• Дзіўныя мэнталітэты
  • 27.08.2005
Каб чалавеку зразумець менталітэт Лукашэнкі, які амаль нічога ня ведае пра Беларусь, дастаткова даведацца пра яго выказваньне з нагоды мажлівых плянаў Літвы будаўніцтва могільніка атамных адходаў на мяжы зь Беларусьсю.

Па чутках, радыяцыйны могільнік могуць пабудаваць каля Браслаўскіх азёраў. Дык вось "Камсамольская праўда" за 25 жніўня прыводзіць яго распараджэньне ўзьвесьці два комплекса для парсюкоў на 200 000 рыл, дакладней на 200 00 срак кожны. І калі што, дярмо паплыве па Нёману ў Літву.

Нічога страшнага, што парсючковыя адкіды трапяць і ў Браслаўскія азёры...

Каб зразумець мэнталітэт дзяржчыноўнікаў, дастаткова ведаць лёс бібліятэкі ліцэя Я.Коласа. Некалькі год кнігі не давалі крануць дырэктару зачыненага ў 2003-м годзе ліцэя й настаўнікам. І вось - як паведаміла тая ж газэта за 26 жніўня - рабочыя, што вядуць рамонт будынка былога ліцэя, выкінулі кніжкі на вуліцу й мерыліся вывезьці іх на сьметнік разам зь бітаю цэглаю й іншым сьмецьцем. Чытач газэты пазваніў і дырэктар Уладзімер Колас разам з карэспандэнтам загрузілі кніжкі з асфальту ў машыну й выратавалі. Сярод кандыдатаў на сьметнік былі беларускамоўныя дапаможнікі па геаграфіі, біялёгіі, мастацтву. Унікальныя пераклады Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, зробленыя выкладчыкамі ліцэя.

Каб зразумець сёньняшні мэнталітэт беларусаў, трэба даведацца пра пагібель на будаўніцтве нацыянальнай бібліятэкі маладога хлопца, які ня меў кваліфікацыяў. Яму падчас дажджу даручылі перанесьці высакавольтны дрот. Узяў і памер ад удару току. Ніхто не абурыўся. Будоўля працягваецца ўдарнымі тэмпамі.

А вось расказ той жа камсамолкі за 26 жніўня пра ўдарніка лукашэнкаўскай працы, камбайнёра Віктара зь вёскі Комсенічы на Магілёўшчыне. Ён з году ў год выйграваў спаборніцтвы ў бітвах за ўраджай. На дажынках атрымаў ад прэзыдэнта матацыкл Мінск. У мясцовай газэце мусіў выйсьці пра яго - зноў перадавіка - хвалебны артыкул. На радасьцях ён выпіў аж дзьве бутэлькі гарэлкі. Памчаў па цэнтарльнай вуліцы вёскі з хуткасьцю 80 км у гадзіну на старэнькім фольксвагене й зьбіў на сьмерць трох дзетак 6, 9, 11 год самых малодшых у шматдзетнай сям'і.

Пра мэнталітэт лідэраў апазыцыі. На гэтым тыдні ў мяне адбылося шмат сустрэчаў з замежнікамі. Усе задавалі пытаньне: “Што робяць лідэры апазыцыі, каб заваяваць давер выбаршчыкаў?

Нічога – адказваю, а сам прыгадваю размову з Мілінкевічам увесну, які можа стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі супроць Лукашэнкі. Ён распавядаў мне, што калі стане, дык распачне кампанію па збору подпісаў для правядзеньня рэфэрэндуму аб адмене, ці зьменах у кантрактнай сыстэме. І вось 23 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памякчэньні кантрактнай сыстэмы. Газэта “Наша Ніва” падала гэтую навіну пад загалоўкам “Перамога апазыцыі”. І што цікава, ніводзін выбаршчык ня ведае, што апазыцыя вяла нейкую бітву супроць кантрактнай сыстэмы, і тым больш, што менавіта яна яе выйграла. Зноў выйграў Лукашэнка, крыху ўмацаваўшы свой рэйтынг абаронцы працоўных.

І зноў да мэнталітэту гэтага кіраўніка. На гэтым тыдні КДБ і міліцыянты арыштавалі ў Менску двух актывістаў грузінскай Кмары, што ладзіла ў Грузіі рэвалюцыю ружаў. А тут у Менску яны праводзілі сэмінары па падрыхтоўцы беларускай рэвалюцыі. Па тэлебачаньні з нагоды арышту рэвалюцыянераў прадстаўнік абласнога КДБ даў інтэрвію, дзе патлымачыў, што грузіны вучылі беларусаў клеіць улёткі на слупы, сьцены, платы. Калі пачуў пра гэткую навуку, дых сьмеху мая душа ня выціснула. Бо арыштоўваць, а такое могуць толькі вар’яты, што зьбеглі з псыхічнай лякарні. Тым больш, што падчас шмалікіх камэнтароў прэзыдэнцкіх прапагандыстаў з нагоды арышту не гучала ніводнага артыкулу Крымінальнага кодэкса. Што хлопцы парушылі? Напалохалі прэзыдэнта водарам грузінскіх ружаў?

21 жніўня напалоханыя слугі прэзыдэнта – міліцыянты заблякавалі дом у Ельску на Гомельшчыне, дзе плянаваўся сход па вылучэньні кандыдата на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Адключылі тэлефон. Спынялі ўсіх, хто крочыў да дома. На тры гадзіны затрымалі кіроўцу мікрааўтобуса, які прывёз на сход рэгіянальных каардынатараў. Затрымалі саміх каардынатараў і праверылі пашпарты. Калі яны тэрарысты й рыхтавалі тэракт, тады арыштоўвайце, прад’яўляйце абвінавачваньні... Дык слугі ад прэзыдэнта заразіліся страхам голых далоняў, якія на Кангрэсес дэмакратычных сілаў уздымуцца ўгору й абяруць адзінага кандыдата ад апазыцыі. Відаць, нэрвы кіраўніка Беларусі на мяжы нармальнага існаваньня, што за намер людзей выбіраць, галасаваць на іх нацкоўваюць міліцыянтаў.
Трываласьць такой сыстэмы хісткая. Трэба толькі штурхнуць. Але лідэры покуль спакваля штурхаюць адзін аднаго.

Уладзімер Падгол