• Перамовы Лукашэнкі з Пуціным
  • 30.07.2005
На пачатку тыдня прэзыдэнт Беларусі правёў нараду па пытаньнях унутранай і зьнешняй палітыкі. На ёй Лукашэнка расказаў пра зьмест перамоў з Пуціным у Завідава.

Ключавыя моманты з аповеду Лукашэнкі:

1. Упершыню Пуцін пагадзіўся памяняць стратэгію інтэграцыі й на другое месца паставіць увядзеньне адзінай валюты, а на першае – канцэпцыю саюзнай дзяржавы. У лістападзе плянуецца правесьці паседжаньне вышэйшага дзяржсавету, дзе кожны бок прадставіць сваё бачаньне Канстытуцыйнага акту.

2. Лукашэнка заявіў, што Пуцін прапануе інтэграцыю па мадэлі Эўразьвязу, а ён па мадэлі СССР.

І пра рэфэрэндум па Канстытуцыйнаму акту: Лукашэнка лічыць, што ён мажлівы апасьля таго як: будзе зроблены шэраг інтэграцыйных крокаў у падаткаабкладаньні, свабодзе руху, пэнсійным забесьпячэньні і гэтак далей, каб простыя людзі ўбачылі, у чым перавагі інтэграцыі.

Мы 10 год прапануем паскарэньне інтэграцыі, але пры выключэньні прыхватызацыі, анархіі.
«Аб сувэрэнітэце размовы няма – заявіў Лукашэнка, сувэрэнітэт – справа сьвятая, ім не гандлююць>>.

Асобная тэма – рэвалюцыі.

Лукашэнка распавёў, што яны з Пуціным сышліся на тым, што ніякіх рэвалюцыяў ні ў Беларусі, ні ў Расеі ня будзе.

Ён сказаў Пуціну, што рэвалюцыя ў Беларусі – гэта рэвалюцыя ў Маскве.

Тым ня менш, Лукашэнка папярэдзіў, што ведае пра падрыхтоўку спэцгрупаў на тэрыторыі суседніх краінаў, якія прыбудуць у Менск, каб ствараць рэвалюцыю. Хачу папярэдзіць, што мы пра гэта ведаем, і ведаем, як дзейнічаць супроць інтэрвэнцыі.

Датэрміновых выбараў ня будзе. Гістэрыкі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы няма, і ня трэба яе дэманстраваць унізе.

Дапамогі ад Пуціна на выбары не прасіў і ня буду.

Лукашэнка падкрэсьліў, што Пуціну паведаміў пра самадастатковасьць Беларусі. Мы толькі газ купляем не па сусьветных цэнах. Але можам перайсьці на сусветныя кошты па ўсіх пазыцыях у гандлі з Расеяй, але й ёй будзе трэба плаціць нам па сусьветных коштах. ВУП Беларусі 80-100 млд. даляраў і страта 200 млн. на куплі газу – драбяза. Тым больш, што пры ўступленьні Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю ўсёроўна прыдзецца перайсьці на сусьветныя цэны.

Пра ўсё гэта, па словах Лукашэнкі, яны размаўлялі з Пуціным. А зараз пра вэрсію тэмы, пра якую Лукашэнка не сказаў ні слова.

Яго ў Маскве паказалі, як экскурсанта ракетабудаўнічага цэнтру. Прэзыдэнцкія СМІ камэнтавалі першы беларускі спадарожнік, як сродак геадэзічных дасьледаваньняў.

А вось газэта "Беларускі рынак" надрукавала артыкул Алесіна, які даволі грунтоўны экспэрт у прамысловых і вайсковых патыньнях. Алесін піша, што звычайныя геадэзічныя карты Беларусі не патрэбны. Галоўная мэта спадарожніка – стварэньне лічбавых мапаў мясцовасьці. Яны патрэбны перш за ўсё вайскоўцам, каб увесьці лічбавыя мапы ў электронныя мазгі звышсучасных баявых ракет. Па гэтых мапах ракеты будуць ляцець над Беларусьсю ў аб'екты на тэрыторыі Эўропы. Што за ракеты? Па-першае, апэратыўна-тактычны комплекс Іскандэр. Аптычная апаратура скануе мясцовасьць у раёне мэтавага аб'екта й пастаянна параўноўвае яе з картай, закладзенай у бартовы кампутар. Галаўная частка ракеты ляціць на вышыні 50 км са звышгукавой хуткасьцю і манэўрамі. Боегалоўка пакрыта рэчывам стэлс. Ніводная зь існуючых у сьвеце ракетаў ня можа зьбіць Іскандэр. А яна можа зьбіць аб'ект нават у бязьмесячную ноч, нават рухаючыся з пагрэшнасьцю 2 мэтры. Яшчэ адна ракета, мазгі якой патрабуюць лічбавых картаў, крылатая ракета Х-65, (няядзерная мадыфікацыя Х-55). Яе пускаюць і з самалётаў стратэгічнай авіяцыі, і з зьнішчальнікаў-бамбавікоў. Хуткасьць палёту 840 км у гадзіну. Дальнасьць стральбы 500-600 км.

У Беларусі створана Аўтаматызаваная картаграфічная сыстэма стварэньня, узнаўленьня, захаваньня й выдачы ў лічбавым і графічным выглядзе мапаў і плянаў. Зараз зьявіцца спадарожнік. І расейскія вайскоўцы завершаць праграмаваньне незьнішчальных ракет на аб'екты Эўразьвязу.

Вось пра гэты бок інтэграцыі Лукашэнка нават намёкаў не зрабіў – хавае вайсковую тайну Саюза.

Уладзімер Падгол