• У Лукашэнкі з Пуціным усё цудоўна
  • 13.08.2005
Амаль месяц палітычны бамонд Беларусі сочыць за расейска-беларускімі стасункамі на вышэйшым узроўні. Пасьля сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам прэзыдэнты не далі прэсавай канфэрэнцыі і толькі праз тыдзень Лукашэнка сам распавёў на ўсю рэспубліку, што з Пуціным у яго ўсё цудоўна.

Заставаліся пытаньні па непрыезду амбасадара Расеі Аяцкава. Лукашэнка па гаспадарску патлумачыў, што прызначыў камісію, каб тая разабралася зь інтэрвію Пуцінскага пасланьніка наконт таго, што “Лукашэнку цяжка зламаць”, але ўрэшце той сам мусіць знаць сваё месца ў расейска-беларускіх стасунках.

Аналітыкі пачалі выказваць меркаваньні, што Лукашэнка ня пусьціць Аяцкава ў Беларусь, ці той сам не прыедзе, і сапраўды ўжо некалькі разоў пасьля паведамленьня расейскай амбасады ў Менску аб прыезьдзе Аяцкава журналісты, прыйшоўшы на вакзал, не змаглі сустрэць нават прывід Аяцкава.

І раптам інфармацыйнае агенцтва Росбалт паведаміла пра выказваньні расейскага МЗС на гэты конт. Газэта “Народная воля” за 4 жніўня прывяла выказваньні Дэпартамэнту інфармацыі й друку МЗС Расеі, што непрыезд Аяцкава не зьвязаны зь яго выказваньнямі ў Саратаве й рэакцыямі на іх беларускага боку.

“Размова ідзе аб неабходнасьці дадатковай паглыбленай перапрацоўкі шэрагу актуальных пытаньняў, якія вызначаюць сёньня цякучыя й пэрспэктыўныя задачы саюзнага будаўніцтва, і ў цэлым інтэграцыйнага супрацоўніцтва паміж дзьвюмя нашымі краінамі”.

Такім чынам Лукашэнка на сваё “разбярэмся з Аяцкавым, пушчаць ці не”, атрымаў расейскае “без цябе разбярэмся”.

Гэта пацьвердзіў генэральны дырэктар Рады па нацыянальнай стратэгіі Валеры Хамякоў:
“Аяцкаў выказаў афіцыўную пазыцыю Крамля. Трэба ня ставіць пытаньня, а размаўляць аб інтэграцыі Расеі й Беларусі. Беларускаму МЗС трэба больш спакоўна адносіцца да выказваньняў расейскага амбасадара.

Аяцкаў не экстравагантны, ён дзяржыўны чалавек і цудоўны апаратчык, які адлюстроўвае пэўны настрой у расейскай уладзе”.

І сапраўды, уявіце сытуацыю, калі Лукашэнка аддаў загад не пушчаць амбасадара Расеі, якога накіраваў Пуцін?!

Праява новай напружанасьці паміж Лукашэнкам і слугой Пуціна ды яго МЗСам адразу высьвяціла напружанасьць паміж лідэрамі грамадзкай незалежніцкай думкі на Беларусі.
Так газэта "Наша Ніва" за 29 ліпеня надрукавала артыкул прафэсара Хадыкі, які сьцьвярджае, што “Лукашэнка мусіць ведаць, што атрымае падтрымку апазыцыі, калі рубам будзе пастаўлена пытаньне аб сувэрэнітэце краіны. Таксама й народ мусіць ведаць, што ўсе цяжкасьці можна пераадолець, калі будзе нацыянальнае адзінства”. А яно, па словах Хадыкі, мажліва пры згуртаваньні абароны сувэрэнітэту.

А Сяргей Навумчык, сябра апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце 12 скліканьня ў газэце “Народная воля”, палемізуючы з АГП і іншымі палітолягамі, якія сьцьвярджаюць пра незалежніцкі мэнталітэт Лукашэнкі, прыводзіць факты, што сьведчаць пра абсалютную адсутнасьць у Лукашэнкі памкненьняў бараніць сувэрэнітэт.

Як мы памятаем, нядаўна Лукашэнка на ўсю рэспубліку заявіў, што сувэрэнітэт – гэта сьвятое, і гандляваць ім недапушчальна.

Хто мае рацыю, хутка пакажа час.

Уладзімер Падгол