• Прэзыдэнцкія прапагандысты
  • 20.08.2005
Кожны раз, слухаючы прэзыдэнцкіх прапагандыстаў па тэлевізары, я думаю, ці ёсьць нешта такое, што яны ня змогуць перафарбаваць словамі.

Вось некалькі апошніх прыкладаў. Практычна кожны дзень дзяржаўныя СМІ выпінаюцца, каб даказаць усім, што на Беларусі ўсе нацыі й народнасьці пачуваюцца роўна, шчасьліва й годна. Гэта, з аднаго боку, працяг ідэялягічнай вайны з дэмакратычна абраным кіраўніцтвам Саюза палякаў і тымі, хто яго абіраў. З другога боку, запэўніваньне выбаршчыкаў у пераканаўчай перамозе прэзыдэнта ў бітве за роўнасьць народаў і нацыяў.

І вось на гэтым тыдні ў цэнтры Менска помнік габрэям, забітым гітлераўцамі ў менскім гета ў 1942 годзе быў апаганены. Помнік ЯМА быў абліты чалавечым гаўном. Ад помніка адбілі кавалак мармуру. Кіраўнік беларускіх габрэяў архітэктар Левін падаў заяву ў пракуратуру. Нехта можа падумаць: “Выпадковае супадзеньне”. Такім нагадаю, што ў 2003 годзе на помніку ЯМА белай алейнай фарбай намалявалі свастыку, напісалі “Халакост-2003” і “Бі жыдоў”.

У 1996 годзе ў Гародні мне давялося быць сьведкам змаганьня на сьценах горада двух сымбаляў. Там, дзе на сьценах былі намаляваныя свастыкі, насупраць патрыёты бацькаўшчыны пісалі лёзунгі “Наш дом – Беларусь”. Празь некалькі хвілін да месца прыяжджала брыгада з маляроў і міліцыянтаў. Маляры заціралі наш дом, а міліцыянты шукалі будаўнікоў беларускага дома. А вось свастыка працягвала вісець яшчэ некалькі год! Някранутая!

Да гэтага часу на Беларусі не асуджаны ніводзін нэанацыст, ніводзін антысэміт за прапаганду, распальваньне нацыянальнай варожасьці. Ніводзін. Можа спэцслужбы слабыя? Не! Прапаганда цьвердзіць, што беларускія спэцслужбы самыя лепшыя ў сьвеце. Што ніводзін апазыцыянер не застаўся непакараным за тое, што, як кіраўнікі Саюза палякаў, сабраліся разам, каб абмеркаваць свае праблемы. Дарэчы, называючы Польшчу па беларускім тэлебачаньні прастытуткай, а польскі народ нейкім недарэчным, лукашэнкаўскія прапагандысты сьвядома ідуць на парушэньне закона аб распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. І ні аб якім судовым пакараньні, ці пракурорскім папярэджаньні ня ідзе размова. Палітыка мэтанакіраваная.

Навошта? У чацьвер я зноў атрымаў пацьверджаньне, што калякрамлёўскія эліты ўсур’ёз разглядаюць варыянт разьвязваньня на Беларусі вайсковага канфлікту з боку НАТА. 19 жніўня ў Менску адзначаў сваё 71-годзьдзе дырэктар Інстытуту філязафіі Расейскай Акадэміі Навук, акадэмік расейскай акадэміі й беларускай акадэміі Вячэслаў Сцёпін. Ён у Менску калісьці загадваў катэдрай філязофіі й быў маім навуковым кіраўніком. Зараз гэта філёзаф №1 у Расеі. Дык ён расказаў, што каля Пуціна ўсур’ёз хвалююцца спробамі НАТА адхіліць Лукашэнку, увёўшы войскі ў Беларусь па мадэлі Косава, для абароны польскай меньшасьці. І яшчэ расейцы лічаць, што ў кіраўніцтве Польшы ўсур'ёз разглядаюцца варыянты пашырэньня Польшы за кошт заходніх раёнаў Беларусі. Больш таго, разглядаецца варыянт, калі падчас увядзеньня войскаў НАТА, падчас страляніны й бамбаваньня адна з ракетаў трапіць у Лукашэнку...

Лукашэнку існаваньне ў галовах расейцаў гэтых сцэнароў вельмі выгодна, бо, калі тыя вераць, тады й яго будуць трымаць да апошняга.

А расейцы гэтымі страшылкамі спадзяюцца як мага далей зацягнуць Лукашэнку ў Саюз.
Апошняя канфідэцыйная мадэль кіраўніцтва Саюза Расеі-Беларусі выглядае так: Пуцін прэзыдэнт Саюза. Лукашэнка віцэ-прэзыдэнт. Лукашэнка ўзначальвае выканаўчую ўладу ў Беларусі, будучы прызначаным Пуціным. На маё пытаньне, а што будзе, калі Пуцін не прызначыць на чарговы тэрмін Лукашэнку кірваваць Беларусьсю? Лідэр расейскай думкі адзначыў. Лукашэнку будзе прапанавана некалькі іншых высокіх пасадаў.

А беларускі прэзыдэнт тым часам вядзе перадвыбарчую кампанію, выступаючы ў розных ролях. У бітве за ўраджай ён паспрабаваў мабілізаваць нават чалавечыя пачуцьці. Цытую Лукашэнку пасьля ўрагану:

“Я ноч ня спаў. Баяўся ў вакно зірнуць. Думаў, дзе грошы ўзяць, каб хлеб купіць. Але нічога страшнага. Зьбярэм ураджай. Плакаць, а тым больш стагнаць забараняецца.”

Гэты загад тычыцца прадстаўнікоў усіх народаў і нацыянальнасьцяў на Беларусі. А вы, паважаныя радыёслухачы - беларусы Польшы, покуль можаце распараджацца сваімі пачуцьцямі самастойна. З чым вас і віншую.

І яшчэ пра адну бітву. Кожны дзень нашы людзі чуюць са СМІ пра пляны літоўцаў пабудаваць могільнік радыяцыйных адходаў каля мяжы краіны ля Браслаўскіх азёраў. Зьявіліся зьвесткі пра такія ж пляны адносна Чарнобыльскай АЭС.

А газэта "Савецкая Беларусія" расказала, як яе журналістка купіла каля станцыі мэтро Пралетарская ў цэнтры Менска суніцы, аддала на праверку й аказалася, што ўзровень радыяцыі там вышэй нормы ў тры разы. Суніцы былі сабраныя пад Барысавам. Гэта ад Менска ў бок Масквы 80 км.

Такім чынам у Чарнобыльскай зоне жыве 2 млн. чалавек, якія ядуць радыяцыйнае харчаваньне, і нават цэнтар краіны забруджаны. І ніхто з лукашэнкаўскіх прапагандыстаў ні слова пра той жах ня кажа. І вось на волю выйшаў прафэсар Бандажэўскі, які даў інтэрвію газэце “Камсамолськая праўда”. Ён прывёў лічбы ўплыву малых доз радыяцыі на людзей: вось вынікі ўскрыцьця 285 нябожчыкаў: у сярэднім было знойдзена 100 бекерэлей на 1. кг вагі. У сэрцы 1000, у нырках 3000. Калі хамякам увялі 100 бекерэлей, 59% нарадзіліся ўродамі.

Кожны год у Беларусі нараджаецца 2000 дзетак з генэтычнымі захворваньнямі. У Гомелі Бандажэўскі дасьледваў дзяўчатак падлеткаў. Практычна ва ўсіх жаноцкія палавыя клеткі выціснуты мужчынскімі.

Бітву за радыяцыйна чыстае харчаваньне Лукашэнка не абвяшчае. Больш таго, з помпай паведамляецца пра амаль 1 мільён тон збожжа, сабранага сёлета на Гомельшчыне.
Спадзяюся, беларусам Польшы ня трапіць унікальны беларускі каравай: спечаны зь зерня і цэзія, каравай, які апраменены агнем і які праменіць сьмерцяносныя атамы.

"Камсамольская праўда" расказала, як у Гомлі скаціне скармілі 2 тоны гуманітарнай дапамогі зь Італіі. А яшчэ дзясяткі тон працягваюць гніць, покуль іх ужо некалькі месяцаў даафармляюць італьянцы. Яны даслалі харчаваьне на школы, указаўшы прозьвішчы. А па нашых законах, мусілі напісаць адрасы. Таму й гнаіць таможня італьянскі харч. Хай лепей радыяцыйны прэзыдэнцкі каравай дзеткі ядуць. Такая ідэалёгія беларускіх уладаў. Усе пароўну ядуць - усе нацыі й народнасьці.

Уладзімер Падгол