• Нечаканы візыт прэзыдэнта Беларусі ў Маскву
  • 23.07.2005
Нечаканы візыт у сераду прэзыдэнта Беларусі ў Маскву па запрашэньні Пуціна выклікаў шмат разважаньняў у беларускіх аналітыкаў.

Газэта “Народная воля” зазначыла, что Пуцін запатрабаваў адказаў на пытаньні, якія паставіў у Сочы. Гаворка ідзе пра намеры кіраўніцтва Расеі ўвосень прыняць Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы і ўвесьці адзіны рубель. Расейцаў раздражняюць невыразныя дзеяньні Лукашэнкі па гэтых пытаньнях.

Так "Народная воля" паведаміла, што Любоў Сьлізка, віцэ-спікэр Дзярждумы, адказваючы на пытаньні Расейскай службы радыё Свабода сказала: “Мне вельмі б хацелася спадару Лукашэнку задаць такое пытаньне: “Аляксандар Рыгоравіч, калі ж у нас будзе Саюзная дзяржава? Колькі гадоў вы яшчэ будзеце пераносіць тэрмін увядзеньня расейскага рубля?”
Не выключаю, што Пуцін і задаў такія ж пытаньні Лукашэнку.

Чаму так мяркую?

На падставе шэрагу выказваньняў расейскіх палітыкаў. Так прэсавы сакратар дзяржаскратара саюзнай дзяржавы Расеі Іван Макушок у інтэрвію газэце “Маскоўскі камсамолец” сказаў, што эканамічныя ўмовы ў Саюзе будзе дыктаваць Расея, што ніякіх двух эмісійных цэнтраў пасьля ўвядзеньня расейскага рубля ня будзе, будзе адзін - у Расеі.

А прэзыдэнцкая газэта-манэта “Савецкая Беларусія”, а з другога боку “Беларусь сегодня” надрукавала інтэрвію з амаль прыехаўшым у Беларусь новым расейскім амбасадарам Аяцкавым.

Яму пытаньне: “Якіх вынікаў чакаеце ад сваёй новай працы?

Аяцкаў адказвае:

“Я скажу словамі свайго прэзыдэнта. Ён абазначыў маю місію прыкладна так: хачу, каб вы сталі апошнім паслом Расеі ў Беларусі. У тым сэнсе, што мы мусім імкнуцца да таго, каб нашыя краіны сталі адзінай Саюзнай дзяржавай”.

Якое ж месца адводзіцца Лукашэнку расейцамі, Пуціным у іх Саюзе?

І тут Аяцкаў, які месяц таму рассыпаўся камплімэнтамі ў бок Лукашэнкі, ледзь ні выбітнай асобай яго называў, раптам сказаў журналістам у Саратаве, дзе працаваў губэрнатарам:
“Цяжка зламаць Лукашэнку, вельмі цяжка. Ён вельмі моцна стаіць на нагах. Канешне, яму трэба ў сабе зламіць галоўнае, што Расея – гэта Расея, Беларусь – гэта Беларусь, Пуцін – гэта Пуцін, а Лукашэнка – гэта Лукашэнка. І ён у ніякім разе ня мусіць надуваць шчокі, што ён там даўно працуе, нехта яму мусіць быць на пасылках.”

На фэстывалі "Славянскі базар", які на гэтым тыдні праходзіў у Віцебску, дзяржсакратар Саюза Расея-Беларусь сказаў, што адзінай валютай Саюза мусіць стаць даляр. Праз суткі ён паведаміў, што гэтак пажартаваў.

Але ў кожным жарце ёсць крыху жарту, а калі даведацца пра намеры гаспадароў даляраў, таксама робіцца млосна ад нашай пэрспэктывы.

Газэта "Камсамольская праўда" прывяла выказваньне намесьніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы й Эўразіі Дэніела Фрыда інфармагенцтву БЕЛАПАН:

“ЗША не зьбіраюцца абмяркоўваць лёс Беларусі за сьпіной у белорускага народу. Ня ў нашых правілах заключаць сакрэтныя пакты аб лёсе іншых дзяржаў. Але мы разьлічваем на намаганьні Расеі па забесьпячэньні свабоды на Беларусі. У прэзыдэнтаў Буша й Пуціна – цудоўныя асабовыя адносіны. Мы спадзяемся, што Расея акажа дапамогу беларускаму народу.”

Падчас візыту Лукашэнкі ў Маскву прэзыдэнцкія СМІ Беларусі паказалі пераможны трыюмф на Славянскім базары члена зборнай Беларусі па сьпевах Паліны Смолавай.

Паказалі Лукашэнку ў касьмічным цэнтры пад Масквою, як бацьку першага беларускага касьмічнага спадарожніка.

І паказалі Пуціна, які на сустрэчы з грамадзкім Камітэтам па развіцьцю грамадзянскай супольнасьці і правох чалавека цьвердзіў пра недапушчальнасьць выкарыстаньня замежных грошай на палітычную дзейнасьць унутры краіны. Лукашэнкаўскія ідэёлягі ганарліва хваліліся, што Пуцін бярэ ў сваю дзейнасьць даўно адкрытае Лукашэнкам.

Карацей, прэзыдэнцкія ідэёлягі працягвалі фармаваць нэабеларускі нацыяналізм па лукашэнкаўску. Формула якога: беларусы – гэта рускія, толькі са знакам якасьці.

Невыпадкова асноўны прэзыдэнцкі тэлеканал Расеі падчас сустрэчы Пуціна й Лукашэнкі паказаў расейскую базу электронага назіраньня й кіраваньня пад Івацэвічамі “Волга”. Журналісты падрабязна расказалі, што яна пабудаваная замест разбуранай латышамі ў Скрундэ, што гэтая база можа сачыць за запускамі ракетаў з тэрыторыі ЗША, каардынуе рухі атамных падлодак ва ўсіх кутках сьвету. 11 ліпеня ў інтэрвію ТВЦ Лукашэнка казаў, што за такую базу пад Вілейкай не бярэ грошай з расейцаў.

На першы погляд падрабязны расказ пра расейскую базу на Беларусі падмацоўваў пазыцыю Лукашэнкі, дэманстраваў высокі ўзровень стасункаў двух прэзыдэнтаў. Тут жа Пуцін падкрэсьліў высокі ўзровень гандлю зь Беларусьсю.

Але, з другога боку, рэпартаж з вайсковай базы якбы даваў намёк апазыцыйным лідэрам: Вось вам узор, які мусіце ўлічыць, калі хочаце здабыць крамлёўскую ласку ў барацьбе з Лукашэнкам.

На сёньня ніводзін зь лідэраў апазыцыі не выкарыстаў аргумэнтаў пра вайсковая базы Расеі ў Беларусі, прадэманстраваўшы сваё стаўленьне да іх знаходжаньня і ўмоў утрыманьня.

І дзіўна, што татальны кантроль у грамадзтве, насаджваны камандай Лукашэнкі, ня здольны кантраляваць злачыннасьць. Прывяду выраз кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэта:

“Карупцыя ў таможні ёсьць і будзе. Апошні прыклад прапускны пункт “Катлоўка”, які на 100 адсоткаў знаходзіўся пад кантролем злачынных груп. Мы змушаны былі пад нагодай рэканструкцыі ўвогуле закрыць гэты пункт пропуску”.

Уладзімер Падгол