• Інтэрвію прэзыдэнта Беларусі тэлеканалу ТВЦ
  • 16.07.2005
У панядзелак тэлегледачы Расеі і Беларусі ўрэшце ўбачылі інтэрвію прэзыдэнта Беларусі расейскаму тэлеканалу ТВЦ. Уважлівыя гледачы былі ўражаны шчырымі і парадаксальнымі аповедамі Лукашэнкі.

Ён цьвердзіў пра тое, што імкнецца захаваць чысьціню свайго іміджу барацьбіта з карупцыяй. З-за гэтага ня мае сяброў, як той жа Пуцін. Не рабіў пратэкцыі родзічам.
І тут жа паведаміў, што яго 29-гадовы сын Віктар зараз працуе памочнікам прэзыдэнта- бацькі. Да гэтага сын працаваў 1-м сакратаром Міністэрства замежных спраў, потым загадчыкам Аддзела знешнеэканамічных сувязяў НІІ АГАТ і раптам такі ўзьлёт. Бацька даў 29-гадоваму сыну пасаду ранга міністра з заробкам 800 даляраў у месяц. Да таго ж людзі рангу міністра, па словах Лукашэнкі, маюць дадатковыя грошы на лячэньне й катэджі, якія Лукашэнка пабудаваў для іх побач са сваёй рэзыдэнцыяй.

Самая галоўная навіна ад прэзыдэнта: “Сваю ўладу я буду бараніць са зброяй у руках!”

Тут жа Лукашэнка распавёў, што казаў бізнэсоўцам:

“Ну, колькі нам трэба ўршце рэшт? Адны белыя тапкі, і адзін белы касьцюм. Усе будзем там ( на тым сьвеце) у адных белых тапках і касьцюме”

Са слоў прэзыдэнта можна зрабіць выснову, што беларускі народ мае на выбар прэзыдэнцкую пэрспэктыву: альбо Лукашэнка прэзыдэнт, нават са зброяй у руках, альбо ў белых тапках у труне. Трэцяга нам не дадзена.

А як жа Саюз з Расеяй? Пря яго на мінулым тыдні шмат хто з расейскіх чыноўнікаў казаў, як пра сапраўднасьць. На гэта адказалі і дэпутат парлямэнту Дубавік, і намесьніца главы Адміністрацыі Прэзыдэнта Пяткевіч: “У гэтым годзе рэфэрэндуму ня будзе, бо няма Канстытуцыі, а нават калі будзе праект, яго шлях да рэфэрэндуму працяглы”.
А вось газэта “Камсамолькая праўда” за 12 ліпеня, аналізуючы будучыню Пуціна, зноў нагадала, што выбары Пуціна кіраўніком Саюза Расеі-Беларусь – гэта Канстытуцыйны шлях захаваньня Пуціна кіраўніцтва ў Расеі.

Лукашэнка тым часам працягвае сустрэчы зь лідэрамі камуністаў.

Папярэдняя была з галоўным камуністам Расеі Зюганавым падчас сьвяткаваньня дня Незалежнасьці і адначасова Ўсеславянскага сходу. На гэты раз зь лідэрам камуністаў Украіны Сіманенкам.

Для чаго гэта робіцца?

Нагадаю, што падчас апошніх выбараў Ельцына, Лукашэнка таксама актывізаваў кантакты зь лідэрамі камуністаў Расеі. Казалі, што ён нават грашыма падтрымліваў Зюганава.
На гэты раз у палітычных варунках Расеі можа ўтварыцца сапраўдны разрушальны вір. “Камсамольская праўда”, прагназуючы палітчыную будучыню Расеі, сьцьвярджае, што зараз цана на нафту расьце таму, што кітайцы скупляюць яе па ўсім сьвеце, каб утварыць стратэгічныя запасы. Што калі кітайцы скончаць яе скупляць, кошт можа ўпасьці да 20 даляраў за барэль. Сёньня ён звыш 60. Расейскі ўрад зможа ўтрымаць стабільнасьць у краіне пры цане 27 даляраў. Прагназуецца высокая верагоднасьць сацыяальнаг выбуху. З-за гэтага на ўсіх паседжаньнях ураду Расеі памежна нэрвовая абстаноўка.

І калі сапраўды гэта так, і да таго часу Лукашэнка атрымае роўныя палітычныя правы з Пуціным у Расеі, чы ж ня шанец для Лукашэнкі паўтарыць сваю крылатую фразу: “Беларусь для мяне пройдзены этап!”.

Падчас інтэрвію Лукашэнка расказаў, што сярэдні заробак вяскоўцаў - 150 даляраў. Гэты расейскі тэлеканал на вёску не трансьлюецца, а так бы Лукашэнка адразу страціў вялізную частку выбаршчыкаў.

А для нас ёсьць нагода даведацца, як насамрэч справы на беларускай вёсцы.

А для гэтага трэба ўзгадаць яшчэ адно сьвежае выказваньне прэзыдэнта пра тое, што ён бізнэсоўцам аддаў калгасы. І сёньня яны ні за што ня хочуць вяртаць іх дзяржаве.
Я маю сябра – буйнога бізнэсоўца. Яму таксама ўручылі калгас. Калі ён спытаў, а што будзе, калі я адмоўлюся, яму адкрыта сказалі, што ў фірму прыдзе Тозік – кіраўнік Камітэта Дзяржкантролю, і фірмы ня будзе, і сам у турму сядзеш – такі мэтад прыватызацыі калгасаў.
Далей-болей. Яму загадалі, каб яго калгасьнікі атрымлівалі заробак не ніжэй 100 дал. у месяц незалежна ад вынікаў працы. І ён плаціць з асноўных даходаў фірмы.

І вось вынікі такога падыходу: вяскоўцы працуюць і п'юць, што вырасьцяць – крадуць, а заробак плаціць бізнэсовец.

Мясцовае старое кіраўніцтва калгасу лічыла й лічыць, што ўся маёмасьць і прыбытак належыць ім. А тут навязалі гаспадара зь Менску. Усе павязаны, адзін аднаго ведаюць, заробак ад бізнэсоўца ім Лукашэнка гарантаваў, калі яны хоць раз на тыдзень п'яныя на работу будуць выходзіць.

Галасы на выбарах за такога прэзыдэнта вяскоўцы аддадуць. Ён ім сапраўдны бацька.

Уладзімер Падгол