выпадку Пуціну трэба знайсьці вельмі моцную пугу на Лукашэнку, каб загнаць яго ў Саюз з адзіным прэзыдэнтам і валютай.

Аргумэнтаў супроць Саюза ў яго ворагаў шмат. Пра адзін зь іх паведаміла незалежнае агенцтва БелаПАН з гэтага ж парлямэнцкага Сходу. Вялізную частку бюджэту неіснуючага Саюза раскралі. Так, напрыклад, у бюджэт Саюза мусілі вярнуць з узятых крэдытаў 456 млн расейскіх рублёў, а вярнулі 105.

Нездарма сакратар Саюзнай дзяржавы Барадзін сядзеў у амэрыканскай турме за раскраданьне грошай, а выкупіў яго Лукашэнка.

А Барадзін ёсьць самы вялікі агітатар Саюза, самы апантаны й зацяты яго прыхільнік. І хіляць у Саюз вялікія грошы ды мажлівасьць іх красьці.

Уладзімер Падгол